– Нам, татарам, да балды! Ты, гэта… Можа б з хлебам расстараўся?
Дубоўка зьлёгку піхнуў яго ў плячук, уздыхнуў:
– Схавайся, сарві-галава! Хлеб і да хлеба прынясу, каля алешыны пакіну. Ну а жывымі будзем – пабачымся…
А праз тыдзень Дубоўка прыйшоў дадому яшчэ да абеду, сеў каля дзьвярэй на падлогу, моцна абхапіў рукамі калені, – твар зьбялелы, вочы нерухомыя, нібы застылі на ходніку.
У хаце адразу ж зразумелі: штось нядобрае. З гадзіну ён як скамянеў, ня чуў жончыных пытаньняў, не варушыўся нават. Затым устаў, прыціснуў да сябе сына, узварушыў яго мяккую, з далікатнай кучаравінкай, чупрынку, пасадзіў на калена.
– Што? – жонка прысела да яго і, здавалася, ужо ўсё зразумела.
– Тэрмін падоўжылі… На два гады, – толькі і змог выціснуць Дубоўка.
У той дзень яго ўпершыню не дачакаліся на працы…
А напрыканцы лета – новая нечаканка: вырашылі рамантаваць іхні дом, і ўсе сем’і мусілі перабрацца ў доўгія хлеўчукі побач. Восень (некалькі гадзін да працы і ўвесь вечар) ён дапамагаў будаўнікам даводзіць да ладу сваю «кватэру», каб не сустрэць зіму ў хлеўчуку. Здымаць новы пакой не хапіла б грошай.
8.
Сонца… Мяккае сонца над галавой. Там і жаўранак, і лёгкая хмарка. І возера блакіту. А наперадзе – агародніцкія хаты. Леваруч усьміхаецца Доўжа, і сьцежка, па якой ідуць ён з жонкай і сынам, вось-вось пачне свой апошні паварот да возера.
Луг чамусь няскошаны, шмат зельля нарасло ў траве, асабліва ў лагчыне, адкуль паказваецца-вырастае трактар з прычэпленым вагонам.
Трактар стары, увесь у іржы і гразі, але металёвыя колы-шасьцяронкі коцяцца спраўна: вось перарэзалі ўжо сьцежку і прысьпешылі насустрач.
Каб не патрапіць пад гэтыя шалёныя колы, яны збочылі і пайшлі да вёскі напрасткі, аднак трактар з вагонам адразу ж зноў крутнуў да іх. Руляваў чалавек, добра знаёмы па газетных фотаздымках: грузінскія ўзьлётныя бровы, доўгі масіўны нос, васпаватыя шчокі…
Сталін – надзіва рухавы – скочыў на зямлю, пастукаў кулаком па дошках вагону, а ў адказ – у сто галасоў крык.
– Ну тихо, тихо… – буркнуў Сталін і пальцам пазваў Дубоўку. – Давай и тэбя покатаю…
І тут як хтосьці нябачны падпіхнуў яго ў страшны вагон. Сіліўся праціснуцца да закратаванага вакна, расьпіхваў сьлізкія голыя целы, аднак іх усё большала і большала. І тады ён выбіў у сьцяне некалькі дошак, высунуў галаву – а мясьціны вакол ужо незнаёмыя, чужыя. Сонца сьпераду садзіцца-заходзіць, акурат нібыта ў трактарную трубу – пачарнелае ад маторнай копаці. І за рулём ужо ня Сталіна постаць, а кагосьці незнаёмага – рослага і дужага. Прамасьленая ватоўка на плячах ледзь сходзіцца, калені над рулём узвышаюцца. І галава вялікая, з нестарэчай яшчэ лысінай. Ад ветру ацалелыя валасы ў німб узьнімаюцца – доўгі каўтун над левым вухам. Ям большае, німб-каўтун на каўнер ападае, і яго кіроўца аграмаднай пяцярнёю зноў на лысіну зачэсвае.
Дубоўка спрабуе далей дошкі рассунуць, хоча крыкнуць, аднак не хапае паветра, вагонная сьцяна варушыцца і заціскае яго.
– Пачакайця, пачакайця… – сіпата ўскрыквае кіроўца і раз-пораз азіраецца: цыганаватыя бровы, чорныя, як смоль, вочы, багатыя вусы пад мякіністым носам, здаровыя, як часночыны, зубы.
І раптам вагон перастае кідаць – колы пакаціліся па асфальце. А наперадзе – шэры будынак менскай турмы-«амерыканкі», толькі чамусь замест круглых вежаў – крамлёўскія, кантавыя, з Чырвонай плошчы. А паміж імі – вялікая жалезная брама, перад якой кіроўца ліха тармазнуў, сьпешка скочыў з трактара, абабіў аб кола гразь з падэшваў вялікіх ботаў і пастукаў кулаком у браму.
Аніхто не адазваўся. Тады ён пачаў стукаць нагой:
– Адкрывайця, маць вашу!..
Стук моцны, нервовы, ажно рэха ідзе.
…– Открывайте!..
Жонка сполашна ўсхапілася першай, адчыняла дзьверы марудзячы – і разьятраны энкавэдзіст ледзь ня зьбіў яе з ног.
У пакой увайшлі трое. Пакуль адзін стаяў каля вакна і дакурваў цыгарэту, таварышы паскідвалі на падлогу матрацы, павыварочвалі шуфляды. Зьнялі з падушкі навалку і ў яе пачалі піхаць кнігі і ўсё, што знайшлі рукапіснага.
Ён, ужо апрануты, сядзеў на табурэце каля сьцяны і стоена пазіраў на жонку і сына.
– На выход! – энкавэдзіст каля вакна плюнуў на акурак і выйшаў першым.
З мяшэчкам сухароў у адной руцэ і скруткам бялізны ў другой Дубоўка пасьпеў нязграбна абняць спалоханага сына, затым сунуў бялізну падпаху і пагладзіў малога па галаве, пацалаваў і прашаптаў на вуха:
– Я ні ў чым не вінаваты, ведай. І беражы мамку…
Читать дальше