Вось паважаны Галоўны, калі не паправіцеся, я Вас скрытыкую на сходзе.
1982 г.
У Польшчы кожны другі мае вышэйшую адукацыю. Тая другая палова насельніцтва, якая мусіць падпарадкавацца адукаваным, проста мучыцца. Мучыцца таму, што не навучылася розных таямніц патрэбных у жыцці. Калісьці, як я быў малы, асноўнай вагой у вёсцы быў бязмен. Я так урос у бязмен, што забыў аб іншых вагах, якія цяпер абавязваюць у таргоўлі. Зусім нядаўна, заехаў да Махнатага, каб купіць танных яек. Яны тады былі па 50 зл. за кілаграм у скупцы. Але я захацеў свежанькіх, свежанькіх. Зайшоў да адной жанчыны і папрасіў: — Цётка, у вас свежыя яйкі?
— А ў мяне толькі свежыя, — адказала, — больш чым месяц не маюць.
— А месяц гэта мала для яйка?
— А многа? Кітайцы ядуць стогадовыя і аж аблізваюцца, а вам месячныя старыя.
— Ну, добра, цёцю, калі можаце, то прадайце, няхай мяне жонка пахваліць.
— А пахваліць, пахваліць! Калі я табе дагаджу, то і жонка пахваліць...
Далей я не дачуў, што яна сабе пад носам сказала, але здагадаўся пасля. Яна проста дадала, што... аж табе адхочацца".
Пайшла да каморы, прынесла шаснаццаць яек, ды пры мне скрупулёзна пералічыла, каб чаго не падумаў. Рогі хустачкі завязала, павесіла на бязмен і сказала:
— Глядзі, паўтара кілаграма, як адрэзаў.
— Ага, — гавару, — і колькі ж за іх возьмеце з мяне?
— Як з цябе, дзевяноста злотых, бо то яйкі і вялікія і свежыя. На скупцы далі б па 50 зл. Але калі ўжо ты прычапіўся, то бяры па 60 (шэсцьдзесят).
Даў я жанчыне сто злотых і гавару: — Я здачы не хачу, дайце мне за дзесяць зл. пэстак. Жанчына насыпала мне шклянку пэстак і я задавалёны паімчаўся дамоў.
У разгары таргоўлі, або з уражання, што нейкі пан прыехаў, жанчына "забылася", што яе бязмен важыць Фунты, а не кілаграмы. І "пана" жонка яшчэ па сённяшні дзень разявай называе.
Ой, забалакаўся аб Махнатым і забыўся чаго хачу, а хачу вось чаго: восьмага ліпеня адарваў лісток з календара і ўбачыў рацэпт на пірог з ягадамі:
"На цеста: 40 даг мукі, 15 даг масла, 15 даг масла расліннага" і гэтак далей. Калі жонка прыйшла з працы, я спытаў, ці ў яе працы не змяніліся вагі, ці ўсё яшчэ грамы, дэкаграмы, кілаграмы?
— Што, зноў сонечнага ўдару дастаў? — спалохалася жонка.
— Не, нічога такога. Я проста хачу пераканацца, колькі грамаў змяшчае адзін даг.
— Які яшчэ даг?! — ужо злосна крыкнула мая.
— А я ведаю які? Тут, у календары за 1982 год так падаюць у рэцэпце.
— Добра было б, каб падалі колькі важыць адзін даг, я б такі пірог пякла. А як спячы, калі ад жыцця адсталі, бяда і годзе.
З вялізарнай прыемнасцю і зацікаўленнем чытаў я адгалоскі Дзеда Кастуся, прысвечаныя паэзіі "белавежцаў", якія былі надрукаваны в 29 нумары "Нівы", што выйшла ў свет 21 ліпеня 1985 года.
