«Дарма-такі не выведаў тады пра яго ў Парфёна Вяршкова, — успомніўшы пра начную размову, пачаў дакараць сябе Зазыба. — І зусім лёгка ж было зрабіць, адно сказаць лейтэнанту з байцамі, а тыя ўжо б дасталі Рамана, з дэзерцірамі ў іх размова кароткая».
Хістка, як з неахвотаю, Зазыба падаўся са стайні.
На дварэ ўжо багата памянялася што. Вецер, які падзьмуў нечакана з паўночнага захаду, прагнаў з пагоркаў туман. Але ў лагчынах і на аўсяным полі, на краі якога згарэла ўначы танкетка, туман яшчэ плаваў. Сонца паднялося ўгору, але зусім чыстае, здаецца, сёння яно не пабыло нават гадзіны — спярша яго засціў туман, пасля замуціла смуга, падобная на вадзяныя пырскі; цяпер яно плыло пад зрэджанай, як пафарбаваная тканіна, заслонаю хмар; першыя дасяглі яго тыя белыя аблачынкі, што гулялі над возерам раней, калі Зазыба стаяў яшчэ на сваім ганку, затым з-за лесу выплылі хмары, і вецер пагнаў іх проста на ўсход; мусіць, недзе далёка каторы дзень паліваў зямлю дождж. Возера было, як застаялае, на яго попельнай роўнядзі яшчэ не горбіліся хвалі. Паміж лесам, што перакуліўся дагары ў ваду, і тым берагам, які парос сушаніцай, балотнікам і бацяновымі ножкамі, скублі траву выпушчаныя са стайні коні.
Зазыба пачуў галасы — гаманілі на бёрнах, што ляжалі на ўскоцінах за стайняй. Бёрны тыя ўжо другое лета як былі прывезены з калгаснага лесу на хатку для конюхаў. Але хаткі не пабудавалі, і пад бёрнамі пакуль хаваліся ад сабак адны здзічэлыя кошкі ды вясковыя хлопцы, калі прыводзілі туды раз’юраных дзевак.
На бёрнах Зазыба ўбачыў абсыпаных падлеткамі верамейкаўскіх мужыкоў — Парфёна Вяршкова, сухарукага Сілку Хрупчыка, Івана Падзерына, якога ў вёсцы празвалі Цукрам Мядовічам і якога не забралі ў армію праз грыжу, таксама Рамана Сёмачкіна. Пяты сярод дарослых сядзеў незнаёмы чалавек з усходнім абліччам.
Гаварыў Раман:
— Пераехалі мы, значыць, Сож, глядзім, а немец ужо ля ракі. Бачым, не паласа. Тады мы з Рахімам...
«Мусіць, той», — паглядзеў Зазыба на скуласты твар незнаёмага чалавека.
— ...тады мы з Рахімам выскачылі кумільгом з машыны да ў кусты. Ну, а немцы, яны таксама не дурні — убачылі нашы машыны і пачалі лупіць па іх, ажно пэтлахі паляцелі.
Раман гаварыў і быццам для пэўнасці пазіраў на аднавяскоўцаў.
Тыя слухалі яго па-рознаму.
Парфён Вяршкоў сядзеў з апушчанай галавой, паціху варушыў наском пабялелага абрэзня — бот без халявы — пасохлую кару, што ляжала пад бёрнамі; шчаціністы і даўганосы твар яго быў, здавалася, абыякавы, але тоўстая шыя натужна чырванела.
Сілка Хрупчык тым часам не зводзіў вачэй з Рамана Сёмачкіна — лавіў кожнае ягонае слова.
Іван Падзерын неспакойна круціў галавой, якая сядзела ў яго на кадыкаватай шыі, і ўсё ўхмыляўся, нібыта кажучы: ладна, брашы ўжо да канца.
І Раман вылузваўся:
— ...але чуем, перастаюць страляць. Тады я таўхаю пад бок Рахіма, паказваю вачамі — бяжым. Бачым, сёй-той таксама ўстае на карачкі. А хтосьці крычыць: «Па машынах!» Але куды паедзеш, калі камандзёраў няма? Ета ж як пачалі страляць па нас ля ракі, дак тыя на браневіку сваім і ўцяклі. Ну, падышлі мы з Рахімам да свайго грузавіка, глядзім — разбіты і бянзін выцякае.
Зазыба падышоў да бёрнаў, сеў зводдаль. Раман Сёмачкін кінуў на яго вачамі, але загаварыў гучней.
— Яно і праўда, што мы без камандзёраў адны? Пачалі разыходзіцца хто куды. Мы з Рахімам таксама вырашылі падацца сюды, балазе, да Верамеек недалёка. Вёрст сорак, калі напрасткі.
Да гэтага ўсе, хто слухаў Рамана, па розных прычынах маглі стрымлівацца і не выказваць сваіх адносін, бо тое, што гаварыў ён, было звычайнай гаварнёй чалавека, які не толькі выхваляўся, выдаючы няпраўду за праўду — верамейкаўцы ж не ведалі сапраўднага становішча ў арміі і на фронце, — але і не хацеў тым часам паказаць сябе ў вачах аднавяскоўцаў яўным дэзерцірам: маўляў, так склаліся абставіны...
Аднак Раман дапусціў адну памылку, нават не памылку, хутчэй звычайную прамашку — недакладна назваў адлегласць ад Сажа да Верамеек. І гэтага дастаткова было, каб Іван Падзерын паправіў:
— Лічы, з гакам.
А вясковым людзям — толькі пачні.
— Дай гак трэба яшчэ памераць, — дадаў тут жа Сілка Хрупчык.
— Парфён, мусіць, дакладна ведае, — сказаў яшчэ Іван Падзерын, — ён жа некалі хадзіў таксама і ў Чэрыкаў.
Але Раман Сёмачкін не даў сказаць Вяршкову.
— Ета калі тое было, што Парфён хадзіў, — запярэчыў ён, — а мы во з Рахімам цяпера нагамі памералі ўсё. Напрасткі, дак вёрст сорак, не болей.
Читать дальше