Лабановіч, наколькі мог, тлумачыў старасту, што і дзяўчаткам таксама вучыцца трэба, і даводзіў, скуль гэта патрэба вынікае.
Стараста слухаў, прыплюшчыўшы вочы, і толькі згаджаўся:
- Гэта так, панічок...
- Гэта вы справядліва кажаце.
- А вядома, так.
- Што праўда, то праўда.
Але настаўнік бачыў па твары старасты, што ўсе аргументы зусім не пераконвалі яго ў тым, што дзяўчатам трэба навука. Што навука трэба мужчынам (а навуку стараста разумеў, як уменне чытаць, пісанне ж - ліха яго бяры, без яго можна абысціся лягчэй!), стараста не спрачаўся. Справа службы вымагала хадзіць у воласць. А там надаюць яму цэлую кучу розных папер і загадаў. То трэба было павесткі на суд даставіць па прыналежнасці, то нядоімку сыскаць з каго, то лісты перадаць.
У гэтых выпадках у старасты быў асобы парадак. Ён клаў павесткі з павесткамі, лісты з лістамі, нядоімкі з нядоімкамі. І тут галаве яго прыходзілася папрацаваць нямала. Ён распытваў у воласці, каму павесткі, і тут жа складаў іх у такім парадку, у якім іх трэба перадаць, беручы пад увагу адлегласць. Скажам, павестка для Мікіты Цялушкі, які жыў з гэтага боку вуліцы. Яго павестка клалася першаю, а за ёю ішла другая, трэцяя і так далей. Пасля гэтага стараста запамінаў тых асоб, каму павесткі прызначаліся. Таксама і нядоімкі. На лісты быў іншы парадак. Перш за ўсё іх было нямнога, і канверты былі розныя па колеру і па велічыні. Вось гэты ў сінім канверце трэба аддаць Гаўрылу Жалезнаму, у белым - Язэпу Нырку, а гэты памяты і засалены - удаве Тэклі... Ну, калі і пераблытаеш іх, не такая ўжо бяда: самі разбяруць, калі будуць чытаць паклоны. Гэта ўжо хутчэй бабы патрапяць.
Забраўшы ўсе паперы, стараста колькі хвілін стаяў і разважаў, як бы сам сабе здаваў экзамен. Можна было сорак разоў аклікаць яго ці страляць за колькі крокаў ад яго - усё роўна нічога не чуў тады стараста. Здаўшы экзамен, Раман весялеў, з твару сходзіла напружанасць, у якой часта адзначалася пакута, і ўжо звычайным чалавекам ішоў, куды яму было трэба. А калі ў яго памяці гублялася якая-небудзь шрубка, стараста раптоўна спыняўся сярод вуліцы, пазіраў на паперы, пазіраў доўга і напружана. Пры гэтым ён пакручваў галавою і часта страчваў надзею адшукаць гэтую згубленую шрубку. Тады ён зноў вандраваў у воласць і нёс на сваім твары выяўны смутак.
Дзіцячыя галасы гучнелі і мацней даносіліся да кватэры настаўніка. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай. Выпаўненне аднае школьнае праграмы яго не здавальняла, і сваё галоўнае назначэнне як настаўніка Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з'явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі - як выніклі? у чым іх прычыны?
І наогул, каб да ўсяго падыходзілі свядома. У гэтым абуджэнні крытычнае думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага сацыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Бо калі чалавек пачне разважаць, дашуквацца прычын таго стану, у якім ён знаходзіцца, ён напэўна не пагодзіцца са сваёю доляй і будзе старацца адваяваць сабе лепшае месца на свеце. І калі ў чалавека раскрыюцца вочы, ён сам сабе выбера дарогу і сам за сябе будзе несці адказ. Навязваць жа людзям сваю волю, вымагаць ад іх, каб яны рабілі іменна так, а не іначай, мы не маем права, бо хто можа паручыцца за тое, што мы не памыляемся? Гэтым і тлумачыцца той факт, што розныя правадыры, якія захоплівалі жарам свайго пераканання людскі натоўп і вялі яго за сабою, - вялі толькі да тае граніцы, ад якой пачыналіся перашкоды. Натоўп не разумеў гэтых перашкод, адольваць іх у яго не было ахвоты. На гэтым пункце вынікалі непаразуменні. Правадыр з гарчэчаю ў сэрцы казаў: «О сляпы, нікчэмны натоўп, статак жывёлін!» А натоўп крычаў: «Ты - ашуканец! Пабіць цябе каменнямі!»
Ужо колькі разоў паглядаў настаўнік на гадзіннік, думаючы, ці не пара яму ў школку.
Праўда, сёння толькі пачатак, толькі збор дзятвы; ён пакуль што азнаёміцца і зробіць запіс у журнал. Усё ж такі на сэрцы будзе спакайней: будуць зроблены хоць сталыя крокі да работы.
А дзеці, крыху асвойтаўшыся, пачыналі гусці смялей і весялей. Часамі чулася іх беганка па лаўках, смех і крыкі. Некаторыя ціхенечка падыходзілі да дзвярэй кватэры настаўніка і з найвялікшаю цікавасцю заглядалі ў шчылінкі. Таксама забягалі яны і ў кухню, нібыта напіцца вады.
Читать дальше