Дзед Кастусь на пачатку скардзіцца, што замалая адукацыя ягоная не дазваляе яму напісаць рэцэнзію на творчасць "белавежцаў", але на мой погляд: талент і ўменне глядзець на справу перавышае недахоп адукацыі Дзеда Кастуся. Хвала яму за гэта, але я сёння не аб таленавітасці Дзеда Кастуся хачу пісаць. Ён у сваім выказванні проста паддаў мне думку, каб падзяліцца з чытачамі сваім горам, якое на маю бяду прынесла цывілізацыя ў выглядзе электронікі, дэцыбелаў і іншага дзікага візгу. Ды яшчэ нідзе нельга напісаць, бо цябе зробяць дурным-дурненькім дурнем, бо цяперашняя музыка гэта ж музыка высокародных, моцных і з шырокім кругаглядам людзей, ды і канонам з'яўляецца. Я аднойчы не вытрымаў і пазваніў у рэдакцыю Польскага радыё ў Беластоку ды паскардзіўся, што не магу ўжо слухаць гэтых пастаянных візгаў, якія аж у мазгі колюць, а хацелася б радыё паслухаць, бо мо нешта цікавага дзеецца ў нашым рэгіёне. І, па-другое, ці нельга было б даць крыху і іншай музыкі акрамя англійскіх верашчанняў?
У радыё мне адказалі, што гэткая музыка з'яўляецца канонам нашай радыёвяшчальнай станцыі. Гэта ж абсурд, бо беластоцкае радыё слухае і крыху палякаў, і крыху беларусаў, а не толькі англічане. Прытым гэта радыё слухаюць не толькі адны снобы. Аднак, як паказвае сітуацыя, для рэдакцыі даражэйшы адзін сноб, чым група сталых, парадачных людзей, якія хацелі б паслухаць часам танга, вальс, народную песню, хаця б папалам з візгамі наркаманаў.
Дзед Кастусь, ды і не толькі ён, бо многа старэйшых людзей, памятае, што ў пяцідзесятыя гады маскоўскае радыё перадавала канцэрты па просьбе польскіх радыёслухачоў у 15 гадзін кожнае нядзелі. А я быў такім іх прыхільнікам, што мяне нідзе і нішто не магло ўтрымаць, каб не пабегчы дадому і не паслухаць. Я тады жыў у Варшаве. Калі меў свабодную нядзелю і з сям'ёй паехаў на Віслу, то ўсё роўна перад канцэртам пёр дамоў і цягнуў за сабою сям'ю. Спярша жонка-полька не магла мяне зразумець, а пасля і сама хацела слухаць, бо пачула смак гэтых мелодый. І я любіў слухаць кожную музыку, аж пакуль у Беластоку не сустрэўся са Станам Барысам. Сатана падкусіла мяне пайсці на гэты канцэрт. Атрымаў я месца ў першым радзе пасярэдзіне, як нейкі прынц. Перад выступленнем Стана Барыса адбываўся конкурс на правы дарожнага руху і мяне выбралі старшынёй журы. Кончыўся конкурс, я раздаў узнагароды і зноў заняў сваё "ганаровае" месца, чакаючы на канцэрт. Бачу, уводзяць грамадныя калоны, абставілі імі ўсю сцэну і абматалі правадамі, а пасля ўвайшоў на сцэну артыст з групай акампаніятараў. Божа, як пачалі біць у бубны, як пачалі, верашчаць на ўсе магчымыя і немагчымыя галасы, то Стана Барыса гледачы толькі бачылі, а не чулі. У мяне сэрца перлася чагосьці пад горла, лёгкія дрыжэлі, язык вылазіў на бараду, а зубы чахалі. Хацеў усё кінуць і пайсці, але ж не гонар — людзі скажуць, што некультурны. Апух я, але дасядзеў да канца, абяцаючы сабе, што больш ніхто мяне не загоніць на падобны спектакль. І не пайшоў, ды і радыё выключаў. Але ж глядзі, аднаго разу, не так даўно прыехаў ў Беласток калектыў песні і танца з беларускага калгаса "Прагрэс". Гэты калектыў спяваў цудоўна, але прыбывалі яму беластоцкія музыканты з магнітафоннай стужкі. Гледачы, адным словам, публіка, паўпіхалі пальцы ў вушы і нейк да перапынку вытрымалі.
Читать дальше