І ўжо з ім, з Яго Вялікасцю белым, ці — проста Грыбам, насіліся па поўнай праграме. Яно і зразумела — то была асноўная, калі не адзіная крыніца даходу вяскоўца ў савецка-калгасныя часы.
Пачаць з таго, што адзін ён — Грыб, а ўсе астатнія (у тым ліку і непараўнальная рудоўка-рыжык) проста «казлякі». Сам жа цар грыбоў меў даволі шырокі падзел:
у залежнасці ад месца вырасту — пясчанік, мучковік, травяны, «аддзельны» (пад адзінокімі дрэвамі), параслёвік, верасовік, берозавік, паддубнік…
у залежнасці ад узросту і энергетычнай каштоўнасці — белы і жоўты, ён жа «баршчовік», ён жа перастарак;
у залежнасці ад пары года — каласавік, летні, восеньскі;
у залежнасці ад «таварнага знаку» (калі рыхтуецца на продаж) — цяжкі і лёгкі…
І г. д. і да т. п. Кожны грыб кваліфікаваўся, сарціраваўся, пра кожны трэба ведаць, на што яго лепей пусціць. Каласовік, напрыклад, грыб ненадзейны, слабы — значыць, высушыць і пакінуць сабе… Беразовік — выдатны, духмяны, але лёгкі, таксама нявыгадны для продажу… А вось параслёвік (вельмі прыгожы, з чорна-вішнёвай галавою; растуць у старым хвойніку у зялёным вільготным мосе або на палянах з сівым лішайнікам) хай не такі пахучы, затое чысьценькі, цяжкі і такога на базары, ды яшчэ ўзімку, адарвуць з рукамі…
Сушыць таксама іх будзеш па-рознаму. Таму ж параслёвіку больш жару падкінуць, а, скажам, верасовік чуць паляжаў — і ўжо сухі, як порах… Увогуле, працэс сушкі па ўрачыстасці можна параўнаць хіба што з выпечкай хлеба. У нас так і казалі — «пасадзіць» грыбы, у сэнсе, пакласці іх у печ. Беднай кабеціне трэба было ўспароцца сярэдначы, запаліць у печы, пакуль тая выгарыць, самой досвіткам збегаць у лес, вярнуцца раней за астатніх, згатаваць сняданак, падрыхтаваць чарэн — г. зн., падмесці яго чысценька, пакрапіць (так!) свежай халоднай вадою, падаслаць саломкі, ды не абы-якой, не аўсянай — зь лепшага жытняга акалотка, пакласці навідавоку нізкі…
У гэтым месцы іншы чытач можа спыніцца і з доляю прыкрасці падумаць: «Вось ізноў! Якія яшчэ нізкі, што за нізкі? У нас не так завуць!» І праўда, па сабе заўважаў — ёсць нейкае, мякка кажучы, непрыняцце, калі чужыя звычкі, дыялектныя словы, рэгіянальныя паводзіны навязваюцца як нешта бясспрэчнае, «вось толькі так, і не інакш!»
З такім жа пачуццём непрыняцьця прачытаў і я наступныя радкі Салавухіна:
«Белыя грыбы сушаць па-асабліваму. Не на жалезных лістах, не на бляхах, але нанізанымі на нітку. Раней іх нанізвалі на тонкія лучынкі, а лучынкі гэтыя ніжнімі парожнімі канцамі апускалі ў гаршчок, накшталт таго як кветкі ставяць у вазу. Такім чынам, з гаршка тырчэлі пучком лучынкі з нанізанымі грыбамі… Усё гэтае прыстасаванне ставілі ў печ, у якой ужо не горача, але і не холадна. Гаспадыня ведала, калі паставіць».
Я не маю права не верыць выдатнаму пісьменніку. І разам з тым уяўленне адмаўляецца маляваць прыведзены вышэй варыянт. Па-першае, чаму нельга сушыць грыбы на засланай саломкаю блясе? На чым тады? На чым сушыць вялікія жоўтыя грыбы, абабкі, старыя асінавікі, у якіх дыяметр шапкі з добрую патэльню? Як гэта — сушыць «нанізанымі на нітку»? Да чаго там, у печы, гэтыя ніткі прывязваць? І што такое лучынка, ды яшчэ тонкая, ды яшчэ ніжнія канцы якой — парожнія? А яна, канечне, тонкая, прыкладна, як вязальная спіца, бо інакш пасколюцца грыбы. І многа насадзіш на такую спіцу грыбоў? Тры-чатыры ад сілы. Калі ж дапусціць, што гэта якіясь доўгія, звыштрывалыя лучыніны, дык як такую канструкцыю вертыкальна ўпіхнуць у печ? Ды і абернуць яны гаршчок, калі будуць доўгія…
Я да таго гэта, што чым кепскі наш палескі варыянт сушкі — нізкамі? Нізкі — гэта пасечаны на кавалкі ад паўметра да метра даўжынёй сталёвы дрот. Старыя, вялікія грыбы, як ўжо казалася, на бляху, маладыя — па росту, ад большага да меншага панізаць на гэты дрот… І ніякай «вертыкалі» — проста кладзі іх на акропленую вадою салому. Калі грыбы высахнуць, у іх ужо будуць гатовыя дзірачкі, неабходныя для іголкі з суровай ніткаю…
Але вось наступны салавухінскі пасаж. Разумеючы пэўную мастакоўскую перабольшанасць, тым не менш тут я цалкам з пісьменьнікам згодны і шкадую, што не я гэта напісаў:
«На кожным базары можна ўбачыць гандлярак сухімі белымі грыбамі. Калі перакласці на вагу, дык сушаныя белыя грыбы атрымаюцца ў шмат разоў даражэйшыя і за мяса, і за рыбу, і за самую экзатычную садавіну, і за мёд, і за арэхі, і за ўсё харчы, бадай, нават даражэйшыя за чорную ікру, нягледзячы на тое, што яна цяпер у нас неверагодна дарагая».
Читать дальше