— Каб розумам абхапіць неабхопнае, трэба дарасці да генія, — параіць Куптэль.
Будзем старацца. Толькі глузды вярэдзіць паскудная думка: ці гэты Рэзун не з беларусаў? На такую выснову штурхае прозвішча і від геніяльнасці. Толькі мы здольны так паганіць сваё, сваіх і сябе. Тут мы геніяльныя ад роду, ад пачатку адхілены ў непрадбачанае.
Цыклафрэнія (маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз) сярод высокаарганізаваных млекакормячых — пашыраная хвароба. Асабліва ўпадабала яна творцаў. Як даказвае навука, мастацкі атрад прыматаў ад 10 да 30 разоў часцей, чым іншыя гомасапуны, з'яўляецца яе носьбітам. А сярод абранцаў рэй водзяць акцёры (17 працэнтаў) і паэты (13 працэнтаў).
Цыклафрэнікі бавяць час між узлётамі і ўпадкамі. У залежнасці ад „фазы” бурляць кіпучай энергіяй або патанаюць у безнадзейнай роспачы. Між крайнасцямі захоўваюцца зусім нармальна. У стане ўзлёту мастак, перапоўнены бязмежнай верай ва ўласныя сілы, ломіць бар'еры мастацтва і прарываецца ў невядомую прастору. І ў мазгах творцы ўзнікаюць нечаканыя асацыяцыі — звычайнае пераўтвараецца ў нязвыклае. Скажаце: і добра, гэта і з'яўляецца эсенцыяй мастацтва.
Добра, калі мастак застаецца мастаком. А калі ён стане прэзідэнтам, як акцёр Рэйган? Тады мірнае зорнае неба можа пераўтварыцца ў зорную вайну. Вось дзе наша самая вялікая немач: палітыкі не нараджаюцца палітыкамі, яны імі становяцца. Сёння ён асенізатар, а заўтра — фюрэр, як жывапісец Гітлер ці паэт Пол Пот. І замест прыбіраць гарадскі клазет, пачне чысціць краіну, а то і свет. Між „фазамі” ён нармальны. Часам нават дзіця пагладзіць па галоўцы, усміхнецца да нас пластмасавай усмешкай. Гарантыі на аздараўленне аднак не дае.
Уся надзея ў кучаравай „Дольцы”.
Было на Блізкім Усходзе. У ІІІ ст. нарадзіўся аўтар Кнігі гігантаў, напаўлегендарны Мані. Заснаваў ён вучэнне аб першапачатковасці і неадольнасці зла. Зло незалежнае ад дабра. І роўнае яму, як па ўзросце, так і па сіле. Гісторыя — барацьба святла і цемры, дабра і зла, Бога і чорта. Чалавек дваісты: створаны пеклам, але ў сааўтарстве з небам. Адсюль — усё зло ад чалавека. Чалавек — зло. Вучэнне жывучае. Пашырылася і апанавала блакітную планету. Мы ў аблозе маніхеяў. Будзьма чуйнымі!
Калі вы прачытаеце, што ў Беларусі ўсё зло ад Лукашэнкі, ведайце — напісаў гэта запраграмаваны пад „Рацыю” маніхей. Лукашэнка — чалавек. Лукашэнка — зло. Калі святар корань зла шукае ў іншаверцу, ведайце — прапаведуе блаславёны маніхей. Іншаверац — чалавек. Іншаверац — зло. Калі ўбачыце ў тэлевізары палітыка, які з іскрамі ў вачах звальвае свае грахі на плечы праціўніка, ведайце — гэта ідэйны маніхей. Праціўнік — чалавек. Праціўнік — зло. Калі ж пачуеце, што я стаў асатанелым ворагам Барскага, ведайце — вестку пусціў жалю варты маніхей.
(прэс-агляд)
На кангрэсе Амерыканскай Асацыяцыі Славянаведаў (AAASS), які прайшоў у Бока Ратон, Фларыда, было ўсяго 1300 удзельнікаў. Значнай перашкодай правядзення кангрэса стаўся ўраган „Жорж”, дзеля якога шмат хто не здолеў прыехаць на кангрэс.
Славянам усюды вецер у вочы. Аднак наймацней дзьме беларусам. У беларускай сесіі ўзяло ўдзел (толькі — аж?) 16 асобаў.
* * *
Наш разумны беларускі народ перастаў думаць. (Настальгічна-аптымістычная выснова Івонкі Сурвілы, старшыні Рады БНР).
Значыць, разумнік дацяміў — Амерыка за яго думае!
А мы людэ тэмны, нам трэба грошы тай хорчы хорошы. Ну і шчодры манарх прыдаўся б.
* * *
Шукаю нашчадкаў княскіх дынастый, якія б маглі прэтэндаваць на вялікакняскі пасад. Мы маем звесткі, што князі Радзівілы жывуць у Амерыцы.
Алесь Чорны.
Сябра маладзёвай нацыянал-патрыятычнай манархічнай арганізацыі „Ліцвіны”, Гомель.
Дык хто сказаў, што народ не думае? Прыязджай, браток, да нас, у суседнюю манархію. На такі пост у нас прэтэндэнтаў процьма. Куды Радзівілавым нацыяналпярэкрутам да іх.
І піць будзем!
І гуляць будзем!
Нацыянал-патрыётак
Цалаваць будзем!
Лідэр — вядучы. Спасцігшы хітрасць слова, лідэр ператвараецца з павадыра ў пастыра, затым у правіцца, правадыра, увасабленне партыі, нацыі. Спынімся на першай ступені таінства — павадырстве. Павадыр — той, хто водзіць каго-небудзь, паказвае дарогу. З'яўляецца ім, для прыкладу, вядучы белвытоцкага тэлецэнтра. Яму здаецца, што калі ён прывёў у студыю разгубленага барана, дык без ягонай дапамогі кучаравы сваяк згубіць арыентацыю і, замест да пустарогага сямейства, будзе бэкаць да ваўкоў. Таму ён, хоць у матэрыі ні бэ ні мэ, сцябае чэмпіёна жвачкі павадырскім словам, пакуль той не завые па-воўчы.
Читать дальше