— Пачакай, — прытрымаў яго за руку Вінярскі. — Я доўга не буду. Можна тут… не скідаць куртку?
— Як хочаш. Табе ж горш— тут душна. А тое, што свіснуць могуць — дык гэта запраста…
У невялікай прадаўгаватай зале з маленькімі паўкруглымі акенцамі гарэла святло. Народу было шмат, некаторыя курылі, а гаварылі, здавалася, адразу ўсе, хто тут быў. Бялявы гаспадарскім вокам прабег па століках.
— Васіль! — пачуўся з кутка радасны, хрыплаваты голас. — Сюды!
З-за століка ў глухім кутку падняўся мужчына і шырока раскінуў рукі, нібы падрыхтаваўся для абдымкаў.
— А, Сымон, — сказаў бялявы, падышоў, але ў абдымкі не палез, проста падаў мужчыну руку.
Вінярскаму нічога не заставалася, як падысці і зрабіць тое ж самае. Мужчына, моцна сціскаючы яго пальцы, пільна і строга гледзячы яму прама ў вочы, робячы пасля кожнага слова паўзы, з паважнай урачыстасцю назваў сваё імя, імя па бацьку і прозвішча (Вінярскі запомніў толькі імя — Сымон; як і потым, згадваючы гэты дзіўны вечар, колькі ні сіліўся, так і не змог успомніць ні прозвішча, ні імя па бацьку гэтага чалавека).
Калі Вінярскі прамаўчаў, мужчына, усё не выпускаючы яго рукі, дадаў:
— Празаік, паэт, крытык. Магу эпіграмы і пародыі. Член Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь.
— Не хваліся, — сказаў бялявы, які стаяў побач і пералічваў грошы.
Не дачакаўшыся ад Вінярскага ніякай рэакцыі, мужчына выпусціў яго змакрэлую далонь, сеў за столік і пакрыўджана сказаў:
— Магу паказаць пасведчанне.
— Я веру, што вы! — хуценька адказаў Вінярскі. Яму было няёмка ад таго, што ён не змог нечым дагадзіць чалавеку.
Бялявы пералічыў грошы, падняў вочы ў столь, падумаў і пабег да стойкі.
— З кім маю гонар сядзець за адным столікам? — з той жа строгай важнасцю, быццам кожнае яго слова мела надзвычайную вагу, спытаў мужчына, калі Вінярскі прысеў.
— З хірургам… Доктарам, — адказаў Вінярскі, здзіўлены і такім высокім стылем, ды і ўвогуле беларускай мовай, якую яму нязвыкла было чуць з вуснаў звычайных людзей. Ён спадцішка агледзеў мужчыну. Яшчэ з парога, калі мужчына паклікаў Васіля, ён падаўся Вінярскаму маладым — недзе сваім аднагодкам, ну, можа, гадоў пад трыццаць; цяпер ён бачыў, што мужчыну, бадай, удвая больш. На ім быў паношаны касцюмчык, кашуля ў блакітны гарошак, расшпіленая на два верхнія гузікі; і шыя, і худыя далоні з доўгімі пальцамі, у якіх Сымон круціў пустую шклянку, і круглы, змаршчыністы, бы спечаны яблык, твар былі пакрыты цёмна-бурым загарам, быццам стары толькі што вярнуўся з паўднёвых пляжаў.
— Што ж, прыемна, калі і медыцына далучаецца да такой важнай справы, як культурны адпачынак, — пажартаваў Сымон і шчоўкнуў пальцам па вострым загарэлым кадыку — акурат як Васіль нядаўна, на могілках.
На стале стаяла пустая шклянка і ляжаў акрайчык хлеба, а на сурвэтцы — шчопаць солі. Сымон перахапіў позірк Вінярскага, уздыхнуў:
— Не ў пашане цяпер пісьменнікі… А калісь і я гудзеў. На адзін ганарар мог купіць паўмашыны або паўкватэры. А цяпер — паў-шклянкі гэтай вось гадасці, — ён падманіў Вінярскага пальцам, і, калі той нагнуўся, прашаптаў яму ў вуха, дыхаючы гарэлкаю, паказваючы на бялявага, які каля стойкі гаварыў з барменам: — Васіль — во хто! Талент на мяжы з геніяльнасцю. Во хто верне нашай роднай літаратуры яе былую пашану і веліч! Я хоць намнога старэйшы, але я яму самы блізкі сябар…
Вінярскаму ўспомніўся нябожчык Стэльмах, які таксама яго, маладзейшага за сябе, лічыў самым блізкім сябрам, і на душы зрабілася неяк нудна, абыякава; захацелася хутчэй аддаць бяляваму гэтыя грошы і сысці адсюль…
Васіль між тым вярнуўся, паставіў на стол графін з гарэлкаю, талерку бутэрбродаў, пабег зноў, прынёс шклянкі, колу, мінералку… Стары хуценька ўхапіўся памагаць: разліў па шклянках гарэлку, расклаў перад кожным бутэрброд на сурвэтцы… Вочы ў яго адразу ж засвяціліся.
— Прапаную тост! — сказаў ён, высока падняўшы руку са шклянкаю, з захапленнем гледзячы на Васіля. — За будучы гонар нашай роднай літаратуры!..
— Перастань, — Васіль прафесійна выпіў, дастаў з пачкі цыгарэту і закурыў; цыгарэты навучаны Вінярскі адразу ж, як сеў, выклаў перад сабою на стол.
— Сціпласць — адзнака таленту, — сказаў стары, выцадзіў сваю порцыю паволі, урачыста; тады скалануўся ўвесь, уздыхнуў, узяў з бутэр-брода кавалачак салёнага агурка і з асалодай пачаў жаваць. Закусіўшы, звярнуўся зноў да Васіля:
— Як твая другая кніжка?
Бялявы скрывіўся і пацягнуў бокам рота паветра, быццам яму балеў зуб. Відаць, стары закрануў штосьці не вельмі прыемнае, але важнае для іх. Дакурыўшы, Васіль прытушыў аб сподак недакурак і пачаў гаварыць старому — хутка, так, што Вінярскі не разбіраў і палавіны слоў — нешта пра паперу, мільёны, тыражы… Стары з усім згаджаўся.
Читать дальше