Зазыба паправіў:
— Чатырох не будзе.
— Ну, няхай трох, — лёгка згадзіўся Прыбыткоў, — але паспрабуй, угледзь нават трох — зайцоў і тых не ўпасеш, а тут людзі.
— Да людзей, мусіць, і ён набраў да сябе, раз на Маскву цаляе.
— Масква, яна як прынада тая. З вайной на Маскву хадзілі і ў старыну. Да ўсё праз нас, праз Беларусю, — Прыбыткоў пакруціў, як у здзіўленні, галавой і працягваў гаварыць далей: — Я от думаю цяпера, дак неяк ажно дзіўна размешчана ета Беларуся наша, бытта гасподзь знарок яе паклаў так. Усё праз нас з вайной ходзяць, усё праз нас. Здаецца, каб хто перанёс яе ў другое месца, дак і нам бы па-другому жылося. А зямля харошая, можа, нават лепшая за рай той. Ета ж падумаць толькі — у другіх голад, дак ужо голад, людзі, як тыя мухі, гінуць, вазьмі хоць Украіну, тама во і нядаўна колькі паўмірала, а ў нас адно мужыкі паапухалі — не кара дак ягада, не ягада дак грыб, а тама ўжо бульба пойдзе, жыта, але чалавек неяк выб'ецца з бяды, абы не сядзеў рукі склаўшы. Не, зямля наша папраўдзе райская, а от жа... — Стары патушыў самакрутку — моцная, за адзін раз не сассеш! — і паклаў па левы бок ад сябе на край лаўкі. — От і Гітлер таксама... Спярша з дружбаю лез, а цяпера і дружбе канец і любошчам.
— Гуляла кошка з мышкай.
— Ну-да, ей-праўды! Я і сам...
Але дагаварыць Прыбыткову не дала нявестка, якая расчыніла акно і гукнула:
— Тата, бульба зварылася!
Прыбыткову быццам гэтага і не хапала, пакуль гаварыў, — абапіраючыся абедзвюма рукамі на дубец, ён стаў на ногі.
— Можа, і ты, Дзяніс, не снедаў яшчэ, дак хочаш? — ён паглядзеў на комін Зазыбавай хаты, усміхнуўся. — Але ж бабы нашы сянні... позняцца... бытта сапраўды чакаюць...
— Мужыкоў дома няма, дак і раскашуюць. Хоць высплюцца.
— Да ўжо ж...
Прыбыткоў пастаяў яшчэ, а тады пайшоў, торкаючы ў зямлю дубцом; абутыя ў лапці ногі — у свае гады ён не мог іх змяніць ні на якія боты! — стаўляў так, быццам асцерагаўся наступіць на што калючае. Зазыба падумаў — і праўда знасіўся Кузьма!.. Але ж на памяці людзей Прыбыткоў яшчэ не вельмі даўно разгінаў для забавы жалезную падкову і некалі пахадзіў з сынамі, бадай, па ўсім забесяддзі — ад Вялікага да Малога Хоцімска: амаль усе столі і падлогі ў хатах, што будаваліся апошнія трыццаць гадоў у вёсках, былі пакладзены з ягоных дошак; пільшчык ён быў адмысловы і вечна хадзіў, абсыпаны тырсай.
Зазыба ажно пашкадаваў, што гэтак адразу пайшоў Прыбыткоў.
Але па завулку ўжо бег сын Гаманьковай Хрысціны. Іван аднекуль спяшаўся, нёс на сабе, уздзеты на галаву, хамут з чорнай скуры. Мусіць, хлопец бег па вуліцы і пацішэў, калі ўбачыў Зазыбу, тады на нейкі момант ажно разгубіўся, але павярнуць ужо не было куды, і ён, выдаючы сваю збянтэжанасць, што наскочыў на намесніка старшыні калгаса, адно перайшоў паспешліва на другі бок завулка, каб неяк збочыць, хоць хата Гаманьковых стаяла побач з Прыбытковым дваром.
Калі Іван наблізіўся, Зазыба спытаў:
— Гэта ж куды вы надумаліся ехаць?
— Н-не, мы не паедзем, — спалохана паглядзеў на Зазыбу хлопец.
— Тады навошта хамут?
— А я ўзяў яго на канюшні. Там цяпер бяруць хто захоча.
Зазыбу раптам нібы сцебанула чым.
— Ты от што, — сказаў ён без вялікай злосці, — нясі назад, раз не паедзеце. Бо навошта дома трымаць? Канюшня ж ёсць!
Зазыба ледзь не стрымгалоў заспяшаўся да стайні, якая была на беразе возера. Пакуль шыбаваў па вуліцы, паступова спакайнеў, але ўжо ля самых варот, якія былі адчынены і ў якіх, тоўпячыся, гаманілі вясковыя бабы, сціснуў абедзве вязанкі пальцаў у кулакі.
— Здароўця, — кінуў ён бабам.
Тыя аціхлі адразу, быццам убачылі прывід, і расступіліся, даючы Зазыбу на стайню дарогу.
— Ну што вы збегліся? — як не прыкрыкнуў на іх Зазыба.
Тады нехта спуджана хіхікнуў за спінамі. Наперад ступіла Куліна Вяршкова:
— Мы ета на работу прыйшлі, а тута...
— Нясіце ўсё на месца, — сказаў Зазыба.
Бабы, як прысаромленыя, кінуліся ў трысценак, пачалі складваць на падлогу хамуты, сядзелкі, — усё, што трымалі дагэтуль у руках. Зазыба стаяў на праходзе, і ў яго на твары пад скурай хадзілі жаўлакі. Ён усяго мог чакаць ад сваіх верамейкаўцаў — дзе толькі фэст, і яны заўсёды там, — але тое, што пабачыў цяпер, не ўкладвалася ў галаве: выходзіла, толькі звядзі вочы, як адразу разнясуць усё калгаснае па дварах. Суцяшала адно, што не было на стайні мужыкоў.
Праз хвіліну да Зазыбы падышла тая ж Куліна Вяршкова.
— Ета ўсё Раман, — сказала вінавата яна, — ён пачаў першы насіць да сябе, нават калёсы закаціў на двор, а мы паглядзелі, таксама загарэліся.
Читать дальше