— Ну, вось бачыце. А малако, дасць бог, прыбавіцца. Мае кароўкі перад ацёлам болей даюць.
Вера паабяцала зайсці, але ўсё не было часу. Яна арганізавала заатэхнічныя курсы ў кожнай брыгадзе, і цяпер работы хапала. А тут даводзілася яшчэ ездзіць па калгасных справах, даставаць насенне траў. I ўсё ж яна зайшла б да гэтых прыветлівых людзей, каб не здарыўся той выпадак.
Неяк Вера затрымалася ў глінішчанскай брыгадзе і на закружскую ферму прышла тады, калі дзяўчаты закончылі ўжо даіць кароў. Яшчэ за паўкіламетра да фермы пачула яна іх песні і была вырашыла, не заходзячы ў хлеў, пайсці дадому. Але нешта ўладна цягнула яе на ферму. Ноч была цёмная, пахмурная. Толькі непадалёк ад хлява яна ўбачыла, як з дзвярэй вылузнулася чыясьці постаць. «Можа вартаўнік?»— падумала яна. Наддаўшы кроку, яна пайшла напярэймы. Чалавек нёс штосьці беласатае і доўгае. Яшчэ нічога не падазраючы, яна параўнялася з ім і адразу пазнала Дземідзенку.
— Адкуль гэта вы, Анатоль Сцяпанавіч? — запыталася яна, і ёй здалося, што Дземідзенка ўздрыгнуў. — Можа з фермы? Там ужо нікога няма?
— Даўно ўжо нікога няма.
Дземідзенка спорна адмерваў крокі. Вера трухала побач.
— А я вось затрымалася ў Глінішчах. Хацела пацікавіцца надоямі.
— Стараецеся, а карысць будзе адна. У нас чалавека не шануюць.
— А вы адкуль ідзяцё? — запыталася Вера.
— Хадзіў у Загор’е. Ды вось абцямнеў.
Здрадлівы халадок падкраўся пад самае Верына сэрца. «Злодзей. Гэта ж яны з Матронай крадуць малако. Таму і надоі ў яе кароў малыя. Што ж рабіць?» — пакутліва думала Вера.
— Ну, мне сюды, — сказаў Дземідзенка і хацеў ужо звярнуць на бакавую сцежку.
Недзе ўдалечыні пачуліся галасы.
— Я вось што хацела ў вас запытаць, — Вера пакутліва прыдумвала, як затрымаць Дземідзенку. Яны былі ўжо ля самай вёскі, і цяпер Вера не баялася. Ды і недзе побач ішлі людзі. — Ці не параіце вы мне кватэру. Ведаеце, у Шумейкі надта ўжо цесна.
Яна спынілася. Адчувала, што Дземідзенка страшэнна нервуецца, і неяк была рада гэтаму.
— Абавязкова пашукаю, — сказаў ён і зноў хацеў пайсці.
Тады Вера, неяк адразу асмялеўшы, дакранулася да бітона.
— Што вы несяцё?
Дземідзенка скалануўся. Потым зашаптаў:
— Пасынак усё: дастань самагонкі. Такі ўжо, скажу вам, латруга: не паспее падняцца з пасцелі — падавай гарэлку.
— Хлусіце вы. Гэта малако крадзенае.
Дземідзенка соп. Недзе ўжо зусім блізка было чутно, як размаўляюць два чалавекі. Вера на ўсялякі выпадак адступіла крокі два назад.
— Што вы, што вы?!. Якое малако... Гарэлка.
— Пакажыце.
Дземідзенка хацеў пайсці. Ён зрабіў крок, але Вера спыніла яго.
— Я крычаць буду.
— Дачушка, навошта?.. Свае людзі, для цябе ж і стараюся.
Вера, ашаломленая, прыціснула да грудзей рукі:
— Як жа так...
— Я даўно ведаў, што ты мая дачка. Заўтра я табе ўсё, усё раскажу. Жызня праклятая, вось на што скіравала...
Ёй здалося, што ён плача.
— Няпраўда! — крыкнула Вера.
— Хто там гэта? — пачула яна знаёмы голас Ліпанавай.
— Маўчы, не адгукайся, — Дземідзенка ўхапіў яе за руку, моцна сціснуў.
Не памятаючы як, хутчэй ад страху, яна крыкнула:
— Сюды, Тамара Аляксандраўна!
Дземідзенка штурхнуў яе, кінуўся ўцякаць. Калі да яе падбеглі Макар Башукевіч і Ліпанава, дык доўга не маглі дабіцца, у чым справа.
Вера плакала наўзрыд, захліпаючыся слязьмі, і толькі вымаўляла адно і тое ж:
— Я ведала... ведала... ведала...
***
Следчы дакапаўся да ўсяго: сабраў усю Дземідзенкаву пісаніну, у якой ён спрабаваў ашальмавадь сумленных людзей. Былі ў яго і тыя пісьмы, якія пасылаў ён за чужым подпісам. Але даказаць крадзёж малака не ўдалося.
На ўсё жыццё запомнілася Веры тое апошняе спатканне з бацькам. Ён сядзеў насупраць яе, глядзеў некуды ўбок з выразам зняважанага праведніка. Вера, чырванеючы ад сораму, расказвала пра тое, як злавіла яго з бітонам, поўным малака. Дземідзенка раптам перапыніў яе цяжкім уздыхам:
— Э-эх-х, дочанька... Ну, раззлавалася на мяне, што некалі кінуў тваю маці. Але навошта так злосна тапіць мяне. Усё ж я твой бацька, а ты так бессаромна хлусіш...
Гаворачы гэта, ён пазіраў на яе з невыказным сумам і такімі шчырымі чыстымі вачыма, што Веры здалося на імгненне: можа яна сапраўды памылілася? Яна не вытрымала яго позірку, адвяла вочы і ўжо са злосцю, цвёрда адрэзала:
— Які вы мне бацька...
У Закружжы першы сустрэў яе Макар Башукевіч. Абодвум было няёмка. Макар адразу ж пачаў калупаць наском бота зямлю. Вера церабіла пуховы шалік. Яны маглі разысціся, не сказаўшы адзін другому ні слова, бо сустракаліся ўсяго трэці раз, але нешта прыцягвала іх.
Читать дальше