— Цяпер чарга ў магазіне? Ты мо з якою бабаю стаяў, ды й пляткаваў, а не ў чарзе за хлебам. Я ўжо, слава Богу, даўно цябе пазнала.
Я моўчкі павымаў з сумкі, але бачу нейкае дзіва: браў хлеб цёплы, а ён цвёрды бы камень, але ані слова, што ён змерз на косць. Каб услужыць жонцы, ўзяў і "адмучыў" лусту ад буханкі, але тоненькай мне не ўдалося — адрэзаў вясковую скібку, быццам бы не шкадуючы. Жонка скончыла падаграваць звараны мною суп і, наліўшы ў талерку, хацела есці. Толькі ўзяла на зубы прынесены хлеб, адразу енкнула ды схапілася рукою за рот.
— Што з табою, мілая, мо язык прыкусіла? Не хапай так!
— Ужо ж, той замаховец прыслужыўся, што я зубы паламала! Я сапраўды спужаўся, што мо паламала, але высветлілася, калі ўжо па-дабрэла жонка, што толькі адзін выламала, затое пярэдні. Нават кры-ўдна мне стала, што з-за аднаго жончынага зуба я стаў замахоўцам у яе вачах, замест падзякаваць мне, што цяпер будзе жалезны, значыць — вечны.
1986 г.
Не буду называць вёсак ані мястэчак, а тым больш прозвішчаў людзей, схільных да сабатажу, бо, можа, не адзін з іх стаў дзеячам Беларускага грамадска-культурнага таварыства. І вёсак не буду выдаваць, бо можа, у іх цяпер вывучаюць беларускую мову ў школе... Прыкра было б ім чытаць такое пра сябе, пра сваіх бацькоў і дзядоў, якія не хацелі або і баяліся ўводзіць у сябе нейкую беларускасць.
Аніяк, аднак жа, нельга змаўчаць прозвішча чалавека, які супольна з Толем Мартыновічам аддаў шмат сілаў сваіх ды здароўя дзеля таго, каб арганізоўваць усюды гурткі беларускія і паляпшаць псіхіку сялянскага насельніцтва. Гэты актывіст — Сакрат Яновіч. Ён нават не ведае, што яго дасягненням выдатна садзейнічаў Кастусь Майсеня. Кастусь будаваў па вёсках цагляныя крамы і, капаючы разам з народам равы для фундаментаў, гаварыў з людзьмі па-беларуску, не наравіў у паночкі. Майсеня набудаваў тых крамаў больш за сто, а хітры Сакрат Яновіч скрадваўся, а можа нават, крочыў смела з Толікам Матрыновічам па-несацыялістычнаму пясчаных яшчэ дарогах ды ўтвараў гурткі Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Калі і гурткоў тых павялося больш за сто, тады якомусь беларускаму рэакцыянеру здалося, што Беласточчына зробіцца самастойнай рэспублікай беларусаў, а яшчэ, крый Божа, сацыялістычнай і на чале з камуністамі! У таго рэакцыянера было пяцьдзесят гектараў зямлі, былі браты ў імперыялістычнай Амерыцы ды ў гэтак жа імперыялістычнай Англіі, якія не паварочаліся на радзіму. "Як яго, Яновіча утапіць?" — усё думаў, як дзень так ноч, той рэакцыянер. І дадумаўся.
Паехаў наш рэакцыянер у Бельск, бо тады толькі ў Бельску бывалі тэлефоны, і адтуль пазваніў у Галоўнае праўленне БГКТ у Беластоку, каб даведацца, калі Сакрат Яновіч будзе ў яго вёсцы і што ён любіць есці. У ГП сказалі, што Яновіч любіць есці ўсё, акрамя кішкі са скваркамі і паранага малака, бо яны згідзіліся яму яшчэ ў маленстве: бацькаў шавецкі хлеб не быў занадта раскошны. Яновіч аж дрыжыць затое, каб паесці капусты з баранінай!
— Вельмі добра! — радасна адказаў гаспадар-рэакцыянер і хуценька папрасіў: — Перадайце яму, што я чакаю яго з гасцінаю. А сам сабе падумаў: "Я яго ўжо так участую, што век папамятае!"
Вярнуўшыся дамоў, зарэзаў тлустага барана.
У дамоўлены дзень Сакрат Яновіч ужо стукаў у дзверы гэтага агента імперыялізму. Яго хату пазнаў нюхам, надта ж несла ад яе пахамі капусты з баранінай.
Як кожны добры агент, не быў гэты гаспадар хамаваты, з бездакорнай культурнасцю прыняў ён Яновіча так, быццам дарагога чалавека, без якога свет — не свет, а жыццё — не жыццё! Уселіся яны зараз абодва за стол. Яновіч хапіўся за капусту з баранінай, бы грабаўляк за гарачыя піражкі. Упёр глыбокую міску, з цэлым гармонікам скабак у дадатак. Задуманы сабатаж, значыць, адбываўся як трэба, Яновіч паеў усё, быццам за плечы закінуўшы. Яшчэ і лыжку аблізаў, і крышкі са стала пазбіраў, ды сабраўся дзякаваць ужо. І тут падыйшоў галоўны момант.
Наш рэакцыянер і сабатажнік залюлюкаў прыветна: "Што вы елі? Так і ад голаду можна памерці! Я вас не пушчу ад сябе, дарагі таварыш беларус. Вы ж гурткі ідзеце рабіць на ўвесь божы дзень і вечар выходзіце, і там, мусіць, ніхто і не дадумаецца даць паесці, дык я вас накармлю". І ён клікнуў жонку, каб несла з каморы збанец смятаны. Замест кампоту, кажа.
Так яно ўсё і адбылося, як задумана было ворагам беларускай рэвалюцыйнай справы. Сакрат Яновіч, па сваёй прыроднай даверлівасці, анічога не прадчуў.
Выйшаў ён, участаваны на ўвесь дзень і да заўтра, каб далей множыць любыя яму гурткі. Ды так ужо нікуды і не дайшоў, жывот не дазволіў, вось. Праўда, адыйшоўся ён кавалак ад хутара агента імперыялізму, варочацца не было калі, ледзь дабег пад першы каля сцяжыны ядловец... За ім наш Сакрат Яновіч і пасядзеў з некаторай асалодаю. На кукішках, вядома. Трохі, як падбіты бандытаватымі паляўнічымі арол. Значыць растапыраўшыся. Нагубляўшы наўкола ад панікі арганізацыйных папераў, можна нават, і тайных... Адчуўшы, нарэшце, палёгку, пабегаў між кустамі за паперамі тымі і рушыў у дарогу. Але, праз якіх крокаў сто, ізноў давялося Сакрату бегма перціся пад куст. І так ён ужо ішоў, ад рання да вечара, як падлічыў пасля: адзін кіламетр праз пяць гадзін часу, г.зн. цэлую гадзіну дзвесце метраў прасоўваўся, а на працягу паўгадзіны — сто. Але ўпарта перабягаў наперад, ад куста да куста, і каб ніхто з праходзячых дарогаю не згледзеў. Ну, быццам партызан які! Ды было тых кіламетраў да вёскі, у якой Яновіч намерыўся сагнаць у гурток свядомых беларусаў. Так ён і не сагнаў іх, дыверсія агента імперыялізму і антыбеларусізму закончылася поўнай удачаю.
Читать дальше