Чысты, без травы дворык. Падмецены. Па дарожцы, выкладзенай з чырвонай цэглы, Павал пайшоў да веранды, нагінаючыся, — так нізка цераз плот перавешваліся галіны; не было ніводнай падпоркі. Тым часам пачулі яго і без сабакі, і ўбачылі. Выскачыла на ганак жанчына, жанчынка, лепш сказаць, расточку Паўлу да грудзей; канечне, такой навошта падпіраць галіны? Выскачыла, застыла, рагі хустачкі цярэбячы, — чакала, па беларускім звычаі, пакуль падыдзе і першы павітаецца чужы чалавек. І на яго сціплую — рэпеціраваў некалі, яшчэ ў студэнцтве, перад люстэркам, на розныя выпадкі жыцця падбіраючы, — усмешку і на «дзень добры» адразу ж абазвалася: «І вам добрае здароўе», а сама прытушыла ў насцярожаных вачах вечную гэту трывогу, спадчыну гэтую горкую, савецкую: толькі бяды можна чакаць ад такіх вось раптоўных наведак. Усё ж была яна зусім не злосная, не заплаканая, на жонку алкаша не падобная. І апранутая даволі ахайна: фартушок, кофтачка імпартовая (з «гуманітарнай» дапамогі неданоскі, падумаў Павал, і не памыліўся), у маленькіх, гумовых, якія дзеці ў дождж абуваюць, боціках — не забываць нічога, усё запамінаць!..
— Гэта ваша прозвішча… — Павал прачытаў з паперкі, хоць помніў гэтае прозвішча не горш, чым уласнае.
— Маё. А што?
— А кім вам даводзіцца… — ды ізноў з паперкі.
— Сынам… А што такое?
— Сынам? — гэты новы, даволі нечаканы паварот прымусіў яго на міг задумацца. Калі даўно, яшчэ мінулай вясною ён упершыню адкрыў у друку плагіятара і паспрабаваў ўявіць яго, толькі два шаблонныя тыпы ўпарта яму маляваліся: першы — стары, альбо малады, што бывае часцей, графаман, замучаны вяртаннем сваіх рукапісаў, і другі — звычайны якісь п’яніца, праўда, з сярэдняй ці нават з вышэйшай адукацыяй — такіх поўна цяпер, якому не хапала на банальную апахмелку. У рэальнасці ўсё атрымлівася інакш. Гэты «клапатлівы сынок», гэты хітра-абачлівы перастрахоўшчык не належаў ні да першага, ні да другога тыпу. І адразу ж новымі гранямі бліснула для Паўла гэтая гісторыя…
— Бачыце, — пасля кароткай замінкі пачаў ён, — я сам журналіст. І па заданні сваёй рэдакцыі хачу напісаць пра вашага сына ў газету. Пра яго творчыя поспехі. Адкажыце мне, калі ласка, усяго на некалькі пытанняў, гэта зойме не больш пяці хвілін.
Вось так размаўляць трэба! Раз — і супакоіўся чалавек, і акрыяў, і ўжо шчаслівы ад таго, што не спраўдзілася благая навіна, і ўжо ўсю душу табе вывернуць гатовы…
— Дык чаго ж мы стаім? — праходзьце ў хату! Дый перакусіце заадно, вы ж з дарогі! У мяне і капуста ў печы — як ведала, і з грыбамі, і з мясам…
— Нене, не магу. Няма калі, — гэта было б тое самае, як паесці гэтай капусты з грыбамі, а потым напляваць у міску. — Давайце лепш у двары пасядзім, дзенебудзь на лаўцы, — прапанаваў Павал, нават яшчэ не ведаючы, ці ёсць тут увогуле лавачка, але азірнуўся і ўбачыў яе: у закутку каля плота, зацененая дрэвамі, маленькая, акурат двум прыляпіцца, і нізенькая — пад гаспадыню.
— Ды і куру я, — дадаў ён.
— Ну і што, курыце на здароўе! Мае абодва курылі, дык я любіла!
Аднак, хаця і з неахвотай, пайшла ўслед за ім. Перш чым сесці, абмахнула фартухом дошку. У высокага Паўла, калі ён апусціўся на лаўку, калені ледзь не дасталі падбародка.
— Абодва — гэта хто? — спытаў ён, забаўляўчыся з цэлым, цвёрдзенькім, нераспакаваным яшчэ пачкам цыгарэт.
— А чалавек мой, і сын. Чалавек памёр, а сын у горадзе, на заводзе — вы ж ведаеце, мусіць? Дык і курыць няма каму…
— Вашага сына, — усё яшчэ мякка адказаў Павал, — я ведаю толькі завочна. Па публікацыях у газетах і часопісах. Дык ён, значыць, друкуецца, і ўказвае ваш адрас, так? І вы атрымліваеце за яго ганарар… ну, грошы панашаму, — пераклаў ён.
— Так! Па пошце мне прысылаюць. Я ўжо нарадавацца не магу, я ужо ж не думала, не гадала, што ён калі ў людзі выб’ецца… Піў жа ён у мяне, крэпка піў — вы ж мо ведаеце, і лячыўся, і… — не дагаварыла. — Усяго было! Аж во ўзяўся за розум, дзякаваць Богу…
— Ды няўжо гэта такія вялікія грошы? — сказаў ён са шчырым здзіўленнем. — Ну, я сам друкуюся — гэта ж капейкі.
— Канечне, вам, маладому! А мне ж гэта як з неба сыплецца! Я хоць і сабе што купляць стала, і хаваю — мо ўнукі калі будуць, ён жа нежанаты пакуль, але мо знойдзе, дасць Бог…
— Мо знойдзе, — пацвердзіў Павал. — Скажыце, а даўно ў яго талент прарэзаўся? Даўно яго творчы сверб ахапіў… ну, — як і ў выпадку з ганарарам вымушаны быў паправіцца ён, — як гэта ваш сын ні з таго ні з сяго друкавацца пачаў, пісьменнікам зрабіўся? Гэта ж не так проста. Многія гадамі вучацца, і начамі не спяць — чытаюць, пішуць, а ўсё не атрымліваецца. А ў яго неяк адразу, дужа лёгка ўсё гэта пайшло.
Читать дальше