Потым цалуе мяне.
— Можна, хлопцы залезуць па грушы на твой балкон?
Можна. Адчыняю балкон. Трое. Праходзячы праз пакой, адзін азіраецца і аглядвае мой ложак.
— А дзе баба? Слухай, першы раз бачу, каб хлопец адзін спаў, без бабы…
Атрымаў ганарар. Нешта каласальнае па тых часах.
«Замочка». Прастаўляю чамусьці не хлопцам, а дзеўкам. П’ем гарэлку і шампанскае. Я адзін, першакурснік, іх штук шэсць дзевак, усе з пятага курса. Зрэшты, мяняюцца пастаянна, адна выходзіць, другая заходзіць, у вачах ужо калейдаскоп ад іх. Нехта мыецца ў душы, цурчыць вада. Кагось ванітуе ў туалеце.
Я не паспяваю выпіць, як дзявочыя рукі цягнуцца да мяне і ўвесь час падліваюць. Потым тыя ж рукі абвіваюцца вакол маёй шыі. Магнітафон, дыскета з нейкім арабскім дзікім акцэнтам. «Натаська… лублу… спамінаю…»
Наташка раве на маіх грудзях.
— Магла б нарадзіць яму, а зрабіла аборт, б… такая! Цяпер была б пра яго памяць! А так — адна дыскета! Хоць ты ў… гэтую дыскету засунь!
У мяне грудзі мокрыя ад слёз, шчокі — ад слюняў, пацалункаў… Вільгаць, бульканне спіртнога, шум вады, вады…
— Давай пажэнімся? Ты будзеш пісаць, я хадзіць вакол цябе на дыбках…
— /…/
— Прыдурак! Я ж, прайшоўшы такое, не гляну больш ні на кога! Я ж на цябе маліцца буду! Дзяцей табе нараджаю, казёл!..
«Ты ўмееш кахацца?» — спытала Аксана.
Я ніколі не думаў, што гэта трэба ўмець, і толькі пазней зразумеў, што яна мела рацыю і вельмі талкова, правільна і практычна спытала. Умець кахаць, умець кахацца — талент, не кожнаму дадзены, гэта не проста кляпанне дзяцей (выдатны афарызм: «Калі Бог стварыў чалавека, ён не запатэнтаваў сваё вынаходніцтва і цяпер кожны дурань можа рабіць тое самае»).
«Ты… дзяўчынка?» — у сваю чаргу спытаў я… Ды не! — хлушу, надакучыла гэтае сюсюканне ўжо.
— Ты цэлка? — так я спытаў.
Плач… Я дастаю насоўку. Яна сморкаецца. Слёзы, смаркачы… Колькі многа ад дзяўчат вільгаці!
Ці варта лішні раз паўтараць, што ўсё скончылася просьбаю ўзяць яе замуж.
— Аксана! А проста пагуляць? Як іншыя робяць… Прыгледзецца адно да аднога, прыцерціся… Атрымаецца — не атрымаецца…
— Ну не! — аж слёзы высахлі. — Хопіць! Нагулялася. Час толькі траціць.
З кім гэта было? Дзе? Калі?
— «Ведаеш маю мару? У чым для мяне сэнс жыцця, да чаго я імкнуся? Знайсці сабе дзеўку-нацыяналістку».
— «А меня?»
— «Ты не ведаеш мовы».
— «Я выучу».
— «Гэта намнога сур’ёзней, чым табе здаецца».
— «Я стану серьёзной».
Не ведаю, і ніколі ў жыцці не ўведаю, чаго ўсе, як адна, дзеўкі, з якімі зводзіў мяне лёс, усе пагалоўна! — ад 15 да 35, замужнія і вольныя, марылі выйсці за мяне замуж і ні адна не згаджалася «проста пагуляць», як з іншымі хлопцамі, ці хаця б сябраваць.
Дык, можа, вось для чаго я пісаў?
Можа, тут наадварот — не прасцей, а крыху глыбей? Можа, не на паверхні, не ў матэрыяльна-вонкавым (слава, чытачы, грошы, СП і інш.), а ў прыхаваным, ірацыянальным справа?
Дзявочы інстытут, дзявочы факультэт… Абшчага дзявочая… Які магутны раздражняльнік! Якое моцнае, увесьчаснае трэба было яму супраціўленне!
Дык, можа, прычыны пісання былі зусім не зямныя, не шаблонныя, а — лячэбна-прафілактычныя, так сказаць — псіхатэрапеўтычныя? Можа, я проста ратаваўся літаратураю? Можа, гэта была самаабарона арганізма? Своеасаблівая разгрузка, крык болю і тупат ножкамі дзіцяці, якое стукнулася і якому баліць?
Жаданне ўцячы ў душ, у пакой, у літаратуру, замкнуцца, зачыніць усе дзверы і вокны, каб нічога не чуць, не бачыць, акрамя выдуманага свету, акрамя штучна створанага жыцця, дзе ўсё не так, усё інакш…
Якое раздолле для псіхааналізу! Вось дзе размахніся, каса, разгарніся, плячо! Якая спакуса ва ўсім гэтым пакалупацца, зашыцца ў яго, нырнуць з галавой! Памацаць і паспрабаваць на зуб розныя псіхааналітычныя тэорыі!..
Яна простая, як дышла (паводле Фрэйда — фалас): у кожным сучку на дрэве бачыць мужчынскае, а ў кожнай трэшчынцы на кары — жаночае.
У аснове любога ўчынку, тым больш маніі (а пісьменніцтва такой і з’яўляецца), ляжыць альбо эдыпаў комплекс, альбо сексуальная траўма, атрыманая ў да-свядомым, пад-свядомым перыядзе жыцця.
Выключна ўсё, ад насмарку да шызафрэніі, вырастае з таго, што вышэйшыя ўчасткі мозгу, сфармаваныя цывілізацыяй, ваююць з ніжэйшымі — першабытнымі, інстынктыўнымі, жывёльнымі.
Читать дальше