Калі Ліза расказала дома пра гэтае «спатканне», маці пачала хусцінкай церці сабе вочы, а бацька забарабаніў пальцамі па стале і стаў глядзець у вакно.
Пасля таго Лізе здалося, што бацькі сталі нібы цяплей глядзець на яе.
І сама Ліза адчула, што дзіця паступова пачынае цікавіць яе ўжо незалежна ад таго, што яна абавязана цікавіцца ім. Тварык яго ўжо не здаваўся ёй старэчым, а нос быў зусім прыгожым — роўны, правільны. Асабліва падабаліся вочы — вялікія, чорныя, глыбокія. Шкада толькі, што гэтыя вочы яшчэ не смяяліся. Спачатку хлопчык палохаўся незнаёмых яму людзей. Потым да людзей прывык, але сумаваў па матчыных грудзях. Ён увесь час адчуваў, што яму чагосьці не хапае. Ды і перамена ежы давала свае вынікі. Ліза гатова была думаць, што ён і заўсёды будзе так моршчыцца ды кгыкаць.
Праз дзень у хату сунулася Варапаіха, дужая жанчына гадоў пяцідзесяці. Яна была гаспадыняй гэтага дома і дамагалася, каб кватаранты павялічылі ёй плату, «бо цяпер ужо другія законы». Але пакуль што насядаць не адважвалася і напамінала «далікатна».
У хаце былі маці і Ліза. Дзіця спала. Маці чакала, што Варапаіха пачне гутарку пра плату, але гаспадыні рупіла зусім другое:
— Добры дзень, — сказала яна лагодна.
— Добры дзень, — адказала маці. — Сядайце, калі ласка.
— Дзякуй. Я так, на хвілінку, — загаварыла яна, зыркаючы вачыма па хаце. — Я чую, у вас новы кватарант з’явіўся. Ды, відаць, гарласты, дай Божачка яму здароўя. Мусіць, хлопчык?
— Хлопчык, — нехаця адказала маці.
— Адкуль Бог паслаў? — салодка спытала госця.
— Ды з неба скінуў, — адказала маці, не ведаючы яшчэ што сказаць.
— Мусіць, радня якая?
— Няўжо ж з чужым будзем важдацца? — сказала маці, шкадуючы, што не паспелі загадзя падрыхтаваць тлумачэнне, і ўзялася за вядро, каб ісці па ваду. З ёю вымушана была выходзіць і Варапаіха.
— Часова, ці назаўсёды? — спытала яна на парозе.
— Мусіць, назаўсёды, — адказала маці, зачыняючы дзверы.
— Ой, і будзе вам клопату на старасці, Мартынаўна! — спачувальна сказала Варапаіха ў сенцах.
— Нічога не зробіш, — сказала маці, адчыняючы дзверы ў сенцах. — Калі трэба, то трэба.
— А што, ні бацькі, ні маці няма? — спытала Варапаіха на ганку.
— Няма, — адказала маці і пайшла па ваду.
Варапаіха пастаяла крыху і пайшла да сябе, глыбока задумаўшыся.
Вярнуўшыся ў хату, маці зараз жа пачала з Лізай складаць гісторыю дзіцяці. Хлопчык — сын малодшай мамінай сястры, што жыве ў Бягомльскім раёне. Бацька пайшоў на вайну, маці забіта бомбай.
— А як ён сюды трапіў? — спытала Ліза.
— Ну... ну, знаёмы чалавек прывёз.
— Хто?
— Ды хто так падрабязна будзе распытваць? Сцяпан ці Раман — усё роўна.
— А як прозвішча бацькоў?
— Тут і выдумляць не трэба, — адказала маці. — У Бягомльскім раёне, у вёсцы Мохавічы, сапраўды жыве мая сястра Малання, а прозвішча іх — Губарэвічы.
— А калі яна не забітая?
— А ну цябе! — раззлавалася маці. — Няўжо ты думаеш, што Варапаіха пойдзе туды пытацца?
— Можа і не Варапаіха... — задумліва сказала Ліза.
— Калі дойдзе да такога следства, ніякая гісторыя не дапаможа, — строга сказала маці. — Але каму гэта будзе рупіць? Ці да таго цяпер хоць бы і немцам? Важна, каб мы тут гаварылі аднолькава.
На гэтым пакуль што і парашылі.
Зноў Ліза пайшла на спатканне. І на гэты раз Рэня стаяла на сваім месцы. Але вартавы быў досыць далёка, і Ліза магла падысці да агароджы. Маці ўся засвяцілася, працягнула рукі і загаварыла, не чакаючы адказу:
— Пакажы, пакажы! Ці здаровы ён?.. Вельмі плакаў?.. Ці есць ён?.. Як спіць?.. Бліжэй, бліжэй!..
Ліза, азіраючыся па баках, падсунула хлопчыка бліжэй. Маці ў палкім імкненні пачала праціскацца праз дрот, каб пацалаваць яго. Калючка зачапіла за валасы, за лоб... Ліза спалохалася:
— Асцярожна — убачаць!..
Але маці цяпер нічога не чула, не бачыла, не разумела. Дзіця расплюшчыла вочы, паглядзела на маці, крыкнула — і тарганулася усім сваім звязаным целам наперад...
Ліза ўся дрыжала, з жахам азіралася і ўсё мармытала: «Асцярожней — убачаць!» Потым згледзела, што вартавы ідзе ў гэты бок, крыкнула: «Ідзе!» — і рэзка адсунулася ад плота. (Перад гэтым яна кінула праз плот пакунак з хлебам, салам і некалькімі варанымі бульбінамі).
Дзіця плакала на ўсю вуліцу. Ліза бегла прэч, не азіраючыся, дрыжучы ад хвалявання. Ёй усё здавалася, што за ёй гоніцца вартавы.
На Палявой вуліцы ёй трэба было пераходзіць праз адно гіблае месца, якое псавала жыццё ўсім жыхарам гэтай вуліцы. Гразкае балота перасякала яе на ўсю шырыню. Прайсці можна было толькі чапляючыся за плот ды пераскокваючы па каменьчыках. А ў Лізы дзіця на руках. Ідучы з дому, яна досыць папакутвала тут, а цяпер зноў трэба было рабіць тое самае. Яна спынілася і пачала рыхтавацца да пераправы. Раптам ззаду пачуўся мужчынскі голас:
Читать дальше