Насьпех абкруціў ногі нейкімі анучамі, усунуў у гамашы, завязаў, каб не згубіць, дротам – і апошнім выпхнуўся на вуліцу.
Сьвітаньне афарбоўвала далёкія сопкі лёгкай ружавізнай, над тайгою навісала мутнаватае, як брудная вата, неба. А па ўсім лагеры абуджалася нявольніцкае жыцьцё: хрыпла мацюкаліся наглядчыкі, постаці ў балотнага колеру бушлатах, у рваных ватоўках нязграбна зьбіраліся на вялікім пляцы; белы дым акуратна ўздымаўся над трубой лагернай сталоўкі; абуджана гаўкалі аўчаркі; вартавыя дакурвалі свае першыя ранішнія папяросы, спрактыкавана хаваючы пад крысо кажухоў рукі (у тоўстых рукавіцах не пакурыш).
Пачыналася ранішняя паверка.
За сьпіной і па-за жыцьцём – два месяцы лагеру. З апошняй чыгуначнай станцыі Завудзінск іх калона пятнаццаць дзён пехам дабіралася па забайкальскай зіме да гэтай стаянкі. Каб не зблудзіць, трымаліся рэчышча Селенгі. Па дарозе грызьлі цьвілыя сухары. Там, дзе даганяў вячэрні змрок, ставілі намёты, тапілі ў катлах сьнег, варылі посную баланду, – ёй і грэліся, абпальваючы рот і страўнік, ёй і жывіліся. І правальваліся ў змрочны сон – тыя, каго не забраў сон вечны. Мёртвых сьцягвалі на замерзлую рэчку, засыпалі сьнегам – і вярталіся ў калону.
Да іх прыходу ў лагеры ўжо было некалькі брыгадаў, якія ўзьвялі вышкі, паставілі брызентавыя палаткі, абгарадзілі іх калючым дротам і спакваля пачалі ўзводзіць драўляныя баракі.
Іхняя ж брыгада працавала ў тайзе за тры кіламетры ад лагера, кудой павінна была прайсьці чыгунка. Цяпер пракладвалася яе драўляная «падушка», на якую зразалі бліжэйшыя лістоўніцы.
Працавалі аддзяленьнямі па дзесяць чалавек. На кожную «дзясятку» – па два канваіры. Яны звычайна выбіралі большага дахадзягу і прызначалі яго кастравым: без агню не прабылі б і гадзіны.
Піла звонка ўразалася ў задубелае дрэва, злосна грызла яго нутро. Лістоўніца разьвітвалася са сьветам надрыўным крэхтам – і гохкала на пустоту, пакрываючы катаржанаў воблакам іскрыстага сьнегу й інею. Затым двое пільшчыкаў пераходзілі да наступнай ахвяры, а астатнія пачыналі «сьвежаваць» зрэзаную: абсякалі гольле, дзялілі гонкі ствол на тры роўныя (па два метры) бярвёны – і цягліся далей.
У другой палове дня, хвілінаў з дваццаць пагрэўшыся каля вогнішча, яны тралявалі нарэзаныя загатоўкі да месца будучай трасы, дзе іншая брыгада пілавала і абсякала іх, ператвараючы ў шпалы.
Сьпяшалі, каб вырабіць «норму» і атрымаць на вячэры да кіслай баланды свае сямсот грамаў хлеба – аднавіць сілы на дзень наступны і пратрымацца да новага вечару.
У парваных гамашах ён падмарозіў два пальцы. У сталоўцы яны пачалі востра пячы, нібыта хтосьці спрабаваў і іх адпіліць. Яму пашанцавала: лыжка патрапіла на кавалак рыбіны. Абпечаным языком ён не адчуў смаку, аднак абсмактаў усё да апошняй касьцінкі, а тады ўжо нагнуўся, каб агледзець гарэтныя пальцы – і ў тую ж хвілю ўбачыў свае валёнкі: падшытыя гумай, з рудымі знакамі на халявах – сушачы, прыпаліў на перагрэтай «буржуйцы»…
Ураз забыўся на пальцы. Падхапіўся – і подбегам за ўладальнікам сваіх валёнак.
– Браце, пачакай хвілю! – прытрымаў ён незнаёмца на вуліцы. Той спыніўся і бліснуў шэрымі зрэнкамі. Высокі, каржакаваты, з густымі, як падфарбаванымі сажай, брывамі. Вострыя скулы не магла схаваць курчатая бародка.
– Чо табе? – шэравокі сплюнуў пад ногі, пабачыў Дубоўкавыя драныя гамашы – і зморшчыўся.
– Ведаеш, твае скараходы мне здаюцца цеснымі… Давай мяняцца, а то я не магу прыпомніць, калі гэта табе свае валёнкі пазычыў…
Дубоўка заўважыў, як наструніўся шэравокі, як нярвова ўзьняўся ягоны кадык.
– Я шас цябе самога на часьці памяняю! – злосна вымавіў ён і хацеў ісьці далей, аднак Дубоўка асадзіў яго:
– Не, так ня будзе. Ня пойдзеш ты ў маім!
– Што ж, сам напрошваешся… – Шэравокі спадылба азірнуўся, зноў сплюнуў: – Бачыш барак ненакрыты? Давай туды!
«Калі адзін на адзін – можа, і атрымаецца, – думаў па дарозе Дубоўка. – Адно каб там не было ягоных дружбакоў. Інакш – канец…»
За сьценамі бараку іх мала хто мог убачыць. Шэравокі скінуў бушлат, шапку, і калі Дубоўка пачаў рабіць тое ж – наскочыў першым, зьбіў з ног, схапіўся за шыю і пачаў душыць. Дубоўка прыўзьняў яго каленьмі і што было сілы даў па вушах, расшчапіў ягоныя рукі – і скінуў з сябе.
Колькі хвіляў яны стаялі, пераводзячы дых, і шэравокі зноў кінуўся першым, стукнуў нагой у жывот.
Дубоўка адкінуўся да сьценкі, болю не адчуў: ці ўдар зьмякчыў ягоны валенак, ці закаржанелы бушлат выратаваў. Ад вострага кулака таксама пасьпеў уратавацца: прысеў і адказаў ударам левай зьнізу, у зарослую пашчэнку.
Читать дальше