— Гэта што? — спытаўся я.
Яна дастала з кішэні халата нататнік і пагартала.
— Гэта нямецкае. Тэрмін захаваньня канчаецца.
— Можна бліжэй паглядзець?
Яна зьняла з паліцы гэта , што сядзела на кукішках, пакруціла і падала мне.
— Нічога, — я таксама пакруціў гэта , — а вось.
Паміж лапаў была ўшытая маленечкая, ледзь заўважная бірка. Там было напісана на некалькіх невядомых мовах, у тым ліку радок вязьзю, падобнай да арабскай, і радок герогліфамі. Краіны вытворчасьці не было.
— А што гэта ўмее рабіць, тое самае, што і ўсе? Я падарунак шукаю арыгінальны.
— Мне не дакладвалі.
— Што ж ты прадаеш? — абурыўся я.
— Прадаю тое, што даюць, — нечакана пакрыўдзілася прадавачка, — і наагул — я тут на падменцы. Я абуткам гандлюю.
— Нібыта прыгожае, глядзіцца нічога так, — працягнуў я, не зьвяртаючы ўвагі на няветлівы тон, — і колер пасуе. У Гендоса сьцены салатавыя.
Прадавачка падкрэсьліла пазногцем радок у нататніку.
— Діе Кротэ, — прачытаў я лацінскія літары. — Крот, ці што? Ня ведаю, на якой гэта мове.
Яна забрала нататнік, перагарнула пару старонак, пасьля ўзяла гэта і націснула на патыліцы. Нешта пстрыкнула, і адкрылася панэль кіраваньня. Я прыўзьняўся на дыбачкі, яна пабачыла, павярнула так, каб мне было відаць.
— А пашпарт ёсьць?
— Можа, ва ўпакоўцы ляжыць…
— О, упакоўка ёсьць? Хачу.
Яна пайшла за стэлаж і вярнулася з кардоннай скрынкай.
— Не, — я паглядзеў на ўпакоўку. Там было намалявана, што больш за тры скрынкі адна на адну ставіць нельга, — гэта не інструкцыя. Але мне падабаецца. Прыгожая. І салідна глядзецца будзе.
— Гаспадару патэлефаную, вы зь ім пагаварыце.
Яна дастала тэлефон і набрала нумар. Пару разоў лінія зьлятала, яна крывілася, нэрвова ціснула на кнопкі, урэшце, злучылася.
— Добры дзень яшчэ раз. Гэта зноў я. Тут, — яна паглядзела на мяне, — чалавек цікавіцца гэтым, як яго… Хай ён сам скажа, — і працягнула слухаўку.
— Мяне Жэня завуць, — сказаў я тэлефону.
— Вельмі прыемна, — пачулася скрозь трэск. — Будзеце браць — дам вялікую зьніжку.
— А як гэта працуе?
— Папярэднія гаспадары, на жаль, таго… Кантрольная закупка, сустрэчная праверка… самі разумееце. Няма зь імі сувязі. Але вы не хвалюйцеся, там дзьве кнопкі ёсьць: ружовая і блакітная.
— Ваша чалавек кажа, што ў гэтага канчаецца тэрмін захаваньня.
— Прадавачка новенькая. А гэта вечнае. Пажыцьцёвая гарантыя. Але тэрмін захаваньня на складзе канчаецца. Будзеце браць?
— А ад сеткі ці на батарэйках?
— Там пераключальнік мусіць быць.
— Хай уключыць. Хачу паглядзець у рабоце.
— Дайце ёй слухаўку.
Прадавачка ўзяла тэлефон.
— Ага, — сказала яна, — тока хай ён сам.
Яна засунула тэлефон у кішэню і пахмурна ўтаропілася ў мяне.
— Што? — спытаўся я.
— Дык я ўключаю?
Яна адышла на крок, пстрыкнула тумблерам і зараз жа адхапіла руку. Нічога не адбылося. Гэта засталося нерухомым. Мы пару хвілінаў глядзелі на гэта і адно на аднаго.
— Можа, яшчэ не нагрэлася, — няўпэўнена сказала прадавачка. Зашамацелі старонкі нататніка. — Паперку дома пакінула. Назву лекаў запісвала і вырвала.
Яна закаціла вочы да неба, заварушыла вуснамі, успамінаючы.
— Трэба рабіць тое, што і звычайна, — яна зьлёгку падштурхнула гэта ў мой бок, — вы ж хацелі паглядзець у рабоце?
Я кіўнуў, глыбока ўздыхнуў, пацалаваў гэта ў вусны і адступіў на крок. Зноў нічога не адбылося.
— Не працуе, — засмуціўся я, — напэўна, я пайду.
— Павінна працаваць, — сказала прадавачка. Яна хутка падскочыла, націснула на кнопку на панэлі і заняла ранейшую пазыцыю.
— Усё ж не працуе. Шкада.
— Павінна працаваць. Вы яе яшчэ раз… Я тады кнопку не націснула, — яна зноў зьлёгку падсунула гэта да мяне.
— Мне, у прынцыпе, не шкада, — я нахіліўся і зноў пацалаваў гэта ў вусны.
Адразу стала ясна, што атрымалася. Гэта ледзь заўважна завібравала, загуло, заміргалі лямпы асьвятленьня ў пакоі, аднекуль паваліў дым. Я замахаў даланёю перад носам. Пачулася шыпеньне, нешта гучна ляснула.
— Das ist fantastisch , — сказаў мужык. Ён быў апрануты ў скураны чорны камбінэзон на голае мускулістае цела, боты і фуражку. У правай руцэ трымаў бізун.
— О! — узрадавалася прадавачка.
Я паглядзеў на кукарду, і мне стала ніякавата.
— Wir werden der Phantasie auslassen! — мужык ляснуў бізуном па халяве бота і накіраваўся ў мой бок.
— Я ж казала, што працуе, — усклікнула прадавачка і шмыгнула за стэлаж.
Читать дальше