Чубар ужо ўзяўся за чэп на варотах хлява, як на двор, піхнуўшы рукамі з вуліцы брамку, узбег васьмігадовы Гапчын хлопец Міхалка. Мусіць, ён меў ад маці наказ пільнаваць, калі будзе прачынацца Чубар, каб паказаць на стале сняданак, бо гарэза адразу з гэтага і пачаў:
— Дзядзька Чубар! — Гэта ўжо было звычайным, што малы звяртаўся так.— Матка казала, каб вы елі, на стале ў етай хаце стаіць усё!
Хлопчык заўсёды з непадробным дзіцячым захапленнем пазіраў на Чубара. І гэта Чубар вельмі цаніў, стараючыся хоць чым, але падкрэсліць і сваю душэўнасць да яго. А вось дачка Гапчына Верка ўспрымала чужога чалавека ў доме іначай. Тая не толькі цяпер, у гэтыя дні, але наогул варожа сустракала кожны раз Чубарава з’яўленне. У свае адзінаццаць гадоў яна не так хутка, як яе брат, мяняла прыхільнасці. У яе памяці, таксама як і ў сэрцы, яшчэ цалкам жыў бацька, які загінуў у снежні трыццаць дзевятага каля возера Муаланьярві. Зразумела, што не магла дараваць дзяўчынка маці сваёй яе сувязь з Чубарам. Тое, што Гапка спрабавала тлумачыць дзіцячым капрызам, заганай росту, наадварот было звычайным выяўленнем глыбокай непрыязнасці, і не толькі да аднаго чужога чалавека, але разам і да роднай маці, праўда, з той розніцай, што да маці гэтае пачуццё мянялася, даволі было адно пайсці Чубару ад іх, як яна пераставала хмурыцца і станавілася ранейшай паслухмянай дзяўчынкай; тым часам варта было Чубару назаўтра зноў пераступіць іхні парог, і Верка, быццам маленькая птушка, натапырвалася, пачынала нервавацца, рабілася зацятай, знарок патрапляючы паміж Чубарам і маці, пільнуючы не толькі кожны іхні крок, а і рух. Відаць, гэтым таксама тлумачылася, што дачка з вялікай ахвотай заўсёды бегла за маці — ці трэба карову знайсці на лагах пасля пашы, ці яшчэ што зрабіць, адышоўшы падалей ад хаты. Між тым, Міхалку, здаецца, нічым асабліва Чубар і не прывабліваў, сорам прызнацца цяпер, нават цукерак у кішэні ні разу не прынёс, аднак хлопчык гарнуўся да Чубара, асабліва моцна адчулася ягонае захапленне ім, калі ўжо ў вайну Чубар пачаў прыходзіць з вінтоўкай, няважна, што большыя вісусы ў пасёлку пасміхаліся і гаварылі брыдкія словы, дражнячы малога «новым бацькам»...
— А матка з Веркай пайшлі снапы аббіваць,— сказаў далей Міхалка.— Нехта спаліў сянні ў Паддубішчы верамейкаўскія копы, дак усе бабы нашы пабеглі ратаваць свае.
— А вам у Паддубішчы не давалі паласы? — спытаў глухім голасам Чубар.
— Не, мамонаўцам і кулігаеўцам прыпала тута, во, адразу за нашымі лагамі. Ведаеш?
— Ведаю.
— А верамейкаўцам наразалі тама, у Паддубішчы, дак іхняе жыта нехта ўзяў да спаліў!
— Значыць, ваша не згарэла? — быццам у нейкай радасці спытаў Чубар.
— Ага.
— А верамейкаўскае згарэла?
— Ну!
— От бачыш,— шматзначна ўсміхнуўся Чубар, усё роўна як даваў адчуць малому, што мамонаўскае жыта ацалела не так сабе.
Але Міхалка па-свойму зразумеў гэтую ягоную наўмыснасць.
— Няхай бы толькі паспрабавалі спаліць наша! — запальчыва, але надта па-дзіцячы сказаў ён.— Ты б іх з вінтоўкі тады. Вось так — раз, два! — і паказаў рукамі, як бы зрабіў Чубар.
Гэтая дзіцячая запальчывасць, таксама як і вера ў тое, што Чубар расправіцца з кожным, хто зробіць замах на мамонаўцаў ці на іхнюю маёмасць, нечакана збянтэжыла Чубара. Адводзячы позірк убок, Чубар паклаў на бялявую Міхалкаву галаву далонь, збіраючыся пагладзіць, ды так і затрымаўся ў нерашучасці, быццам не меў сілы зрабіць апошні ласкавы рух.
— От што,— сказаў ён,— ты хацеў бы мець ласяня? — Выйшла ў яго гэтае запытанне зусім нечакана, аднак надзвычай дарэчы, быццам чалавек увесь час думаў пра ласяня і пра тое, што асірацелага звярка, які недзе бадзяецца адзін, трэба, няйначай, прывесці сюды, у Мамонаўку, паказаць і аддаць малому, бо наўрад ці мог хто другі, акрамя Міхалкі, па-сапраўднаму паклапаціцца цяпер пра небараку.
— Якое ласяня? — страпянуўся Міхалка.
— Ну, звычайнае.
— А якое яно?
— Тады пабачыш. Ты толькі скажы — хочаш ці не?
— А яно не кусаецца?
— Не,— засмяяўся Чубар і зноў палашчыў вачамі ўзрадаванага Міхалку. Падумаў: «Ну, канечне, як гэта я не здагадаўся раней, трэба ж зараз пайсці шукаць ласяня!» Для яго цяпер, бадай, не было даражэйшага за гэтыя дзве істоты — Міхалкі і ласяня!
Тым часам Міхалка працягваў радасна плюскаць блакітнымі вачанятамі, і гэта яшчэ мацней падахвочвала Чубара на тое, на што ён нечакана рашыўся. Але Міхалку клікаць з сабой у лес Чубар не браўся. Па-першае, Міхалкава адсутнасць дома ўстрывожыла б маці, бо наўрад ці паспеюць яны вярнуцца назад, пакуль тая з дачкой прыйдзе з поля, а па-другое... Урэшце, ці мала што можа здарыцца цяпер, тады ўжо і зусім замучыць сумленне. Чубар па-змоўніцку падміргнуў хлопчыку. Сказаў:
Читать дальше