За вокнамі ўсё мітусілася белае і зіхцела сонца. І падобна — мітусілася, зіхцела штосьці ў душы Башлыкова.
Радасць, нецярплівасць былі не адны ў душы. З імі тачыліся, трывожылі Башлыкова нядобрая вінаватасць і незычлівы одум. І раз, і другі назалелы одум гэты судзіў: што ты робіш? Ты — кіраўнік раёна. У такі час, калі ўсё трэба аддаваць справе. Замест таго каб думаць пра справу, пра раён, ты думаеш пра непатрэбства. Пра жанчыну. Да таго ж — пра выпадковую жанчыну.
У рэшце рэшт, разважаў одум, — калі табе ўжо так захацелася жаночай ласкі, хіба мала тут дзяўчат, прыгожых і надзейных. Адданых справе, з ясным жыццём. Дзяўчат, якія могуць стаць сапраўднымі таварышамі ў справе. Колькі дзяўчат — камсамолак — з радасцю пайшлі б насустрач, каб ты зажадаў гэтага. Чаго ж ты паўз іх прайшоў і прыліп да нейкай невядомай?
Башлыкоў пярэчыў сабе: чаму — невядомай? Ведае і самую, і нават бацькоў яе. Таксама — наш чалавек, няхай і не камсамолка. І што, калі на тое, перашкаджае ёй, калі прыйдзе час, стаць таксама камсамолкай, таварышам па справе? Бацькі — беднякі, можна сказаць, пралетарыі сельскія. Праўда, не калгаснікі, гэта, вядома, мінус, пляма. Ва ўсім віною — маці, цёмная, злая істота, непрыемная, скажам шчыра, асоба. Відаць, з-за яе дачка і пакінула бацькоўскае гняздо. А бацька — чалавек што трэба. Хоць зараз мог бы на новую дарогу пайсці… Так, аднаасобнікі — гэта, канешне, мінус. Але ж, калі на тое, то яна ж ужо не з бацькамі. Сваё становішча ў яе — на службе. Савецкая служачая. Ды і з бацькамі павінна паправіцца. Быць не можа, каб не паправілася. Да таго ідзе.
Сярод усяго ўнізвалася няёмкае: становішча яе. Школьная тэхнічка. Прыбіральшчыца. Ён, кіраўнік раёна, і — прыбіральшчыца школьная!.. А што — прыбіральшчыца? — уздымалася нязгода. Хіба на ўсё жыццё гэта — прыбіральшчыца! Хіба не відаць — што выпадкова там! Што прыладзілася, відаць, на момант. Пасварыўшыся з маці-ўласніцай. Рашыўшы пачаць новае жыццё. Сёння — тэхнічка ў школе, а заўтра работніца арцелі. Можа быць, актывістка новага жыцця.
"Прыбіральшчыца". Можна падумаць, што сам — сакратаром нарадзіўся. Не з таго пачынаў. Колькі прайшло з той пары, як сам падмятаў за кульгавым шаўцом? А ўжо — арыстакратычныя замашкі. Арыстакратычныя не арыстакратычныя, а мяшчанскія — то яўна. Мешчанінам добра папахвае.
Раз-пораз у развагі прыходзіла горшае. Такое, ад чаго, здавалася, нібы трапіў у тупік. З якога адзін выхад — назад. Гэта звычайна было тады, калі ўспамінаў сустрэчу ў школе, той момант, калі прыйшла Параска. Няёмка зноў было, што таіўся, хлусіў фактычна, і з гэтым неадступна вярэдзіла: не ўтаіў, напэўна, здагадалася, ведае. Яна-то, відаць, не панясе навіну па свеце, чалавек разумны, але, як там ні таіся, заўтра вядома ўсё будзе многім. У вёсцы ўсё на віду. Усё на віду ў раёне.
Як бы ні хаваўся, раней ці пазней усё адкрыецца, стане вядома, у тым ліку і тут.
Як ён будзе выглядаць перад людзьмі, перад раёнам! У такія моманты першай думкай было: спыніцца, пакуль не позна. Не ехаць, не сустракацца. Кончыць.
У такія моманты ўсё станавілася раптам ясным. Ні да чаго гэта, асабліва цяпер, калі такія справы. Усяго сябе, усё трэба аддаваць справе. Не драбніць сябе.
Тады завіхаўся хутка, хадзіў цвёрда. І чуў лёгкасць і дужасць у сабе. Нібы скідваў цяжар з плеч.
Але лёгкасць, і дужасць, і яснасць былі не доўга. Кожны раз за гэтым чуў яе перад сабою, блізкую, вабную, і чуў, як непаслухмяна захлынаецца нечым гарачым, пранізлівым сэрца і тлуміцца галава. І як з гэтым знікаюць і лёгкасць, і яснасць, і як незразумелая сіла адбірае дужасць, вабіць, вядзе наперакор разумным развагам.
Тады не першы раз думаў здзіўлена: што ў ёй такое, чым яна займела такую ўладу над ім? Іншы раз, злуючыся на сябе, дакараючы сябе і яе, убіваў у сябе знарок груба: ва ўсім вінаваты яго дурная ўражлівасць, мяккацеласць! І тое, што кроў дурная гуляе, маладая, дзікая. Усё ад таго, што захацелася жанчыны, бабы! І ад таго, што характар, натура дурныя. Калі захацеў што, не ўмее стрымлівацца, адступаць. Ад прыроды такі. І не ўмее зыначыць сябе.
Калі спакайнеў, здзіўленне было іншае. Закахаўся, любіць! Сустрэў выпадкова, у такі паганы вечар, і закахаўся. Не разгледзеў толкам у той вечар, а прыкіпеў. Не разгледзеў, а не памыліўся. Колькі бачыў жанчын, а такую, здаецца, першую сустрэў! За ўсё жыццё першую такую. І дзе!..
І вось жа, у душы так — нібы нікога не было дасюль роўнага ёй! І такое ў душы — нібы не сустрэне больш такой, як яна!
А можа, і не сустрэне. Не сустрэў жа раней. Не было ж раней такога ні да адной. Можа, гэта — доля яго. Не, гэта не абы-што, гэта — рэдкасць. Такое хараство, такі розум. І да таго ж — дзіва — неабыякавая да яго. Відаць было. Хінецца душой. Рада была. Хвалявалася. Ці ж разумна — страціць гэта. Самому адмовіцца, загубіць. Загубіць і потым не знайсці больш.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу