— Што, ты будзеш бараніць вярзілу, які б'е нас!? — крычаць.
— Я нікога не бараню, але я чуў просьбу "пакрыўджанага", — крычу ў адказ.
— Выкінуць нягодніка з машыны! — крычыць нехта ззаду.
— На брук падлу!
І шлёпнуў я на асфальт, як той хітрун пракляты, толькі менш удала, бо ў мазутную лужыну. Яшчэ ляцеўшы, пачуў, што з шафёрам расправяцца на апошнім прыпынку.
1985 г.
Дарагі Астроне!
Звяртаюся да цябе як да Астрона-мужчыны, але мо павінен сказаць: дарагая Астрон? Не, не! Не таму, што хачу быць дасціпным і "раскусіць" твой пол. Барані Божа — меў бы зубы паламаны!. А проста таму, што апошняй ноччу ты мне прысніўся, мо лепш сказаць з'явіўся, у выглядзе прыгожай, ды на дадатак з сексам, жанчыны. А вось і сам сон.
Прыходжу я ў рэдакцыю "Нівы" з нейкімі намаляванымі анекдотамі. Літары гэтых анекдотаў — проста рознаколерныя кветачкі. Там былі зайчыкі, пчолкі, мушкі... Пад зайчыкам напісана (было): "Конь кааператыву сельскагаспадарчых гурткоў".
Я проста не ведаў, што гэты анекдот з зайчыкам можа значыць у кантэксце гумару, і зайшоў іменна туды, дзе ўсё ведаюць, каб растлумачылі. І тут вось, накіравалі мяне да Астрона, якім аказался жанчына, мне знаёмая, але толькі знаёмая, больш нічога. Тым часам Вы, дарагая Астрон, замест растлумачыць мне сэнс намаляваных кветкамі анекдотаў, пачалі прасіць, каб я памог Вам уладзіць аліменты.
Я ў сваёй нераздумнасці, як заўсёды, крыкнуў: "Аліменты я буду плаціць". Пасля злякаўся і прачнуўся, увесь мокры.
Гэта было пару тыдняў таму назад, а я і па сённяшні дзень не чую голасу жонкі, якая паверыла, бо чула, у мой крык.
У сувязі з тым насоўваецца ў маю бедную галаву мноства пытанняў, але я задам толькі адно: Астроне, сны ты адгадваць умееш, а адгадай, калі ласка, што будзе, калі кіне мяне жонка праз твае аліменты?
Твой Вася
Ну, ты ж мяне, браце Васька, і напужаў. Праўда, чуў я недзе, што на Захадзе цяпер сталася вельмі моднай перамена полу. З роскашы людзі бесяцца, але каб так, у белы дзень мяне, старэчу абражаць?! Ты, брат, на сон не спасылайся, а сваю варожую акцыю адразу выяві. Мо мяне з пасады Астрона хочаш скінуць, у бабу пераўтварыўшы? Тады скажы праўду. Сораму ты, Вася, не маеш...
Але няхай ужо табе будзе. Мо і праўда, што табе такая бязглуздзіца прыснілася, што Астрон гэта баба і ты будзеш ёй плаціць аліменты. Але навошта зноў так крычаць пры жонцы?!
Э-гэ-гэ, Васька, штось у цябе з гэтымі справамі не ў парадку калі, крыкнуўшы, так злякаўся, што прачнуўся, увесь мокры. Глядзі, мо дзе з аліментамі залягаеш, ды жонка аб гэтым нічога не ведае. Твае паводзіны гавораць за гэта.
З усяго сказанага выпадае, калі кіне цябе жонка, дык праз твае а не Астронавы аліменты. Астрон, хоць і старэча ўжо, але свае аліменты плаціць ганарова: дакладна і ў тэрміне. Гэтаму навучылі яго яшчэ ў маладосці.
Астрон
1985 г.
Гаварыце, што хочаце, але я не прамаўчу і выкажу, свой погляд на сённяшнюю нашу моладзь.
Усе бачым, як моладзь, ходзячы па вуліцах, цалуецца, седзячы ў парках — цалуецца, у аўтобусах — цалуецца, У прыёмных — цалуецца.
Нядаўна сядзеў я ў чарзе да лекара. Супраць нас, абапёршыся аб паручні, стаяла маладая пара і заўзята слінілася (бо пацалункаў ёсць моц рознага тыпу). Стаялі Да мяне бокам, то я мог не саромеючыся сачыць за імі. Зрэшты, мусіў сачыць, не меў куды вачэй падзець, а адыйсці было цяжка, бо меў звіхнутую нагу. Ну, дык сачыў за імі: мо пачырванеюць, або пабляднеюць? Мо споцяцца, або пачнуць дрыжаць.... Нічога такога не прыкмеціў.
Божа ж ты мой, каб на гэтую тэму хацелі выказацца сённяшнія шасцідзесяцігодкі, думаю, было б што паслухаць. Гэта ж падумаць толькі, паўтары гадзіны цалавацца — і нічога! Учарашняя моладзь на вуліцах не практыкавала, але калі ўжо пацалавалася, дык тыя пацалункі яшчэ да сёння гоняць вецер па губах і "мурашкі" па спіне. Вось, гэта была моладзь!
1985 г.
Доктар Аляксандр Баршчэўскі ў сваім "Беларускім Фальклоры" не дае прапасці нашаму пройдзенаму, ды і мы яшчэ крыху памятаем, як калісьці бацькі жанілі і выдавалі замуж сваіх дзяцей.
Добра, што такі чалавек знайшоўся і ў скандэнсаванай форме даводзіць да нас тое, што перажывалі нашы бацькі і дзеды ў выніку "добразычлівасці" сваіх родных. Не адзін з нас памятае як маці згаджалася выдаць сваю дачку замуж не толькі што за нялюбага, але нават ненавіснага кавалера, гаворачы: "Ідзі дзіцё, калі такая воля бацькі нашага. Я, бачыш, выйшла за яго з мусу і якасці пратаўкла жыццё, то й ты будзеш таўчыся, калі такі наш лёс.”
Читать дальше