У 943 годзе рускія дружыны зруйнавалі сталіцу хазараў, што месьцілася ў вусьці Волгі. А з 965 да 970 рускія дазваньня зьнішчылі ўсю хазарскую дзяржаву. Тым ня менш, падзеленыя ўжо на той час хазары працягвалі фігураваць на гістарычнай арэне ажно да ХІV стагодзьдзя. Напрыклад, у Прэсбургу ў 1309 годзе мясцовыя касьцёльныя ўлады забаранялі каталікам шлюб з хазарамі. А ў 1346 гэтую забарону пацьвердзіў Папа Рымскі. Хазары паступова распушчаліся сярод іншых народаў, страчваючы ўласную мову дый іншыя адметнасьці.
Яшчэ сучасьнікі хазараў пачалі спрэчкі наконт прыкметаў “хазарскасьці”. І толькі ў адным і старажытныя, і сёньняшнія дасьледнікі сыходзяцца, калі ідэнтыфікуюць хазараў: сапраўднымі носьбітамі “хазарскасьці” былі Лаўцы сноў.
Сьвет — гэта сон, які сьніцца Богу, і нам трэба толькі маліцца, каб Ён не прачнуўся. А калі прачнецца? Мы — частка сну ці мы праніклі ў гэты сон?.. Лаўцы сноў ставіліся да рэальнасьці, як рыбы ставяцца да прасторы па-за вадою. Лаўцы пранікалі ў чужыя сны і жылі ў іх, з кожным разам павялічваючы майстэрства і з кожным крокам набліжаючыся да Бога. Гэта была адзіная хазарская рэлігія і адзіная чыннасьць, якая вызначала хазараў. Цяпер дакладна вядома, дзе, калі й пры якіх абставінах быў забіты апошні Лавец сноў. Гэта здарылася ў 1380 годзе падчас Кулікоўскай бітвы.
Яго звалі Гэта. Гэтае імя люстэркава адбівала імя першай хазарскай прынцэсы, ці то жонкі, ці то дачкі Вялікага Кагана, якая была заснавальніцай і заступніцай сэкты Лаўцоў сноў. Гэта ведаў ад нараджэньня, што ён — Апошні Лавец. У сьне Гэта ўбачыў свой скон. Штогод гэты сон паўтараўся і брыняў дэталямі. У 1362 годзе, калі Гэта ў складзе ардынскага войска наблізіўся да Сініх Водаў, ён убачыў свой сон наяве. Але сон ня спраўдзіўся да канца...
Страла рускага ваяра параніла Гэтавага каня акурат паміж шчыткоў на грудзях, конь панёс менавіта ў бок варожага стану, твар рускага, які занёс над Гэтам свой меч, быў знаёмы да кожнай зморшчынкі... Гэта нават ведаў імя майстра, які каваў меч. Гэта сачыў за дугою мяча доўга-доўга. Так доўга, што пасьпеў прыгадаць усё сваё жыцьцё, усе сны, у якіх ён пабываў. І калі вастрыё мяча наблізілася да вачэй хазара, успаміны й ява ізноў узьядналіся, і... рускі ваяр спыніў сваю руку.
Немагчыма вытлумачыць, чаму ён гэта зрабіў, гэтаксама як немагчыма дакладна рэканструяваць тую сустрэчу хазара й рускага. Але Lexicon Cosri вельмі канкрэтна сьведчыць, чым скончылася сустрэча. У падзяку за ўратаванае жыцьцё, а дакладней, з пашаны да надзвычайнага ўчынку — рускі перадолеў вызначанае лёсам — Гэта паведаміў рускаму праўду пра нараджэньне: рускі быў княжага паходжаньня.
Другі, апошні раз яны сустрэліся ў 1380 годзе. Гэта, натуральна, быў сярод татарскага войска. За васямнаццаць гадоў, што мінуліся пасьля Сіняводзкае бітвы, зь дзясятніка ён ператварыўся ў тысячніка. Зрэшты, ён гэта ведаў наперад... Гэтаксама, як ведаў, што на дапамогу татарам прыйдзе славянскае войска і што яно ня пойдзе ў бой. А яшчэ ён ведаў, што сярод таго войска будзе рускі ваяр, імя якому — Андрэй, сын Альгерда.
Яны сустрэліся другі раз у самым пекле сечы. Сустрэліся побач, стрэмя да стрэмені, калі разам ішлі ў атаку на маскоўскае войска. Яго было немагчыма не сустрэць — адзінага славяніна на баку татараў. Ваяра, які загадаў сваёй дружыне заставацца на месцы, разам з асноўным войскам, а сам рушыў у бой.
Рускі праз стрэлы, дзіды й мячы імкнуўся толькі да аднаго — дабрацца да князя, які і ўзростам, і абліччам, і нават манерай валоданьня мячом быў такі падобны да яго самога. Гэта ўсьміхаўся, калі бачыў, як па-юнацку гарэлі вочы гэтага даволі сталага чалавека, калі ён імкнуўся адпомсьціць нарэшце свайму крыўдніку. Таму, хто насіў ягонае імя. Дзівакі! Яны ня ведаюць, што сапраўднае імя ведае толькі Бог!..
Трапіўшы акурат паміж шчыткоў, страла параніла Андрэевага каня. І конь панёс яго проста да мэты ягонай выправы — да Андрэя Полацкага, князя Пскоўскага, сына Яромы, цесьляра зь Віцебску, і Марыі Яраслаўны, княгіні Віцебскай. У той самы момант, калі яны спляліся, другая маскоўская страла патрапіла ў руку Андрэя Альгердавіча. Тады Андрэй Яроміч занёс свой меч у спадзеве на апошні ўдар, але ўдар прыйшоўся па чыёйсьці іншай галаве. Далей вір бітвы разьнёс іх у розныя бакі.
Гэта, чыя галава ўратавала Андрэя Альгердавіча, памёр не адразу. Перад сьмерцю ён змачыў Андрэеву рану крывёю са сваёй галавы і прамовіў СЛОВА. Гэта сканаў, ведаючы, што й пасьля яго ў сьвеце застаўся Лавец сноў. Той, хто можа зьмяняць рэчаіснасьць.
Читать дальше