Рачулка дыхала вільгаццю, пахла аерам і раскаю. Ад вынятых з халяваў ануч у нос патыхала потам. Міхась выпаласкаў анучы, выкруціў, ускінуў на адно плячо, а боты — на другое і нацянькі пашыбаваў да выспы зарасніку.
Зыркае сонца ўвачавідкі ўздымалася ўгару і добра прыгравала. Ці то яго гарачыя промні выпілі расу, ці то яна паспела выветрыцца, але хлопцавы ногі ўжо не пакідалі на траве ніякіх слядоў.
Выспа пачалася лазовымі кустамі і паступова перайшла ў зараснік з маладых вольхаў. Міхась аблюбаваў сярод іх невялікую лапіну, зарослую касмылямі сіўцу, паклаў боты, разаслаў анучы і прылёг адпачыць. На поўныя грудзі ён удыхаў знаёмы вільготны пах вольхаў, настоены на сатлелым леташнім лісці.
«Цікава, а для чаго прыдатна яе драўніна? — раптам узбрыло яму ў галаву, калі ўспомніў, як маці, кідаючы ў печ ружаватыя альховыя палейні, кляла: «Ад іх ні полымя, ні жару. Не гараць, а тлеюць. Гэта не тое, што дубовыя дровы або бярозавы аблетак».
Хлопец спачувальным позіркам абвёў ствалы і вершалінкі несамавітых дрэўцаў з ліпучай лістотаю і крохкім голлем. Потым успомніў, як алешыны калісьці выручалі яго, і задаволена ўсміхнуўся.
Адзін час у іх не было чарніла. Дык яны ў школе i дома карысталіся самаробным. Пісалі на паперы рудой вадкасцю, настоенай на альховых шышачках з іржавымі цвікамі.
Праз тоўсты дыван ускалмачанага сіўцу ледзьве адчувалася кволая прахалода летняй зямлі. Яна асвяжала цела і ўлагоджвала душу. На дне лапіны, якая не прадзімалася павевамі паветра, Міхася, сагрэтага пяшчотнымі промнямі, пачало хіліць на сон. Хлопец з усіх сіл імкнуўся не паддавацца салодкай спакусе, якая на секунду сплюшчвала павекі, дрогка прачынаўся і насцярожана прыслухоўваўся. Калі трохі перадыхнуў і збольшага прасохлі анучы, ён акуратна накруціў іх на ногі і таропка ўсунуў у халявы ботаў. Абутаму зручней ступаць па хмызняку: ні сукі, ні галіны не намуляць падэшваў. Яму рупіла хутчэй агледзець выспу навокала, каб упэўніцца ў сваёй бяспецы. Сям-там пад нагамі трава пазарастала сакавітымі лістамі шчаўя. Хмызняк аточвала мурожная лугавіна.
Далёка ў смузе вузкай зубчастаю пілкаю танулі пералескі. Прадзіраючыся праз гусцеж па ўскрайку выспы, ён зразумеў, што тут вельмі зручна зрокава трымаць кругавую абарону. Прылягаючае наваколле не выклікала трывогі і навявала супакаенне. Хлопец пераканаўся, што яму не пагражае ніякая небяспека, выйшаў з хмызняку і прысеў на мурог. I толькі цяпер, калі супакоіўся, адчуў, як моцна прагаладаўся. «Дзіва што!.. I ўчора не было ў роце макавага зярняткі, і сягоння фактычна надгаладзь… Хіба ж учарашнія памыі — страва?.. Добра, што прадбачліва назапасіў падножнага корму».
Напераменку то з кішэні, то з-за пазухі ён даставаў капусныя лісты і ўмінаў іх за абедзве шчокі…
Пасля драцяной лагернай клеткі бяскрайнім і прыгожым-прыгожым здавалася навакольнае прыволле. «Чаму ніколі раней я не прыкмячаў такога хараства?»
Блакітны нябесны глазур зверху адлюстроўваў сонечныя праменні, ад якіх зялёная зямля, расквечаная яркімі фарбамі, выглядала салатаваю.
Удалечыні лугавіна спрэс жаўцела кветкамі дзьмухаўца, бліжэй была радкава акроплена чырванню і белізною, а зусім блізка апырскана празрыстай расою. Міхась разгледзеў, што непадалёку чырванеюць кветкі смолкі, а бялее кашка і паблісквае не paca, а мяцёлачкі слёзак.
На лузе перад поймаю Палаты таксама рос дзьмухавец, з кветак якога дзяўчаты плялі вянкі, са смолак і з кашкі збіралі чырвона-белыя букеты. А слёзкі ў іхняй мясцовасці чамусьці празвалі боскімі слёзкамі.
У мірную пару ўсе гэтыя кветкі ён штодзённа бачыў дома, хадзіў побач, таптаў іх нагамі і не прыкмячаў іхняй прыгажосці. А цяпер, калі свет скаланула шудасная калатнеча, калі людзі пазбаўлены жытла, а звяры і жывёлы — логавішчаў і лежбішчаў, яму раптам кінулася ў вочы гэтае хараство.
Мабыць, той, хто пабываў у няволі, узбуджана ўспрымае сваё вызваленне і абвострана прыкмячае прыгажосць навакольнага свету.
Сіліч трохі развеяўся пасля душэўнага стрэсу і разважыў, што тут ён можа спакойна адпачыць і бяспечна пераначаваць. За ноч хлопец добра адкархнуў.
А раніцаю зноў занепакоіўся: яму няма чаго заседжвацца. Хоць ягонае становішча і няпэўнае, але ж ён — салдат, прызваны радзімаю ў цяжкі для яе час. Ён добра ўсведамляў, які ягоны абавязак перад ёю. Цяперашняе ягонае становішча яшчэ болей трывожыла і непакоіла. Ён разумеў, што яму трэба хутчэй набрысці на якое-небудзь часовае прыстанішча, дзе можна было б пераапрануцца, падсілкавацца і запасціся харчамі. Па сваёй зямлі, на якой гаспадараць ворагі, у чырвонаармейскай форме прабірацца рызыкоўна.
Читать дальше