«Іслач». Нарада маладых пісьменнікаў, 86 год. Яўгені Лецка (пра мяне): «Я думаў, гэта дарослы мужчына, за 50… Вось такія і губяць нашу літаратуру. Яму 23, а піша так, нібыта 83».
Уладзімір Дамашэвіч (дамашняя, добрая душа) — «Федарэнка як музыкант, які не ведае нотаў, бярэ на слых, правярае да таго часу, пакуль не перастане фальшывіць…»
Аднак нам цікава пакуль што іншая музыка — палітэх, туды, туды!
Выхавацель у інтэрнаце. Мянушка Тупы, прозвішча Шэлепень. Рэдкая сволач. Хворы на эпілепсію. Як усё ж Бог шэляпеняў меціць! Гэткі Шарыкаў, ніколі ён не скажа «добры дзень», «да пабачэння», «дзякую», усё яму хочацца, каб «па-прастому», без кніжна-інтэлігентных цырымоніяў.
Хлопец, на думку выхавацеля Тупога, павінен пакурваць, крыху «бухаць», крыху (не ўсур’ёз) з дзеўкамі, рыхтавацца да арміі, брынькаць на гітары, менш думаць, менш чытаць — ізноў у нас «усе беды ад філалогіі»! У размове быць у меру каснаязыкім, калі і ўжываць газетна-тэлевізійна-вучоныя словы, дык іранічна…
Вядома, каго ён хоча з нас зляпіць — такіх, як сам.
Апантаны выканаўца тайнай (а мо і яўнай) дактрыны палітэха: шэрасць, ураўнілаўка, умеранае хамства.
Дысцыпліна сярэдняя паміж армейскай і турэмнай.
Мне страшна не пашэнціла — ён мяне не любіць.
2-гі курс. Іван Лагун — хлопец з маёй групы, Алёшкіна — першакурсніца (15 гадоў). На заняткі не ходзіць, бадзяецца па горадзе, а ноччу спіць з гэтым самым Лагуном.
Упершыню ў жыцці ўбачыў голую дзяўчыну ў ложку, якая не саромелася гэтага.
Тэхнікум, перапынак. Курым у туалеце, акно расчыненае. Хтосьці заўважае на вуліцы Алёшкіну.
— Лагун, пакліч!..
Лагун звешваецца з вакна, закладвае два пальцы ў рот, свішча.
— Ідзе! — рагочам мы. — А яна ідзе!
— Алёшкіна, Паганкіна ты!
Яна стаіць, глядзіць знізу ўверх на вакно мужчынскага туалета і пасміхаецца. Прыгожая, тоненькая, стройная… Вось бы мне такую! Як бы я яе любіў, абараняў, колькі ўсяго б нарасказваў, мы б хадзілі ў кіно, марожанае, тыры-пыры, ёй не было б са мною сумна, я б называў яе багіняй і феяй, а не Паганкінай…
Ну чаму яна не адчувае, хто мог бы яе па-сапраўднаму ацаніць?
Дзяўчаты папрасілі вынесці вядро са смеццем. Самі баяцца, слабенькі ліхтар гарыць толькі над ганкам інтэрната, а сметніца — у чорнай цемры.
Восень, вечар, вецер, цёмна… Як пахне гэтая восень! І вось з гэтай восені, з гэтай цемры — чалавек пяць, як толькі пераступіў са светлага ў цёмнае… Па крэктанні — дарослыя. Б’юць моўчкі, проста на ўбой — каб забіць, не даюць упасці, я пералятаю ад аднаго да другога, як мячык. І ўсё ж нарэшце хтосьці — у любой хеўры знойдзецца хоць адзін такі: «Хопіць!»
Сківіцы ў мяне не проста зламаныя — раструшчаныя ў шкло.
«Хуткая». Прыёмная бальніцы. Кроў на ўсім, і лужына яе на падлозе, і квохканне санітаркі, якая лазіць з анучаю каля маіх ног, і раздражненне мента, які не можа разабраць, што я гавару. А калі б і мог, што я скажу? Быў бы толк ад яго запісак. Можна падумаць, знойдуць. А калі знойдуць? Скажуць, памылка. Пераблыталі — і маю хату з чужою, і маю морду з чужою…
Сшыты рот. Да зубоў верхніх і ніжніх прывязваюцца пласціны, сцягваюцца гумкамі… Да атупення балюча. І кроў, кроў… Ляжаць месяц, нават больш. Голад. З ежы — таматны сок, сырыя яйкі і распушчанае ў гарбаце масла.
Маці прыезды. Дзядзькі Сцяпана, які заплакаў; вось табе, дзядзька, і адзін летні дзень.
І аднойчы прыйшла самая прыгожая дзяўчына з нашай групы, Іна. Адна. Крыху брыдка і сорамна было, што я ў такім стане. «Папраўляйся, выходзь, ты мне трэба…»
Марыў пра Алёшкіну-Паганкіну, а тут — у 100 разоў лепшая! Дзівосы, як і боль і кроў, будуць суправаджаць мяне ўсё жыццё.
Зноў вучуся. Усё добра. Выходжу неяк з аўдыторыі — рука на плячо. Чалавек у міліцэйскай форме. Маленькі ростам, з вусікамі. Твар добры, разумны, стомлены. Я ужо прывык да людзей у форме, ведаю, што ім трэба — яшчэ якія-небудзь дэталі па той справе, як мяне змясілі. Можа, знайшлі іх. Можа, штосьці так штосьці ўдакладніць. Але я нічагуткі не ведаю. Ноч, удары, боль і кроў. Нічога не магу дадаць новага.
— Заява на цябе. Загадчыца аддзялення бальніцы напісала. Навушнікі ад тэлевізара ў іх прапалі… Ты не браў?
Ну, што за глупства. Я не ведаў, што ў тым аддзяленні ўвогуле ёсць тэлевізар, як і першы раз чую, што да тэлевізараў ёсць нейкія навушнікі.
— «Рэкорд» стары, зламаны, у кабінеце загадчыцы стаіць.
Читать дальше