— О не, Дзіма, — уздыхаў пенсіянер, адганяючы цыгарэтны дым, які кепска пераносіў. — Ты шчаслівы толькі адным — няведаннем. «Мы з калхоза, нам не трэба». Каб ты хоць дзень пажыў у сапраўднай цывілізаванай краіне — ты б іхняму сабаку пазайздросціў бы. Хаця! — мы ўжо нават зайздросціць развучыліся. Нас можна прабіць чым-небудзь?..
Пагаварыўшы так, яны развітваліся і разыходзіліся: адзін — прымаць ванну, піць чай з мятаю, у мяккім крэсле глядзець па тэлевізары пра стыхійныя бедствы і крымінальную хроніку, а пасля ў цёплым ложку абдымаць прыгожую маладую пакорную жанчыну; другі — у свае халодныя чатыры сцяны, дзе стол, ды лямпа, ды нікому непатрэбныя паперы, ды шклянка кефіру на тумбачцы перад сном — па модзе старых людзей… Ды што тут шмат распісваць, і так вядома — Бог няроўна дзеліць!..
Калі адкінуць тагачасную сацыяльную лухту, палітычную атмасферу, якія — толькі фон, у гэтым урывачку як на далоні, як у люстэрку ўсе бліжнія і дальнія планы. Во калі і куды яно сягалася! А яшчэ ж не было ў паміне ні красуні (Г)Алі, ні аднапакаёўкі, ні службы, ні тэорый-прыкідак, як тое гіпатэтычнае, будучае «шчасце» ўтрымаць і зафіксаваць!
Самае дзіўнае, што часткова гэта спрацавала. У Саюзе пісьменнікаў мяне заўважылі, выдалі паперу, у якой на імя рэктара пісалася, што ў выпадку вольнага размеркавання мне гарантуецца праца і жыллё ў сталіцы.
Размахваючы гэтым магічным, усемагутным дакументам (які для блатной інстытуцкай кодлы быў «фількінай граматай»), я — малады, ранні, перспектыўны, удачлівы і шчаслівы — залятаю ў кабінет да дэканшы.
— Вы хочаце вольны дыплом? — будзённа спытала Р.А. — А дзе вы будзеце жыць і працаваць? Трэба хоць маленькая, ілюзорная гарантыя…
— Вось! Не маленькая і не ілюзорная. Ліст з самога Саюза пісьменнікаў.
— А! Тады — усё. Няма праблем. Жалезна. Я падрыхтую рэктара, усіх, усіх… Вы толькі прыдзеце на папярэдняе размеркаванне і распішацеся. І ўсё ў вас будзе цудоўна, у тэатры хадзіць будзеце, на машынах катацца, можа нават кніжку напішаце… Пашэнціла вам!
13. Папярэдняе размеркаванне
Перад размеркаваннем дэканша, заходзячы са стосам папак у актавую залу, кінула на хаду: «Андрей, свободный диплом не получится, мы просто распределим вас в Минск. В те библиотеки, которые будут».
Нейкі адзін працэнт дыскамфорту ўзнік.
На крэслах, у чаканні сваёй чаргі. Размова з выкладчыкамі. «А вы куды, Андрэй?» — «Як Астап Бэндэр — вольная прафесія. Мінск, папера з СП». — «Вось малайчына. Пашэнціла!»
Мая чарга. Заходжу. Вельмі многа людзей.
Дэканша. Андрей Федаренко, холост, из Мозыря.
Рэктар. Вы где прописаны?
Я. Часова ў Мінску, а так у Мазыры.
Рэктар. Есть Мозырь?
Голас. Есть!
Я (думкі ўжо ясныя). Я хацеў бы застацца ў Мінску ці ўзяць вольны дыплом. У паперы, якую я падаваў, напісана, што хутка я ўступлю ў СП, а ён запяспечыць мяне жыллём.
Галасы (злева). СП! СП — Союз писателей.
Дэканша (спахопліваецца). Ах, да, вот он приносил…
Рэктар (чытае праз тры словы). Здесь напечатано плохо… Прозаик… Секция… Ну и что? Без прописки в Минск направить мы вас не можем.
Галасы (справа). Мележ в Хойниках жил… Гомель есть! Это ж, наоборот, нужно в деревне прожить — напишешь больше. Как это его родина и он не хочет туда ехать?
Рэктар. Не тяните время. Есть Гомель и Мозырь. Ваша бумага не имеет юридического обоснования.
Я. Калі яна пісалася, яна і не прэтэндавала на юрыдычны дакумент, а была як асабістая просьба.
Голас. Никто тебе квартиру не даст, никакой СП! Он не распределяет квартиры! (Вось і памыляліся.)
Галасы. Если ты вступишь в СП, тебя СП вытащит в Минск в любое время! Ты получишь в провинции жильё, все удобства!
Я ўстаю, падыходжу:
— Дайце паперу.
Забіраю і іду да дзвярэй.
Галасы. Стойте! Стойте! Андрей, вернитесь!
Вяртаюся.
Галасы. Всё равно нужно подписать, даже когда и не едешь.
Парторг. А вы да чэрвеня зможаце дастаць прапіску?
Я. Змагу.
Галасы. Где он сможет? Да что вы говорите вообще?! (На парторга.) Сыс и Глобус в деревнях живут! Да что он написал? Коллективное письмо в Союз писателей подать, чтобы не принимали за такое поведение!
Голас. Вот что, чтобы не тянуть время, пишем — Гомель, а ты напротив своей фамилии пиши — нет.
Я (дэканшы). Чаму мне гэтага не сказалі, калі я да вас заходзіў?
Дэканша. Я сказала, что доложу комиссии.
Я. Доложили?
(Маўчанне.)
Рэктар. Мы не видим причин давать вам свободный диплом. Он даётся или… или у кого родители инвалиды. Ни под одну категорию вы не подходите.
Читать дальше