Завішнюк крычыць, а голас у яго не злосны. Тады Юрка здагадваецца, што быў заснуў. Заснуў і спаў, накуль не прыйшлі з ягад дзяўчаты і не пырснулі яму на твар вады. Света ўсё стаіць з вялікай чорнай Завішнюковай бутэлькай у руках і смяецца на ўвесь рот. Смяецца і Жэнька...
Тады Юрка зноў працёр вочы і сам пачаў смяяцца.
— На лінію! — строга ўжо загадаў Завішнюк, і Юрка ўсхапіўся з зямлі.
Жэнька адразу падалася за крыніцу, да чорнай вывараткі,— там яны пакінулі ленту са шпількамі.
Ён ішоў за ёй, а на душы пасля сну была трывога. Адкуль яна ўзялася і чаму не праходзіць?..
Перад вачыма ўсё стаяла тая ноч з зарывам, калі "Жалязняк" браў гарнізон і калі пачыналася блакада...
Жэнька ішла хутка — перабірала сваімі ножкамі ў бліскучых гумавых боціках,— аж бегла, як каза; ён спяшаўся, каб не астацца, а ўсярэдзіне ў яго ўсё нешта ныла і ныла. Перад вачыма стаяла зарыва — не праходзіла. Забалеў пад левай пахай рубец...
I калі грымела, не сціхаючы, далёка на Мсціжах, ён, Юрка, уздрыгваў і са страху кідаў туды позірк, сам не ведаючы чаму.
— Света!.. Вехі!.. Не спаць...— зноў закрычаў на ўсю Сырніцу Завішнюк.
Юрка ўздрыгнуў і пабег даганяць Жэньку. Хацелася быць бліжэй да яе — бліжэй да людзей.
За вывараткай, на сушэйшым, рос круглец, і пад ім, на самай зямлі,— трава, што была падобна па зайцаву капусту. Яе мясілі з гразёю яго, Юркавы, вялікія, з бацькавых ног, чаравікі.
Ён не ведаў, чаму цяпер не мог супакоіцца, суцішыцца на хвіліну. Здавалася, калі правальваліся ногі, ляціш аж на той свет. Тады хацелася кінуць ленту і бегчы куды ў Сырніцу ці на пагранзастаўскую, убітую леспрамгасаўскімі машынамі, дарогу.
Ён думаў, што ніколі ж не баяўся балота. У Цянях касіў сёлета з бацькам і касцамі на самай Жоўтай крыніцы... А Жоўтая крыніца — не Сырніца...
Яму прыйшло было ў галаву, што ён баіцца грымот, што ўздрыгвае тады, калі на Мсціжах грукоча гром...
Ён пазіраў туды скоса, спадылба, але нічога не мог угледзець: неба ў тым баку было чыстае, зацягнутае рэдкімі белымі пісягамі.
I нылі, нылі без аддухі канюхі... Апускаліся нізка, на самы лес, пасля ўзляталі, набіраючы вышыню.
Так лёталі ў апошнюю блакаду нямецкія самалёты, калі бамбілі вёску. Па іх стралялі з фермы партызаны — самалёты тады падымаліся высока, меншалі і губляліся з вачэй.
Гур, гур...— грукоча за лесам. Чвяк, чвяк...— хлюпае пад нагамі балота.
Яны з Жэнькай ужо далёка за вывараткай. Да вечара выйдуць на сухое.
Жэнька ўжо не крычыць, не падганяе. А калі Жэнька не крычыць, не муштруе яго — значыць, ён робіць усё як трэба, і ленту нацягвае так, што не прычапіўся б Завішнюк.
Калі Жэнька не крычыць — яна тады спявае.
Якая яна сёння вясёлая! I як яна бегае. На ёй жа вада не ўстоіць...
Жэнька пяе лепш за Свету, цішэй, можа, толькі. А чаго крычаць на ўвесь лес? Ваўкоў пужаць?
Калі Юрка згінаўся і нацягваў ленту, чуў, што дрыжаць рукі. Пасля не хацелася адгінацца: балела паясніца, аж рэзалася, бы яе перацялі мокрым пяньковым путам. Трашчалі ногі ў суставах, як спіцы ў сухім коле ў калёсах.
Але трэба было пакінуць у траве пруток і, падняўшы на плячо ленту, ісці далей,— таптаць прымятую траву круглец і мясіць з гразёю зайцаву капусту.
Гур...— грукатала за лесам. У тым баку шырока пачынала цямнець неба. 3 Жукаўшчыны плыла хмара, бурая і рагатая, што вялікі лось выставіў уперад рогі.
Падзьмуў халодны вецер; у Сырніцы стала свежа, здалося, што і пад нагамі пахаладнела вада.
Юрка, аглядаючыся, бачыў, як вецер рассыпае Жэньчыны чорныя валасы і як яна прыгладжвае іх рукой, гладзіць і гладзіць і ніяк не дасць рады. Можа, цяпер яна і не выстаўляе руку ўперад — не камандуе, бо ў яе ж яна занята...
Калі круціў вецер, Юрку цяпер рабілася холадна і вунь як хацелася вылезці на сухое. Але да сухога яшчэ далёка. Далёка і да вечара. На сухім яны будуць толькі ўвечары...
— Правей!.. На сасну!.. На сасну! — крычыць недзе далёка, аж у маленькім соснічку, Завішнюк.
Зноў, відаць, вымярае свае вуглы і пагнаў Свету з вехамі на лінію...
— На сасну!.. На сасну!..
Калі сагнешся над самай зямлёй — вунь як тады чуваць гром. Грыміць — што над самай галавой.
Вецер пагнаў па балоце насенне ад кругляцу: маленькія кавалачкі ваты. Яны лезуць у вочы, іх трэба адганяць ад твару рукой, што белых мух.
Зноў лезе аж на той свет пруток... Хаваецца ў мох.
Пад нагамі латочына з журавіннікам і маленькай травіцай. Травіца парудзела, пасохла.
— Вяху!.. Вяху садзі!..— крычыць здалёку Жэнька.— Вяху... Яна ля зломанай бярозы. Вяхой адзнач! Тут пойдзе лінія ў трыццаць восьмы квартал.
Читать дальше