— Я цяпер на першай лініі! — захліпаўся ад шчасця. — Я — першалінеец! — выпучваў грудзі.
— Усе за аднаго, адзін за ўсіх! — храбрыўся.
— Я гатоў! — кляўся.
— Wolnoć Tomku w swoim domku! — падагуліў узнёслую ўрачыстасць Вялікі Электрык, забыўшыся на падзею, дзеля якой зышлася павадырская эліта. А мо ляпнуў старапольскім выслоўем так сабе, без палітычнага падтэксту? Ён, вядома, за словам у кішэнь не лезе.
Як і я:
НАТАслоўцы
НАТА. Ад Наталій, Наталія (лац. natalis — родны).
Ната, Даната, Натан, Рэната, Фартуната.
Натала, Наталенька, Наталечка, Наталка, Наталанька, Наталачка, Наталушка, Наталька, Наталюшка, Натальля.
Натанечка, Натанька, Натанюшка, Натаня.
Натаха.
Натачка.
Наташа, Наташанька, Наташачка, Наташка, Наташонка, Наташонак.
Натка.
Наток.
Натоленька, Натолечка, Натолька, Натоля.
Натоха.
Натоша, Натошачка, Натошка.
Натуленька, Натулечка, Натулік, Натулька, Натульчык, Натуля, Натуня.
Натусенька.
Натусечка, Натусік, Натуська, Натуся.
Натушка.
Націк.
Падзеі пайшлі не ў той бок. Сталіцу свету з Масквы перанеслі ў Нью-Йорк. А на якога ражна? Каб з поступу часу ўвайсці ў наступ бясчасся? Муляла братняя рука дапамогі? Варшаўская дамова не падабалася?
Апанавала нас засцянковая мегаламанія. І выстаўляем яе як казырную карту. Куды ні накіруй тэлевізар, узбуджаныя дзяржаўныя твары. „Учарашнія” і „пенапластыкі”. Торжышча словаблудства!
Далдоняць да знямогі. Усе „най”. Усе за законы Дабра, Ісціны і Хараства. Бы зышлі з іканастаса. Палякі, чэхі, украінцы. Толькі ў Лукашэнкі крыважэрныя іскры ў вачах. Асабліва, калі даказвае, што цэнтр Еўропы ў яго. А ў каго цэнтр Еўропы, то вядома...
Каб толькі за чубы не ўзяліся. Нават урачыста-ўзнёслы Кучма тырчыць:
— Цэнтр в мэнэ!
Адкрыў спрэчную пупавіну ажно ў Карпатах. Гавел тэатральна надуўся. А ці мне апісваць, як гарыць нецярпеннем уступіць у бой каталізаванае сэрца Санюты Кваса?
І ўсё з-за перамяшчэння сталіцы свету, а з ёй і бескарыснай дружбы. Новы суверэн — не Хрушчоў, што за добры ўспамін падарыў Крым украінцам — навечна замацоўвае за сабою права віраваць планетай. Дык уладалюбныя еўрыкі схапілі за хвост хімеру, ілюзорную кропку на геаграфічнай карце. Толькі „цэнтр” не перадалі яшчэ амерыканцам. Мазгі даўно ўжо за акіянам. А сэрца? Чаму ніхто не хоча праліваць ні слёз, ні крыві за сэрца Еўропы? Пачуцці перамагла геапалітыка. Сэрца, нюхам адчуўшы працэс, саматрансплантавалася ў Новы Свет.
Застаўся „цэнтр”. Хто пераможа? У Лукашэнкі нулявыя шанцы — сусветная супольнасць і Мірановіч не дапусцяць, каб нелегітымны сатрап валодаў „цэнтрам”. Кур'ёзным бачу анексіянісцкі сверб Кучмы. Гавел здасца без бою. Выходзіць, арэол славы ўзвенчыць узбуджаны твар недаспелага магістра.
І ён, у рамках традыцыйнай польскай талерантнасці, прымірэнча пацісне гаспадарскую руку двойчы магістру, і скажа;
— Я — Аляксандр і ты — Аляксандр; мы абодва пераможцы. Цэнтр у Белменіі. Сочтемся славою...
А мы? Што падкінута нам, звычайным заложнікам вялікай палітыкі? Калі паслухаць беларускіх вучоных, мы павінны толькі маліцца за грахі самаедства.
Затыкаю вушы.
Плячо ў плячо з прэзідэнтам
Увесь свет — тэатр, а ўсе людзі — акцёры.
Шэкспір
Адны кажуць, час мяняецца. І заўсёды ў неспрыяльны бок для беларусаў. Іншыя перакананы, што кожны народ жыццё сваё робіць сам. Адны і другія адно гавораць, а іншае робяць. Як мой сусед. Непітушчы, а даказвае, што нарадзіўся з чаркай у руцэ. І алкашы падваротныя яму вераць. Клянуцца, што і яны з такога самага генафонду. Іх права, кожны чымсьці ганарыцца. Нас нічым не здзівіш. Толькі і ведаем, што пераключаемся з аднаго коду на другі. Тым больш маўленчага. Мова — пачатак наш і працяг. Хто гэта сказаў? Нейкі сляпы правідзец. Хоцькі — наш працяг!
Усё ідзе як мае быць. Правы чалавека? Аб чым вы, ахрыплыя клоуны словаблудства? Уздумалася Пазьняку паваяжыраваць па дыяспары — Very good! Пожалюста! Вырашыў Шарэцкі адмаліць старыя грахі ў Вострай Браме — гоп у Вільню! Намеціў Быкаў узяць Лінію Манергейма — узяў. Вы, як сабе хочаце, а я за правы для Лукашэнкі. Што ён — не чалавек? Дык чаму вымушаны ездзіць на спектаклі толькі ў Маскву?
Але Лука ўзяўся за розум, даў дазвол на эксперымент — і ў Мінску ўзнік прэзідэнцкі тэатр. Значыць, я туды. А там чарга, як у польскім банку, разгалінаваная. У які хвост учапіцца, хто яго знае. Вымахваючы загранічным пашпартам, праціскаюся да касы. Чаравікі ўзнімаюць вэрхал:
Читать дальше