Бо спорт, шаноўныя гледачы, для многіх мільёнаў людзей ёсьць найпрасьцейшае й найясьнейшае выяўленьне гонару за сваю краіну. Спорт дае ўнікальную магчымасьць кожнае нацыі, на вачох усяго чалавецтва давесьці, чым яна ёсьць і чаго вартая. Ды ўрэшце рэшт – скажыце, хіба я ня маю рацыі! – само жыцьцё ёсьць спортам: шматгадовай чарадой трэніровак, адборачных цыкляў, спаборніцтваў, паразаў і трыюмфаў у імкненьні атрымаць узнагароду, і аднойчы, на вяршыні п’едэсталу пад успышкі тэлекамэраў, разам са шматтысячным хорам тарсіды прасьпяваць легендарны хіт усіх часоў і народаў: “We Аre The Champions!..”
Спорт, спаборніцтва, спосаб пераадолець самога сябе – мэханізм, закладзены ў чалавечую натуру Самім Госпадам Богам. Той самы мэханізм, які дазваляе слабому й грэшнаму чалавеку змагацца зь бязьвер’ем, лянотай і страхам, падымацца пасьля падзеньня, высільвацца, выжыльвацца празь “не магу”, спорт – бліскучае сьведчаньне моцы, характару, духу асобы й нацыі. Бо спорт – і я мяркую, вы пагадзіцеся са мною, дарагія заўзятары – гэта ня толькі й ня столькі фізычная культура. Гэта культываваньне волі й веры – якраз таго, што вызначае сілу духу. Так што знакамітыя “маральна-волевыя”, на якія так упіраюць трэнэры, выхоўваючы вялікіх спартоўцаў ды вялікія каманды, і гульцы, выйграючы вялікія матчы, і ёсьць сапраўдным зьместам няхітрых, здавалася б, гульняў у рознакаляровых майках з нумарамі на грудзях, сьвістком судзьдзі й мільёнамі апантаных фанаў.
Спорт, які замяняе народам войны! Спорт, увасобленая сіла! Спорт, імкненьне да дасканаласьці й перамогі, сумленны, шчыры спорт, што вызваляе патэнцыял народу – цэнтральная арэна розыгрышу нацыянальнага гонару й галоўнае відовішча сучаснасьці!
Выдатны трамплін для разгону беларускае сьвядомасьці да стану лунаючае духовасьці.
Бо, як піша апостал Павал у І Пасланьні да Карыньцянаў, “Хіба ня ведаеце вы, што тыя, хто бяжыць на стадыёне, бягуць усе, але толькі адзін здабывае ўзнагароду? Дык бяжэце так, каб здабыць”! (І да Карыньцянаў 9:24) .
Спадзяюся, шаноўныя гледачы, вы даруеце мне гэты патас, гэтую апалёгію спорту – даруеце, бо самі разумееце: сёньняшняе відовішча сапраўды вартае самых высокіх словаў.
Такім чынам, дарагія сябры – вашай увазе прапануецца Нацыянальная ідэя ў спорце. Нацыянальная ідэя ўласнай пэрсонай, у фармаце сусьветных правілаў гульні й унівэрсальных стандартаў, у спаборніцтве зь іншымі. У самых эфэктных вобразах, у дасягненьнях, бясспрэчных для любога жыхара плянэты Зямля.
Вы, вядома, памятаеце: нам доўга даводзілі, што няма такой краіны, няма такой дзяржавы, няма такога народу. Але беларускі спорт абвясьціў на весь сьвет – ёсьць!
Нам даводзілі, што мы ўмеем адно падначальвацца, цярпець паразы й выціраць подыюмы для іншых. Але беларускі спорт усіх пераканаў – мы народжаныя ня поўзаць там дзесьці, і не пралятаць над Парыжам, а быць лідэрамі й пераможцамі!
Дайшло да таго, што большасьць беларусаў займелі мускульную атрафію, ёмістае брушка, устойлівае бязьвер’е ды абыякавасьць да ўласнага лёсу. Але беларускі спорт сьцьвердзіў: трэба толькі паверыць, сьціснуць у кулак волю, адважыцца – і ўвесь сьвет убачыць тую Беларусь, якую задумваў Усемагутны Госпад Бог. Арэна кантынэнту – так! Сэрца Эўропы – так! Мышца №1 у грудзях – так! Сардэчная мышца, здольная быць вялікім рухавіком, біцца ў сусьветным напружаньні волі Божай й ставіць абсалютныя рэкорды!
“Бо ня мечам сваім яны зямлю набылі, і ня іхняя мышца іх выратавала, а Твая правіца і мышца Твая і сьвятло аблічча Твайго” – абвяшчае Псальм 43, верш 4 Бібліі.
Для тых, хто жыве й дыхае спортам, хто хоць аднойчы на стадыёне зароў на ўсю глотку, калі нашы забілі гол, зразумеў слодыч здабытае перамогі й адчуў угар заўзятарскага патрыятызму, хто купляе “Прэсбол” замест “Аргумэнтаў і фактаў”, хто тыднямі жыве ў чаканьні сьвята, і нарэшце замірае перад экранам тэлевізіі, дзе трансьліруюць Лігу Чэмпіёнаў, толькі таму, што ў нямецкім “Штутгарце” гуляе беларускі легіянэр Аляксандр Глеб, а лёнданскім “Чэлсі” валодае нашчадак беларускіх магнатаў Абрамовічаў – ня трэба тлумачыць, дзе мы знаходзімся й што чакае нас сёньня. Аматары й фанаты, канечне ж, трымаюць у галаве ўсе імёны, усе ключавыя турнірныя табліцы й паказьнікі беларускага спорту. Але зараз сярод нашае аўдыторыі як ніколі багата тых, каму невядомая балельшчыцкая эўфарыя, хто лічыць захапленьне спортам марнаваньнем часу, для каго Валяньцін Бялькевіч – гэта муж рыжанькай зь “Віагры”, а Нэлі Кім – мадэльер віцебскага трыкатажу, дык вось для іх, наіўных навічкоў, шчасьлівых першаадкрывальнікаў, нэафітаў беларускага спорту, для іх (і для пратаколу, вядома) – склад нашае алімпійскае каманды.
Читать дальше