Выйшла само, што Чубар пакінуў хутар. Пад вясну ён аднаго дня выпусціў з хлява авечак, а загнаць назад у час забыўся. А тым быццам толькі і снілася ўсю зіму воля: не паспелі гаспадаровы шуткі збегчы з сонечнага двара, як на ўзлеску напалі на іх ваўкі. Ну, і не далічыўся ўвечары хутаранін у статку двух бараноў і адной авечкі. Вядома, адказваць давялося Чубару, але ён усё ж неяк крутануўся ды выкаўзнуў з учэпістых гаспадаровых пальцаў. Памагло Чубару вырвацца, няйначай, тое, што хутаранін утрымліваў яго адной рукой, а другой тым часам з поцягам сцёбаў па спіне дубцом. Зразумела, што пасля такой экзекуцыі мала хто добраахвотна захоча вярнуцца назад.
Не вярнуўся і Чубар. Зноў падаўся ў працоўную камуну, яшчэ не ведаючы, што яе к таму часу паспелі распусціць. Колькі месяцаў пасля гэтага Чубару давялося жыць выпадковымі заробкамі ў навакольных вёсках, а потым нехта падказаў яму паступіць у школу каморнікаў, балазе туды набіралі навучэнцаў ледзь не такім жа чынам, як у старыя гады ў дзяржаўныя сельскагаспадарчыя школы. Доўга, вельмі доўга пасля прахопліваўся Чубар уначы на ложку, чуючы ў сне на сабе ўдары дубца...
Хоць дарогі напрасткі было не так і многа, але Чубар дабраўся да хаткі-лупільні, калі месяц на небе ўжо набраўся сталага бляску. Цяпер грудок, на якім тулілася гэтае нехлямяжае збудаванне, падобнае на звычайную сялянскую лазню, увесь быў заліты амаль шызым месяцавым святлом, а вузкі цень падаў наўскасок, даставаў акурат гатычным верхам самага краю. Сёлета нехта разводзіў тут, на грудку, вогнішча, можа, пастухі, і крокаў за дваццаць ад хаткі дасюль яшчэ чарнела лапікам папялішча, як ад згарэлага лаўжа. Побач ляжала струхлелая бярозавая калода. Яна свяцілася фосфарам, а здалёку здавалася, што там датлявала вуголле.
Дзверы ў хатку засталіся пасля кагосьці расчыненыя — значыць, наведваліся людзі і цяпер. У няскончанай прыбудове бялела на зямлі пашматаная папера. Паколькі папера ляжала не прыбітая дажджамі, то льга было падумаць адразу, што яе пакінуў нехта тут гэтымі, ужо сухімі, днямі. Чубар узяўся за вушак, каб ступіць на парог і потым зайсці ў хату, але штосьці жывое варухнулася на парозе, раскруцілася пругкай маланкай і шмякнулася ўніз, па той бок парога. Чубар здрыгануўся ад нечаканасці, але паспеў усё ж згледзець і здагадацца, што патрывожыў соннага вужа, які абначыўся на парозе. Пазнаў ён яго па чырвоных шчочках, якія ажно бліснулі пры святле месяца. Няйначай паўзун меў тут сталае жыллё сабе, можа, нават вывеўся пад падлогай, калі, вядома, не прыпоўз адкуль з балота. Чубар з дзяцінства не мог спакойна глядзець на такія стварэнні прыроды, як гэты вуж, яны заўсёды выклікалі ў ім непрыемны халадок, нават страх, аднак цяпер чамусьці адразу перасіліў гідлівае пачуццё і, лішне не стрымліваючы сябе, падаўся ў хатку. Скрозь зашклёнае акенца ў бакавой сцяне туды пранікала знадворку месяцава святло, кладучыся снопам на дашчанай падлозе. Зваліўшыся з парога, вуж кудысьці знік зусім, можа, паміж няшчыльных масніц. Чубар моцна патупаў для пэўнасці па падлозе, тады чыркнуў па карабку запалкай. Насупраць акенца, ля другой сцяны, у хатцы быў тапчан, акурат палок у вясковай лазні, — проста нехта паклаў на яловыя круглякі тры шырокія дошкі, на якіх хапала месца выпрастацца чалавеку на ўвесь рост. Трымаючы запалку ў руцэ, Чубар сеў на тапчан, паёрзаў задам на ім, усё роўна як прабуючы на трываласць. Запалка, між тым, дагарэла і, апёкшы пальцы, патухла. Аднак цёмна ў хатцы зрабілася толькі на момант, бо зрок даволі хутка прызвычаіўся да таго святла, што пранікала праз акенца і дзверы, якія Чубар таксама пакінуў расчыненымі. Чубар паваліўся на тапчан галавой да сцяны, паляжаў колькі хвілін на спіне, быццам у здранцвенні, тады крутануўся ўдоўж і паклаў на дошкі як не пудовыя ногі. Звычайна ён засынаў цяпер хутка, абы дапаў да чаго бокам, нягледзячы нават на волкасць, а тут чамусьці доўга не мог заплюшчыць вочы, усё роўна як замінала што зрабіць гэта.
Знадворку было чуваць, як бегала вакол хаткі неспакойнае ласяня. Але што мог сказаць яму Чубар?
Між тым, на парог неўзабаве зноў успоўз вуж і лёг там абаранкам, скруціўшыся ў колькі разоў. Блізкая прысутнасць сцішанага чалавека, які толькі і выдаваў сябе тым, што дыхаў, пэўна, зусім не трывожыла яго.
Цяпер Чубар выявіў паўзуна многа пасля, калі нечага глянуў з тапчана праз расчыненыя дзверы ў прыбудову. Але гэты раз ён паставіўся да яго з’яўлення спакойна, без гідлівай утрапёнасці, нават не падумаў, каб нейкім чынам пазбавіцца на ноч непрыемнага суседства.
Читать дальше