У аўтобусе ўжо ўспомніла, што таблетак купіць забылася, і аптэка ж была на вакзале. Хай, мо ўжо другім разам калі.
Не заходзячы да сябе, як толькі з аўтобуса, перш-наперш кінулася на той канец вёскі — да Кузьмы. Няма нікога, хата на замку. Антоля — на другі канец, да Еўкі. Аж, не даходзячы да сваёй хаты, яшчэ здалёк бачыць — ідзе там нейкая работа. Антоля бліжэй — і вачам не верыць: новенькі плот амаль гатовы, Кузьма шула ўкапаў, прыбіў новую жэрдку, цяпер дошкі мацуе, а Еўка збоку стаіць, цвікі падае.
Антоля як была, так да яе:
— Мая ты галубка, а я ж думала…
— Цішэй ты, — цыкнула Еўка. Адышліся ў двор: — Ён дарма што кажа — глухі, — кіўнула на Кузьму, — а што не трэба, уміг пачуе. Я ж не паспела табе сказаць тады, што да яго нейкая баба з Залозак, таксама ўдава, сваталася, у прымы хацела пераманіць… А каб я не перахапіла і ён пайшоў? Што б мы без яго рабілі? Ты ж знаеш, які мой зяць, дарма што разумны, а на работу нікудышны, ён жа ні араць, ні малаціць, ні каня запрэгчы, ні кабана забіць… А гэты будзе нам мужчынаю, адзін на двох. Я ж і рабіла з такім, як той казаў, прыцэлам…
Так і прайшоў у Антолі памарак, дзякуючы добрым людзям. Зняўся сам сабою, як і не было яго. Хоць пад старасць, а і ёй шчасце выпала.
1998 г.
Аднойчы Павал зразумеў, што далей цягнуць нельга. Восьвось мог знайсціся яшчэ адзін такі ж «разумны», і апярэдзіць. Таму для рэалізацыі свайго даўно чаканага, такога заманлівага (і даволі подленькага) плана ім быў выбраны ўжо заўтрашні, будні дзень. Нікога ў рэдакцыі, дзе працаваў, не папярэдзіўшы, нікому нічога не сказаўшы, зраніцы ён проста паехаў на вакзал, купіў білет, сеў у аўтобус, разгарнуў газету, унурыўся ў яе, а апалове дванаццатай нага яго ступіла на высушаны летнім гарачым сонцам перон аўтастанцыі зусім незнаёмага мястэчка, якое дагэтуль жыло толькі ў яго ўяўленні.
Аўтастанцыя і плошча вакол яе з’яўляліся цэнтрам. Некалькі дарог, асфальтаваных і звычайных, земляных, як да Рыма, вялі усе як адна да будыніны сельмага пад назваю «Гастраном». На самым відным месцы, ледзь не пасярод плошчы, тырчэла прыбіральня — нават не цагляная, а збітая з дошак; уверсе на дзвярах какетліва былі прарэзаны адтуліны ў форме сэрцаў. Якім да болю знаёмым усё гэта раптам падалося!.. І гэты гастраномчык, каля ганка якога зямля ўсеяна «бычкамі» і коркамі зпад піва; і гэтая прыбіральня, у якой Павал ніколі не быў, але ведаў — усярэдзіне будзе там выкалупленая сцізорыкам паміж дошак шчыліна, каб падглядваць за жаночай палавінаю; і гэтыя дарогі, якія чым далей разыходзяцца ад цэнтра ўглыб мястэчка, тым менш на іх асфальту, а больш пылу і каровячых «аладак», тым вышэй лапухі паўз платы, тым часцей яны разгаліноўваюца, расцякаюцца на вулічкі, завулачкі і проста сцежкі, захінутыя травою, — сцежкі маленства, на якіх так часта збіваў Паўлік босыя ногі, не ўгледзеўшы камня…
Нічога дзіўнага, што патрэбная хата адшукалася адразу. Трэба было метраў дзвесце прайсці ад аўтастанцыі, затым вось тут, дзе калонка з прывязанай да ручкі цаглінаю, павярнуць улева — і ўсё, вунь шыльда на плоце — «завулак Маставы». Аднак Павал яшчэ дастаў з нагруднай кішэні кашулі паперку і зверыўся. Усё правільна: Маставы, дом тры.
Вуліца была як вуліца, і хата як хата. Стаіць сабе ў прысадзе, свеціцца на сонцы сваім белым шыферным дахам сярод зеляніны яблынь і вішняў. Ціхая такая, задуманая хатка, стомленая ад гэтага гарачага лета, стаіць, марыць хутчэй ужо вымыцца дажджамі, ды высушыцца вятрамі, ды нарэшце соладка заснуць пад белай коўдрай снегу.
Урачыстасці не хапала. Не ў джынсах пажадана было быць, а ў касцюмчыку, пад гальштукам, дзвярыма «Волгі» ці «ўазіка» калгаснага ляпнуць… Павал пасміхнуўся. І калі пачаў намацваць праз дзірку ў веснічках нязвыклую, для чужой рукі наравістую клямку, адзначыў, што вось ужо ў другі раз (першы — замест ладнай хаткі чакалася ўбачыць развалюху) уяўленне падводзіць яго. Сабака не брахаў. Але ж павінен быць сабака! Павінна сядзець у двары кампанія алкашоў, ну, на крайні выпадак, два алкашы. Куча пыльных парожніх бутэлек зпад гарэлкі, якія чамусьці амаль ніколі не прымаюць, павінна ўзвышацца пад плотам. Баба сварлівая і заплаканая павінна быць…
Ён справіўся сяктак з клямкаю і зайшоў у двор. Памылка адно падагрэла цікавасць. Як у добрага выжла, што напаў на след, так і ў журналіста Паўла ў прадчуванні блізкай здабычы абвастрыліся пачуцці. З гэтага моманту ён павінен усё запамінаць, адзначаць і ў памяць адкладваць кожны свой крок. Сланечнікі ў агародчыку пад яблынямі, гуркоў загончык, пчолы над жоўтым іх квеценем — Божа мой, калі гэта ўсё было!..
Читать дальше