Не ведаю, які чытач я, але, прынамсі, калі прабягаю па дыяганалі тваю пісаніну — два-тры словы на сказ, мне хапае, каб ажыла ў памяці і тая сцежка праз грэчкавае пахкае поле, аблітае сонцам і акружанае звонам пчол і званочкамі жаўранкаў, і дарога лясная, па якой аднойчы вяртаўся ад цябе, ведучы ў руках «веласіпеду» — сяброўку, куды больш за цябе надзейную, і такое стаяла цямноцце, так нічога не было відаць, што ісці можна было толькі задраўшы галаву, пазіраючы ўверх, на прасвет паміж вершалінамі хвояў, які святлейшай палоскай абазначаў дарогу…
Каб у жыцці не заблукаць,
І з мэты каб не збіцца —
Глядзі не на разоры,
Лепш — на зоры!
Карацей, сваёй слабізной ты, сама не здагадваючыся, як на чароўных крылах пераносіш мяне ў маё лета, у маю маладосць, нарэшце — у маю краму, у нашу ніякую не цагляную, як у цябе, не двухпавярховую, а маленькую — на два вакны, старэнькую хатку, нешаляваную, з плямамі сівенькага лішайніку бярвеннямі, урослую ў зямлю ледзь не па вокны… Маленькая-маленькая, а ўсяго хапала, па што чалавек ішоў, тое і купляў… (Самарэдактура. Не без шкадавання выкідваю кавалак раздзела, каб паспець за табою; што ж ты там у той краме ўбачыла?)
«…Убачыла Валянціна ў коле сваіх сяброў за крайнім столікам. На століку — віно, цукеркі, фрукты… На Валянціне — адпрасаваныя штаны і беласнежная кашуля-апаш, з-пад якой выглядваў на смуглява-загарэлай грудзіне нейкі прыгожы медальён.
Убачыўшы дзяўчыну і адразу пазнаўшы яе, Валянцін перапыніў вясёлы смех. Хутка падняўся з месца, падыйшоў і, з галантным паклонам пацалаваўшы Ганне ручку, ветліва запрасіў яе скласці ім кампанію.
— Справа ў тым, — працягваў ён, — што ў адным сталічным папулярным часопісе з’явілася мая падборка паэзіі, за якую мне па пошце прыйшоў грашовы ганарар, і вось цяпер я адзначаю гэту падзею з блізкімі мне па духу таварышамі, сярод якіх, самі можаце пераканацца, на ганаровым месцы прысутнічае ваш брат Янка.
Усё гэта было прамоўлена вельмі добразычлівым тонам. Павагаўшыся, дзяўчына ў знак згоды кіўнула галавой. Падумаўшы, як добра, што яна адзелася ў святочныя строі адпаведна ўрачыстасці выпадку…»
На мне былі тыя самыя, што і ў клубе, любімыя старыя джынсы і тая ж клетчатая кашуля.
Што да цябе… «Адкрытая летняя сукенка» пры больш пільным разглядзе лёгка ператвараецца ў закасанае да каленяў трыко і адтапыраную на грудках, сінюю, з кароткімі рукавамі маечку, на шыі крыху расцягнутай, і таму ледзь не пры кожным тваім руху з-пад яе ў раёне пляча і ключыцы — з правага боку — выглядвала цнатлівая белата станіка…
Дарэмна ты так упарта і, на жаль, свядома выбіраеш падробку замест арыгінала. Табе ёсць чым ганарыцца, у цябе скарб, роўных якому няма: гэта маладосць, свежасць, здароўе, абаяльнасць — іх і выстаўляй на паказ, імі і карыстайся! Ну, навошта табе «бальныя туфлі на шпільках»? Калі твае босыя запыленыя ножкі, твае роўныя, зграбныя лытачкі — хай у драпінах, пісягах, у расчэсаных плямках камарыных укусаў, сваёй дарэчнасцю не саступаюць якім-небудзь (ты любіш аналогіі), ну, не ведаю, гогалеўска-»Оксаніным», абутым у абсыпаныя дыяментамі «черевічкі» з царыцынай нагі…
Далей па тэксце.
За адзіным у краме сталом мы не сядзелі, бо і не было на чым, а стаялі. Адна на ўсіх шклянка хадзіла па крузе. «Фрукты, віны і закускі» замяняліся ў нас дзвюма пляшкамі па нуль-сем «Агдама», івасінаю і паўбуханкаю хлеба, які ламалі і адшчыквалі пальцамі (нож цётка Валя не давала). Стол засланы быў газеткай — віноўніцай урачыстасці, раёнкай, у якой і быў змешчаны мой дэбют — селькораўскі допіс пра, дарэчы, той самы клуб, дзе мы з табою танцавалі.
«…Дыхтоўная будыніна з трывалага дрэва, на высокім старадаўнім падмурку выкарыстоўваецца безгаспадарліва, на вачах прыходзіць у заняпад, а калі падысці да справы з толкам (страчыў селькор) — у гэтым гмаху можна было б адчыніць медпункт, бібліятэку, гурткі «па інтарэсах», паказваць кіно, ладзіць дыскатэкі, бо моладзі, асабліва ў летні час, няма чым заняцца…»
Цяпер думаю: а не дай Бог узялі б ды паслухаліся? Ды па «слядах публікацыі» адрэагавалі на сігнал? Адкрылі б дыскатэку, на якую спаўзаліся б з усёй ваколіцы. І танцы да ўпаду, і буханне электроннай музыкі, і — «не будут больше надо мной смеяться из твоего подъезда пацаны»… А па вуліцы як было б прайсці? А духмяныя летнія ночы на дваіх куды б падзеліся? А цішыня? А нашая лавачка пад ліпаю? А пах яблыкаў у жніўні? Мне тая дыскатэка трэба была? Ці ўсяго толькі карцела ўбачыць сваё імя і прозвішча, набранае тыпаграфскім шрыфтам?..
Читать дальше