Пасля абеду сонца пайшло спускацца. Вербы ўжо не даюць цень машынам, і два шафёры, што нараўне з усімі махалі косамі, пайшлі ў каторы раз заводзіць маторы і шукаць новага ценю.
Расы няма ў паміне, трава цяжкая, шорсткая, косы слізгаюць па ёй, а дзе проста шоргаюць, як па дроце. Усё часцей перакуры. Усё большае патрэба прамачыць вадой горла і заадно лішні раз паглядзець на сонца, якое з чырвонага робіцца малінавым, мяккім; промні не свецяць, а сцелюцца. Вось палавіна яго ўжо схавалася за дубы з буслянкамі. Яшчэ трохі — і зусім знікла. Цені ад блізкага хмызняку, ад дубоў ляглі на луг.
Людзі збіраліся да сваіх шалашыкаў. А тры касы ўсё яшчэ пасвіствалі: Кулініч, Пятро і Грыгор заканчвалі дзедаву долю.
Які доўгі быў дзень!..
Каля вогнішча ў Кулініча на юшку і на чарку сабралася цэлая кампанія. Толькі Пятро Кветка адмахнуўся: «Мне з вашай кроплі толькі рот памачыць, а крыку ад маёй будзе…» Там у яго свой агеньчык, і Валя топчацца.
Юшку ядуць з аднаго вядра, сагнутымі ў кручок алюміневымі лыжкамі. Чуюцца толькі мірныя гукі сёрбання, абсмоктвання костак і пляскат далоні то ў лоб, то па плячы, то па карку. Камар’ё! Дзед зварыў без бульбы, затое цыбулі, лісту, перцу і солі напёр. Але юшку ж нічым не сапсуеш, рыба ўсё лішняе ўбярэ.
Грыгору дасталася, ці сам ад сціпласці знарок выбраў, шчупаковая галава — зубатая, як акула, з цвёрдымі жабернымі пласцінамі. Ён яе старанна, па костачцы разбірае, і калі агонь у кастрышчы ўспыхвае весялей, відаць на яго безыменным пальцы сціплую татуіроўку: маленькі, расплывісты, быццам шарыкавай ручкай намаляваны, крыжык. Выпіць яму не налілі, проста забылі, а ён, канечне, змоўчаў. Увогуле, Грыгора не заўважаюць, не звяртаюцца, не гавораць з ім, як бы і няма яго.
Паеў трошкі, голад спатоліў і маўчком падаўся да свайго шалашыка. Хоць бы хто паклікаў яго, папрасіў застацца. Так і ляжыць недзе адзін, у цемры, з камарамі, забыты-пакінуты…
Махновачка, якая да таго часу пакарміла і ўкалыхала сына, неўпрыкмет узяла недапітую бутэльку, пайшла туды.
— На, каўтні, сыночак, хай і табе пашчаслівее… Не глядзі на іх, не слухай, хай сабе брэшуць, а ты жыві, такі малады…
Ноч, зоры, цёплая зямля…
Па ўсім лузе рассыпаліся чырвоныя кропкі вогнішчаў. Чуваць, як унізе вада ласціцца аб бераг. Тонка, соладка пахне прывяленая, а к ночы зноў акрыялая трава. Шыпіць сала, капае з яго і патрэсквае тлушч на вуголлі.
Размякчэлыя ад спіртнога, ад такой прыгожай ночы, людзі адчувалі кожны адно і тое ж — паўнату жыцця, якога так многа вакол, якое і ў стракатанні конікаў, і ў гэтай цыбуліне, у хрумсце, з якім яе грызуць, і ў тым, як чарка перадаецца з рук у рукі, і ў вогнішчы, якое гарыць сабе, падымаецца дымок над ім, а полымя кідае водбліскі на твары і выхоплівае з цемры няроўны круг пакошы.
Гавораць яны пра ўсё на свеце.
— Ён быў чалавек сільны, — расказвае Кулініч пра кагосьці са свайго лясніцтва. — Звалі яго Васіль. Паехаў на север.
Кулініч, калі вып’е, гаворыць кароткімі сказамі і праз сціснутыя шчэлепы, таму чуецца: сыльны, Васыль, сэвэр.
— Паступіў на лесасплаў. Там яго білі. Парвалі лёгкае. Захварэў, работац не мог. Лёг памірац. Далі групу.
І ўсім шкада стала таго незадачлівага Васіля, якога і ў вочы ніколі не бачылі. Нехта ўспомніў ранішнюю бабулю з кароваю. Дзе яна цяпер, у цемры, хай бы падыйшла да людзей, пагрэлася, павячэрала… І як гэта карова, нібы кот ці сабака, умее адшукваць травы, якія лечаць?
— Чалавека прыпячэ — ён знойдзе, а то карова…
— Свет вялікі, усяго бывае…
Паглядзелі на цёмную пляму Грыгоравага шалашыка. Панізілі галасы. Выпілі яшчэ. Загаварылі пра космас, што вось зляталі туды, а Бога не знайшлі. І хоць усе адзінадушна, нават стары Мікалай Мірон, сышліся на тым, што Бога, канечне, няма, але нешта ўсё-такі ёсць. І трэба было б паслухацца парады старых мудрых людзей і апоўначы ўбіць у магілу Ігната-ведзьмака асінавы кол, бо не паспеў ён памерці, як пачаліся адна за адной сухія навальніцы; без дажджу, без хмар, сярод яснага дня маланкі лупілі ў што папала, і гэта вялікае цуда, што ацалела вёска; праўда, пастуха Козю на полі гром забіў, згарэў нашчэнт, толькі абвугленая галавешка ў труне ляжала.
— Не, Бог не Бог, а нешта ёсць…
— А што, хіба няма таго, што пужае ?
Словам пужае завецца ўсё неверагоднае, містычнае, невытлумачальнае. Найчасцей яно існуе чамусьці ў выглядзе вогненнага шара памерам з футбольны мяч. У кожнага ёсць у запасе гісторыя.
Читать дальше