У пятніцу вечарам, дачакаўшыся, калі з’ехаў дамоў у вёску сусед па пакоі, Хальчэня сядзеў на ложку і складаў верш. За паўгадзіны ён адолеў адно чатырохрадкоўе, праўда, ніштаватае:
Цяплынь жнівеньскай ночы…
Было ў вас такое, скажыце?
Я глядзеў ёй у вочы —
Васількі ў спалавелым жыце.
Перачытаўшы разоў пяць запар, што аж паблыталіся ў галаве рыфмы, Хальчэня закурыў цыгарэту і пачаў хадзіць па пакоі, паплёўваючы і збіваючы на падлогу попел. «I ў каго я, цікава, пытаю: „Было ў вас такое, скажыце? — падумаў ён. — А ў каго не было? Рытарычнае пытанне. А параўнанне вачэй з васількамі? Як пошла… Ці я ўжо сам да сябе прыдзіраюся?“».
Каля шафы ён спыніўся, адчыніў левую і правую палавіны і агледзеў суседавы штаны клёшы на вешалцы, брызентавую рабочую куртку і новыя кеды з беленькімі шнуркамі; гэтак жа нетаропка агледзеў трое сваіх штаноў: ваўняныя ў клеткі, джынсы, вараныя ў белыя плямы, і штаны з мяккае шэрае матэрыі, якая звалася «палавіком»… Раптам ён пачырванеў, асцярожна прычыніў дзверцы і вярнуўся да ложка. «Цікава, ён хіба не бачыць, што носяць другія… — падумаў ён ужо пра суседа. — Ходзіць такім вахлаком… Незразумела».
(Знарок пакідаю гэты кавалак, як прыклад нявопытнасці, недальнабачнасці: як жа асцярожна трэба абыходзіцца ў літаратуры з гэтымі часовымі аксесуарамі, гэтымі клёшамі, белымі шнуркамі і варанымі джынсамі… Як жа яно ўсё хутка старэе і як трэба пазбягаць розных прывязаных да часу тэрмінаў, слоў, якія праз 5–6 гадоў могуць зусім знікнуць і потым гучаць у апавяданнях дзіўна і дзіка, і як жа тады сорамна павінна быць за гэта пісьменніку!)
За шэсць дзён, якія яны пражылі разам, Хальчэня так і не змог звыкнуцца з гэтым чалавекам. Увечары сусед звычайна ляжаў упоперак ложка — ногі на табурэт — і моўчкі гартаў часопісы ці чытаў газеты, а ўночы, калі тушылі святло і клаліся, доўгімі і зануднымі аповедамі не даваў Хальчэню спаць. Тут былі і вёска, і фільмы, і кнігі, і войска, і, зразумела, былое няўдалае каханне — нейкая Наташа, якая выйшла замуж, не дачакаўшыся яго з войска. Ён называў яе цяпер «дурніцай» і «шкурай барабаннай» і казаў, што яна растаптала ў ім веру «ў людзей і чэсных жэншчын».
Хальчэня быў рады, што хоць працаваў гэты дурань у брыгадзе бетоншчыкаў, а не з ім разам, мулярам: хоць удзень ён яму не назаляў.
«Добрая асацыяцыя — васількі ў спалавелым жыце і шкура барабанная!» — Хальчэня ўявіў, як бы ягоны верш чытаў сусед, пачырванеў, схапіў ручку і так крамзануў наўскасяк па лістку, што падралася папера.
Яму захацелася напісаць празаічны твор, але добры, абсалютна праўдзівы, які ніхто яшчэ ніколі не пісаў. Ён узяў са стала два суседавыя часопісы, лёг упоперак ложка, паклаў ногі на табурэт, адзначыўшы, што ляжаць так усё ж няблага, і пачаў чытаць, каб павучыцца, як пішуць і думаюць сапраўдныя пісьменнікі.
Хальчэня, хоць і нарадзіўся і гадаваўся ў вялікім горадзе, быў гарадскім толькі ў першым пакаленні. Вацькі яго былі тыповымі ўрбанізаванымі вяскоўцамі. Пражыўшы доўга ў Гомелі, займаючы пасаду начальніка аддзела кадраў будупраўлення, бацька ці то не хацеў, ці то папраўдзе так і не навучыўся гаварыць чыста па-гарадскому. Калі яшчэ дзе ў людзях ці на рабоце ён і стараўся ламацца па-руску, то ўжо дома, у сям’і, даваў сабе поўную волю. Бы смакуючы, з задавальненнем, ён гаварыў «дзёўка, дзядзько, муло, забуўся, знушчаўся, хай яму гор, здарову як бук» і г. д. Ён быў з’едлівы да ўсяго, чаго не разумеў: да музыкі, акрамя народных песень, да фільмаў, акрамя як пра дзяцей, да кніжак пра вайну, у якіх, як ён казаў, «восе пара вайна скончылася, а яны ўсё цягнікі пад адхон пускаюць»… Не любіў газет на беларускай мове, лічачы гэтую мову не сапраўднай беларускай, а «скалечанаю»… У сям’і ён трымаўся свайго вясковага парадку, які заключаўся, па-першае, у дыялектна-беларускай мове, і, па-другое, у выхаванні сына. Хальчэню дазвалялася рабіць усё тое, што сам бацька ў свае маладыя гады зрабіць альбо не паспеў, альбо рабіў не так, не ў поўнай меры, як хацелася. Кожныя паўгода сын апранаўся ў новае, і не абы-якое, — з галавы да пят. Акрамя таго, ён заўсёды меў грошы «на дробныя расходы». Ён мог прыходзіць позна ўночы ці начаваць у сяброў, не баючыся, што яму будуць чытаць маралі. Патрабавалася ад яго не шмат: не піць, не лаяцца і не пярэчыць бацьку.
Волю, што яму давалася, Хальчэня скарыстаў перш за ўсё ў вучобе. Не дужа налягаючы на кніжкі, скончыў дзесяць класаў, падаў дакументы, як і параіў бацька, у будаўнічы тэхнікум, — і толькі пасля яго заканчэння, атрымаўшы ўжо дыплом і накіраванне ў адно з мястэчкаў Брэсцкай вобласці, Хальчэня зразумеў, што волі ён практычна не толькі не мае, але што яе ў яго і не было.
Читать дальше