— З гэтага выснаў, - зноў пачаў, ходзячы паволi, настаўнiк, — што нам трэба за сваiх, значыцца адзiн за аднаго пастаяць, падтрымаць адзiн другога, самiм сабе памагаць. Параўнайце сытуацыю да пажару вялiкае вёскi, дый не абавязкова ў ветраны дзень. Калi адна хата загарыцца, усё, што жывое, сьпяшыць тушыць яе. Тут дзеiць можа ня так звычайная людзкая даброць, як патрэба самазахаваньня. Практычна й проста справа зводзiцца да таго, што калi вяскоўцы не патушаць агня, што жарэ тую першую хату, дык ён зь ветрам цi безь яго можа перакiнуцца на далейшыя гасподы цi будынкi й зглумiць усю вёску. Зразумела? Гарыць маё, а ты будзеш разiнькай цi зь iншых прычынаў не паможаш тушыць, дык можа й тваё згарэць. Выбару тут няма.
— Гэтаксама i зь цяперашнiм вялiкiм сусьветным пажарам. Ужо ясна, што гарыць наша бацькаўшчына, наша адвечнае дабро й багацтва й калi нам нiчiога не рабiць, стаяць рукi апусьцiўшы, дык агонь можа выкацiць вялiкiя полацi нашых нiваў, загубiць людзей нашых. Вось чаму трэба вам як мага шпарчэй самiх сябе пазнаць, значыцца добра гiсторыю народу свайго вывучыць, а там ключ знойдзеце, як дзьверы ў свой, у новы сьвет адчынiць… Тады, каб жыць i выжыць, змагацца й перамагчы, супольна й дружна за свае iнтарэсы, за волю дарагое бацькаўшчыны Беларусi станеце!
Януку здавалася, што гэтага чалавека можна было-б слухаць без канца. Прыгожая, багатая, лёгкая мова роўным патокам, без найменшых намаганьняў бурлiла. Гэтак гаварыў пястун, руплiвы гаспадар, што кажнае слова цанiў-узважаў i ашчадна, як грошы выдаваў. А якiя важныя, заўсёды абаснаваныя, закругленыя й падсумаваныя думкi! Так мог гаварыць чалавек, што палка, усiм сэрцам, бязь нiякiх засьцярогаў свой народ любiў.
Пра гэта ўсё, што зь вялiкай мастацкай сiлай у ягонае ўяўленьне ўляглося, думаў цяпер, па дарозе са школы, Янук. Побач крочыў маўклiвы й журботны Ўладзiмер.
— Цi табе падабалася лекцыя гiсторыi? — спытаў Янук.
Уладзiмер маўчаў.
— Чуеш, што кажу?
— Чую.
— Ну дык?
— Пусьцяк, — буркнуў двуродны брацiшка.
— Гэта значыць што такое пусьцяк?
— Да нiчаво…
Янук, зьдзiўлены, доўга i ўважна глядзеў на свайго нядаўна прыдбанага сваяка. Праходзiлi перад будынкам, дзе лянiва ў вялым васеньнiм ветрыку, на машце перад уваходам трапятаўся чырвоны сьцяг зь вялiкай чорнай, на белым крузе, свастыкай пасярэдзiне. Калiшняе «ортскоммандатур» на дошцы перад сiняй, аблезлай з хварбы, брамай замянiла цяпер «ортсполiцай». У гэтым будынку iз тэй прыбудоўкай ззаду, дзе Адась Вадзiмскi зь вялiкай насалодай адбiваў Пракопу Бахмачу нутро, некалi мясьцiлася польская палiцыя. Ужо ўвайшло ў звычай, што мясцовыя людзi, а ў iх лiку i Янук, калi трэба было мiнуць будынак, дык на другi бок вулiцы пераходзiлi. — Далей ад чарцей, каб яны галовы скруцiлi! — казаў каторы селянiн, адчуўшы бiзун акупанта. Пра гэтых найнавейшых «чарцей», што прыйшлi на зьмену вайсковай камандзе нямецкага гарнiзону, яшчэ мала вядома было. Насiлi яны вопратку бледна-зялёнага колеру. «Ортсполiцай» на дошцы нешта-ж выясьнiла. Нехта, — а было-ж навокал шмат розных «дойчаў», як грыбоў пасьля дажджу ў лесе, ператлумачыў, што гэта — метсчковая палiцыя, пасьля яшчэ нехта далажыў «эсдэ». А апошнiм часам нарадзiлiся весткi, быццам нямецкiя ўлады арганiзуюць палiцыю зь мясцовых людзей.
Калi-б Янук сваiм уяўленьнем ня прысутнiчаў на гэнай надзвычайнай лекцыi гiсторыка Сабалеўскага, пэўне-ж пастараўся-б перад палiцыйным будынкам на другi бок вулiцы перайсьцi. Побач крочыў маўклiвы, пануры Ўладзiмер. Задуманаму юнаку, як праз туман, прадставiлiся воддаль ад брамы, перад галоўнымi прачыненымi дзьвярмi будынку дзьве постацi — адна ў шэра-мышыным колеры, iншая ў чорным. I можа-б далей ня ўзяў Янук iх на ўвагу, калi-б ня згадка. Адзiн мiг… Перад занятым глыбокiмi думкамi падарожнiкам у натоўпе цi на дарозе мiльгне сiлуэт… Кароткi момант, дроб часiны. Але памяць, упартая i як-жа часта ненадзейная, здаецца незалежна ад цябе, стараецца на гэтым дробе-макулiнцы цэласьць пабудаваць. Фiгура ў чорным, каржакаватая, зь пiлёткай набок на галаве, рыжымi валасамi, малой гарбiнкай на носе, гаварыла нешта чалавеку ў зялёным мундзiры. Правая рука ў кiшэнi, а левая разложанымi пальцамi нешта падчыркiвала энэргiчным рухам.
Янук раптам спынiўся. Людзi ў мундзiрах стаялi крокаў дваццаць воддаль, бокам да хлапцоў.
— Ты чаго? — спытаў просты Ўладзiмераў голас.
у гэны момант чалавек у чорным зiрнуў у гэты бок. Рудыя, калючыя, няпрыязныя вочы. Янук пазнаў яго. Не, сумлеву не магло быць. Аслаблi ногi. Мурашкi ў панiцы пабеглi па целе… Сустрэча вачэй трывала часiнаў пяць. Янук схапiў Уладзiмера за руку.
Читать дальше