— Мне могуць сказаць, што гэта — фантастыка, — Галадзед нібы не чуў воклічу i хвалявання ў зале, развінаў сваю думку: — Фантастыкай гэтага, канечна, назваць нельга, але, таварышы, гэта вельмі агромная i вельмі смелая задача. — Апейка ахвотна ўхваліў цвярозую разважнасць дакладчыка: справядліва. — Аб ёй трэба думаць, i думаць можна рэальна толькі пры адной умове, — упэўнена вёў Галадзед, — калі мы зможам як мага лепш падцягнуць арганізацыйную нашу працу… бо мы ў шэрагу выпадкаў,— таксама ж пераканана судзіў ён, — адстаём ад калгаснага руху, ён у шэрагу раёнаў перарастае нашы адпаведныя органы…
Апейка слухаў гэта ўжо з насцярогай, з нязгодай: як так — "перарастае"? З чаго гэта ўзята — перарастае? Але дакладчык не стаў тлумачыць, упэўнена пайшоў далей:
— Мы заўсёды павінны быць на чале гэтага руху… Не чакаць, што толькі тады будзем калектывізавацца, калі нам дадуць трактар i дзяржаўны крэдыт…
"А хто чакае? Але ж i трактар i крэдыт трэба…"
— Гэта зусім не азначае таго, — як бы прадчуваючы, што яму могуць запярэчыць, разважліва загаварыў Галадзед, — што мы не павінны клапаціцца аб трактарах i дзяржаўных крэдытах для калектывізацыі… бо трактар, як гэта ўжо ўсім вядома, з’яўляецца асноўным рычагом калектывізацыі. Але справа абстаіць так, што ў першыя гады пяцігодкі ў нас трактараў не хопіць для поўнага задавальнення нашых патрэб, a калектывізацыю мы не павінны ні ў якім разе паслабляць. Наадварот, трэба ўсямерна яе разгортваць!..
Думка спадабалася Апейку разважлівасцю, i ён як бы паспакайнеў. Слухаў зноў з даверлівай увагай.
— Я павінен сказаць наступнае, — гаварыў Галадзед. — Паўночны Каўказ i Украіна ставяць перад сабой такую задачу: Украіна, напрыклад, мяркуе калектывізаваць стэпавую паласу ў два гады на сто працэнтаў, Паўночны Каўказ таксама думае калектывізавацца поўнасцю на працягу двух гадоў. Ці можам мы такую прыблізна — ну, не ў два, дык у тры гады — задачу ставіць перад сабою? Па-мойму, не толькі можам, але i павінны… — Апейка ў думках падтрымаў гэта. У тры гады — відаць, рэальна. — Вопыт мінулага года нам паказаў,— ішло да Апейкі,— што мы перавыканалі ўсе нашы планы па калектывізацыі, i перавыканалі ix на трыста працэнтаў. І мне думаецца, што, калі мы зможам арганізацыйна ахапіць гэты pyx i калі мы зможам i далей яго развіваць, мы можам "дзерзнуць" на такі крок, каб у найхутчэйшы тэрмін калектывізаваць сельскую гаспадарку БССР усю — на сто працэнтаў. Падставы для гэтага ёсць: маса беднаты сёння ўжо жыве імкненнем ісці ў калектыў… Вось, напрыклад, такі выпадак, — Галадзед адарваўся ад напісанага, i Апейка, i — адчуў ён — усе у зале яшчэ прыціхлі, зацікавіліся. — Калі мы началі гаварыць, — стаў апавядаць дакладчык, — аб арганізацыі буй нага агракамбіната-гіганта ў сотні тысяч гектараў… які павінен будзе ўюночыць у сябе не толькі справу паляводства… але i арганізацыю індустрыяльных мерапрыемстваў… дык мне старшыня Рагачоўскага РВК прыслаў тэлеграму, што ў ix раёне запісалася ўжо ў калгас 60 працэнтаў сялянства!.. Пачуўшы, што ў нас на Беларусі будзе арганізоўвацца такі гігант-агракамбінат… з прамысловымі прадпрыемствамі — электрастанцыяй i гэтак далей… сялянства ўжо само, часам i праз галаву многіх нашых арганізацый… пачало нечуванай хваляю ўлівацца ў калектывізацыю навокал такіх буйных сацыялістычных адзінак!..
Апейка адвёў вочы ад трыбуны, пабег позіркам няёмка абы-куды. "Самі… Нечуванай хваляю… Цераз галовы… Ледзь пачулі пра аграгігант…" — Адчуў раптам, быццам стала муляць шыю, як бы трапіла за каўнер сянінка. Паварухнуў шыяю, але яе ўсё муляла.
— Асноўнае, што з палітычнага боку павінна кіраваць намі ва ўсёй рабоце па ажыццяўленню гаспадарчых планаў,— казаў старшыня СНК з націскам, як бы падагульняючы, — гэта далейшае рашучае, няспыннае наступленне на капіталістычныя элементы… Другім кіруючым лозунгам павінна быць самая бязлітасная барацьба з правабухарынскай апартуністычнай апазіцыяй. Біць па панікёрах, дробнабуржуазных ідэолагах — гэта адна з важнейшых задач, абумоўліваючых pyx наперад…
Апейка ўсё гэта адзначаў сабе з пільнай увагай, усё тут было вельмі важна яму.
Зацікаўлена i клопатна слухаў Апейка, калі Галадзед тлумачыў дэлегатам задачы на бліжэйшы час работнікаў сельскай гаспадаркі, навукова-даследчых устаноў, задачы тых, хто працуе ў розных галінах прамысловасці. Яму падабалася: гаворка тут была вельмі канкрэтная, дзелавая, было тут што не толькі паслухаць, але i добра запомніць. Адчувалася, з павагай i нейкай нават зайздрасцю, як ён багата ведае i як шырока бачыць, старшыня СНК рэспублікі. Галадзед нібы аддаліўся ад Апейкі i разам вырас у гэты час.
Читать дальше