— Так нават банкаўскую ячэйку не раскрыеш, — засьмяяўся Віктар, — зараз я паспрабую.
Дзімка перадаў рог. Віктар уцягнуў як мага больш паветра ў лёгкія.
— УРА!!! — пачуўся над самым вухам Дзімкаў рык.
Зноў закалыхалася, затрэслася трава.
— Добра, — сказаў Віктар, — пазабаўляліся й годзе.
Ён пайшоў да машыны, каб пакласьці трубу назад у футарал. Раптам проста з-пад ног нешта выскачыла. Ад нечаканасьці ён ледзь не ўпусьціў ношу. Гэтае нешта пабегла ў бок будынку.
— Бачыў? — Віктар павярнуўся да Дзімкі.
— Пацук, — абыякава сказаў Дзімка, падняў камень зь зямлі і кінуў яму ўсьлед. Віктар адчыніў заднія дзьверы, з машыны на яго выскачыў яшчэ адзін пацук. Ён ледзь ухіліўся.
— Што гэта было?
Дзімка напружана глядзеў у бок дому з ружовымі сьценамі. Травы не было. Замест яе стаяла суцэльная шэрая маса, якая калыхалася. А яна ж жывая, падумаў Віктар. Ён пакруціў галавой па баках. Пацукі ня рухаліся, нечага чакалі. У Віктара перасохла ў роце. Колькі іх там? Тысячы? Мільёны?
Дзімка ўжо ўзьлез на капот і глядзеў у бінокль.
— У нас джып, — прамовіў ён, як Віктару падалося, неяк ня надта ўпэўнена і сеў на сядзеньне кіроўцы.
Зароў рухавік, машына накіравалася проста ў шэрую сьцяну. Пачулася чвяканьне, піск, шыбы пачалі пакрывацца вадкай гразьзю з чырванаватым адценьнем. Хуткасьць упала, аўтамабіль павяло ўбок, ён пачаў завальвацца.
— Тармазі, — закрычаў Віктар, — тармазі!
Дзімка ўчапіўся ў руль, пальцы зьбялелі. Ён зрабіўся мокрым, лоб разьдзяліла папярэчная складка, вочы шалёна засьвяціліся, крылы носа расшырыліся. Рухавік чмыхнуў і заглух.
— Вось які пабочны эфэкт, — прамовіў Віктар, але словы ня выйшлі. У горле булькатала, сэрца выскоквала.
Дзімка выгнуўся і спрабаваў дацягнуцца да футарала з трубой.
«Калі будуць падыходзіць да мяне ліхадзеі, супраціўнікі і ворагі мае, каб зжэрці плоць маю, то самі яны спатыкнуцца і ўпадуць, — заплюшчыў вочы і зашаптаў сам сабе Віктар. — Калі ўзброіцца супраць мяне полк, сэрца маё не збаіцца; калі здарыцца супраць мяне вайна, на гэта я спадзяюся».
Аўтамабіль мякка пагойдваўся сярод жывога шэрага мора, паступова патанаючы ў яго бяздоньні. Пацукі ўзлазілі адзін на аднаго, вынюхвалі, выглядвалі. У машыне зрабілася зусім цёмна. Было чуваць, як торкаюцца морды ў шыбіны, як сотні кіпцюркоў скрабуць па дне, як ззаду напіраюць новыя, нецярпліва пішчаць і пакусваюць хвасты і вушы пярэднім, як ужо пакаштавалі на смак гуму колаў і незадаволена адплёўваюцца. На Віктара накочваліся хвалі насякомых, якія беглі па скуры ад самых кончыкаў пальцаў на нагах да макушкі.
— Крычы, — пачуў ён, — крычы…
Натужліва соп Дзімка, круціўся, крактаў, лаяўся. Скрыгат па дне ўзмоцніўся, зрабіўся гучным, нясьцерпным.
— Крычы, бля!
Да Віктара дайшло, што гэта яму. Ён раскрыў рот.
Крыку не атрымалася — з горла выйшла сіпеньне. Віктар зажмурыўся. Яшчэ адна спроба.
— ААА!
Джып рэзка тарганула ўбок. Зьявіўся цяжкі гук, быццам нізка ляцеў самалёт, да якога прымяшаўся тонкі піск. Шалёна засьвістаў вецер. Пацукоў пачало зьдзімаць. Зрабілася сьвятлей, і дробныя расколіны пабеглі па шыбінах. Дзімку званітавала, ён закрыў вушы далонямі. Джып няспынна трэсла, стойкі прагнуліся. Пасыпаліся асколкі шкла. Успышка асьвятліла перакрыўленыя фізіяноміі. У Віктара йшла кроў з носа. Ён адчуў, што абмачыўся.
Джып узьняло ў паветра, машына праляцела некалькі мэтраў і ўпала на колы. Вецер сьціх, гукі зьніклі, ледзь варушылася трава. Дзімка зусім белы, увесь у ванітах усьміхаўся сьсінелымі вуснамі.
Віктар паглядзеў, куды партнэр паказваў пальцам. Справа ляжаў з коранем вырваны дуб. Магутная каранёвая сыстэма нагадвала грэцкую скульптурную кампазыцыю. Канцы каранёў уздрыгвалі, быццам засьпетая зьнянацку гіганцкая гідра.
Дзімка заціснуў рог паміж каленяў і пяшчотна лашчыў яго, не перастаючы ўсьміхацца.
Постмадэрнісцкая прыпавесьць
Слова хвалявалася, вілося, закручвалася ў сьпіраль, спрабавала саскочыць, уцячы, схавацца, сесьці на ізьмену. Пасьля Яно супакоілася і пачало дзяліцца. Зьявіліся словы, словы, словы. Іх зрабілася вельмі шмат, і яны пачалі мільгацець. Яму гэта надакучыла, ён расплюшчыў вочы і ўбачыў чаравікі. Звычайныя карычневыя чаравікі. Яны яму не спадабаліся. Нейкі час ён іх разглядаў, пасьля падняў галаву. Далоні ўпіраліся ў дошкі, а паміж імі ў шчыліне тырчала скручаная ў трубачку паперка. Ён дастаў яе.
Читать дальше