— Дзякую... я тут, з моладдзю.
— Не, пойдзем, — цягнуў той Шаліму за рукаў. На дапамогу прышоў бацька жаніха.
— Не пагрэбуйце, таварыш сакратар, нашым, калгасным. Прысмакаў у нас асаблівых няма, прабачце. Чым багаты, тым і рады.
Жаніх тым часам падбег да Надзі.
— Кідай, Надзя, танцы, пайшлі вып’ем. Дуська загадала без цябе не прыходзіць.
— Пойдзем, Надзя, трэба жаніха ўважыць.
У сенцах Рэпкіна шапнула Андрэю;
— Андрэй Антонавіч, а вяселле з вянцом.
Андрэй разгублена спыніўся, потым рашуча зайшоў у хату: адступаць не было куды.
Шаліму пасадзілі побач з жаніхом. Бацька ўзяў аберуч вялізную чорную бутлю, наліў поўную шклянку бялясай вадкасці, крутнуў рыжы, фельдфебельскі вус,
— Выпі, таварыш, за шчасце маладых,
— Што вы, столькі я не магу.
Госці наперабой загаварылі.
— Выпіце...
— За маладых трэба выпіць...
Андрэй бачыў, што адмаўляцца нельга, чокнуўся з жаніхом, нявестай, адпіў палову, паставіў шклянку на стол.
— Ты, таварыш, злосці нашым дзецям не зыч, — умяшалася маці нявесты. — Першую да дна трэба піць. У Крэмлі, вунь, таксама на прыёмах выпіваюць.
Вакол загаманілі.
— Да дна-а-а...
— Гэта ўжо непавага...
Андрэй падняў шклянку, перакуліў яе, зухавата крактануў.
— Вось і на здароўе.

Шаліма бачыў, што гэткім жа чынам прымусілі выпіць і Рэпкіну, толькі ў яе была чарка і налітая не зусім поўна. Пакуль Андрэй закусваў, Надзя пачала спрэчку. Шаліма не чуў, аб чым яна спрачаецца, але бачыў, што радня маладой адчувае сябе няёмка, ды і жаніх неяк круціцца на месцы.
— Ты, таварыш сакратар, не звяртай увагі, што мы па дурасці ў царкву паехалі. Прычапілася яе старая... Я першы раз у царкве быў і Дуська таксама. Смешна.
— Смешна і крыўдна, што такі хлопец паддаўся старой жанчыне, — зазначыў Андрэй.
— Цяпер вянчанне — тая ж забаўка, — умяшаўся бацька. — Жывучае, ліха на яго, старое. Я сам не прызнаю.
— Гэта яшчэ горш: не прызнаеце, а сын вянчаецца.
— I што там дрэннага ў вянчанні, — падхапілася жаніхова цёшча. — Укусілі іх там?
— Спыніцеся, — не вытрымала маладая.
— Вып’ем яшчэ, — каб замяць непрыемную размову, прапанаваў бацька жаніха.
Калі госці вылезлі з-за стала, бацька абняў сына і Шаліму за плечы.
— Ты, таварыш сакратар, малайчына, правільна гаварыў. Мой сын шляпа. Ім цёшча ўжо цяпер як захоча круціць. Ладна, каб на добрае кіравала. Ты, Дуся, не крывіся, я праўду кажу. Супраць цябе нічога не маю. Ты дзеўка што трэба. Але матка ў цябе... Ну, ды не век вам з ёю жыць. Старых, сын, трэба слухаць, але і свой розум не губляць. Так я кажу, сакратар, ці не? Падабаешся ты мне. Давай вып’ем.
Шаліма адмовіўся. Падбегла Надзя, пацягнула на вечарынку.

— 3 дзяўчатамі я гаварыла. Кажуць, што пададуць заяву ў комсамол, толькі каб хлопцы першымі ўступілі.
— Добра, Надзя. Я пагутару. Не відаць, што п’яны?
— Дык гэта-ж вяселле.
***
Пакрысе выпраўлялася становішча ў пярвічных арганізацыях: ажывала работа гурткоў, часцей праводзіліся сходы, ды і карысць ад іх была прыкметная. Андрэй Шаліма сам рэдка калі бываў у райкоме комсамола і работнікам не даваў падоўгу заседжв»ацца ў раёне. Там, на месцы, у калгасных брыгадах, на ферме, ля малатарні, у трактарнай брыгадзе ён гутарыў з моладдзю, дапамагаў ёй наладжваць комсамольскую работу. Гэта былі невялікія, малапрыкметныя справы, але карысць ад іх была вялікая. Дасюль ніхто толкам не ведаў, што і як павінна рабіць комсамольская група на ферме. Цэлы тыдзень Андрэй разам са свінаркамі і даяркамі падымаўся ў пяць гадзін раніцы, ішоў на фермы, вывучаў умовы працы маладых жывёлаводаў. І вось пры ферме былі абсталяваны два пакоі. У адным — пакой адпачынку, у другім — чырвоны куток. У чырвоным кутку з’явіліся гульні, кнігі, а калі даяркі прынеслі сюды гітару і балалайку, у чырвоны куток фермы пацягнулася калгасная моладзь. Цяпер жывёлаводы не лічылі сябе адарванымі ад культурнага жыцця, як гэта яны гаварылі раней.
А самым галоўным дасягненнем Андрэй Шаліма лічыў рост пярвічных арганізацый. Цяпер на кожным бюро прыходзілася разглядаць па дваццаць-трыццаць заяў маладых калгаснікаў. Нарэшце, была створана комсамольская арганізацыя і ў калгасе «Зара». На першым сходзе прысутнічалі Андрэй Шаліма і Надзя Рэпкіна. Комсамольцы яшчэ саромеліся выступаць, хаваліся за плечы адзін другога, але па рэпліках, якія яны кідалі з месца, Шаліма адчуваў: тут будзе баявая арганізацыя. Хоць комсамольцы і слаба выступалі на сходзе, затое назаўтра ўсе выйшлі на нядзельнік.
Читать дальше