Падумаў: «Гаша? Ці Панас падказаў? Няўжо ён мог пайсці на такое?» Было да болю непрыемна думаць, што такі чалавек, як Грамыка, усклаў цяжкі крыж на плечы гаротнай жанчыны, каб толькі ўратаваць брата свае жонкі.
— Расказвай яшчэ раз, Аксеня. Будзем разам думаць, што з табой рабіць.
Яна выцерла рогам хусткі вусны i пачала расказваць павольна, як бы нехаця i зусім абыякава, як пра справу чужую i даўнюю, сведкай якой яна сама была:
— Ды во… папутаў чорт дурную бабу. Зладзейкай зрабіў. Мой гэта Сцяпан… занядужалася яму… жывот схапіла, у яго ж гэта здаўна, да вайны яшчэ… Ну, я з поўначы пайшла вартаваць за яго. Мне i не хацелася. Што там, кажу, вартаваць? Пусты свіран? Ды не, кажа мой, грэчка ляжыць насенная. Праўда… Грэчку гэтую я сама чысціла… Сяджу я… Ноч. Спяць усе. Нячыстая сіла лётае. Шэпча мне: «А што ты, Аксюта, заўтра дзецям зварыш?» Праўда, у хаце хоць шаром пакаці. Hi крупінкі. Ну, i нашапталі нячысцікі. Пайшла да сябе ў двор, узяла свярдзёлак пад паветкай… Свіран жа гэты стаіць, як на палях… Ну, i вось. — Яна схілілася, дакранулася мазолістай далонню да клунка i тут жа падняла вочы, упершыню глянула на Пятра, быццам праверыла: ці паверыў ён? — А Сцяпан ды Вольга ўранні як даведаліся, адкуль гэтая грэчка, — з хаты мяне выгналі… Ніхто ў раду нашым злодзеем не быў!
Пятро слухаў i чамусьці паступова пераконваўся: не, не Панас падказаў ёй гэта, хіба жонка яго — Гаша. Але хутчэй за ўсё, што Аксеня надумала сама. Тыповая сялянская жаночая самаахвярнасць i наіўная хітрасць: уратаваць мужа, дарма што корміць дзяцей не ён — яна. Але ён — бацька. Узяць усю віну на сябе з надзеяй на літасць суддзяў: калі i засудзяць, то не так сурова — маці пяцярых дзяцей, ды i малыя яшчэ зусім, сама прызналася, сама прынесла крадзенае ў сельсавет, пакаялася.
«Не такая ўжо недарэчная хітрасць, — падумаў Пятро. — Нейкае выйсце ўсім — i ім самім, i Панасу, i партарганізацыі…» Але ўсё адно чамусьці да болю было шкада гэтай жанчыны, якая, безумоўна, пражыла сумленнае i вельмі нялёгкае жыццё.
Пятро наблізіўся, нахіліўся, памацаў грэчку ў мяшку i ціха сказаў:
— Не веру я вам, Аксеня.
Яна трывожна ўстрапянулася, i ў вачах яе бліснуў спалох. Але сказала гэтак жа спакойна:
— А як хочаце… Суд паверыць.
Тут увайшла Саша i паклікала Пятра да сябе ў амбулаторию.
— Чакайце, Аляксандра Фёдараўна, у нас справы важнейшыя, — сказаў Бабкоў.
— У мяне не менш важная.
— Куды званіць? Адразу ў міліцыю? Ці, можа, з райкомам параіцца? — Іван Дзямідавіч яўна спяшаўся хутчэй скончыць з гэтай непрыемнай гісторыяй.
— Пачакай.
У амбулаторыі сядзела Вольга. Не, не сядзела — ляжала тварам на стале, i плечы яе сутаргава ўздрыгвалі.
Падняла галаву, глянула чырвонымі вачамі на Пятра, усхліпваючы, задыхаючыся, замаліла:
— Пятро Андрэевіч, не судзіце маму. Яна не крала. Гэта ўсё бацька. Бесталковы! Усё жыццё мама пакутавала ад яго. А цяпер i мы… Што мы будзем рабіць без мамы? Мы ж па свеце пойдзем…
«Чым далей, тым не лягчэй, — ужо не толькі з болем, але i з раздражненнем падумаў Пятро. — Нейкі клубок заблытаны. Сапраўды, трэба быць прарокам, каб разблытаць».
— Што мне рабіць? Усе няшчасці на маю галаву. Адно кляймо на ўсё жыццё. Цяпер другое. А мы дамовіліся з Пецем, што заўтра запішамся. Згуляла, называецца, вяселле! — Вольга закрыла твар далонямі, i цела яе скруцілі страшныя сутаргі.
Саша накапала ў шклянку нейкіх лекаў, ласкава абняла яе, папрасіла:
— На, выпі. I супакойся, Оля! Нельга так. А Пеця… калі любіць… Ну, трохі пазней запішацеся…
— Я… яса-а-ма, калі маму… — Зубы яе стукалі аб шклянку. — Не пайду. Я… Я… яму свет закрыць…
— Пеця! Скажыце вы яе бацьку: сам напаскудзіў — сам няхай адказвае, а не падстаўляе жонку. Звыклі на жонках выязджаць!
Пятро крыкнуў праз сцяну:
— Іван Дзямідавіч! Нікуды не звані пакуль што! Пачакаем.
Грамыку знайшоў на гародзе, дзе калгасніцы садзілі памідоры. Той выслухаў i, гнеўна вылаяўшыся, адразу размашыста закрочыў праз гароды ў вёску.
— Я загадаў яму: прынясеш грэчку ў праўленне, пакаешся, папросіш людзей, даруюць — будзем абараняць, калі i да следчага дойдзе… А ён, гад, жонку падстаўляе. Дурная авечка, Аксюта гэтая!
Сцяпан Бандарэнка пад павеццю сек сухое ламачча: калі ў чалавека трывожна на душы, яму хочацца заняцца чымнебудзь. Убачыў ix — спалохаўся, застыў з паднятай сякерай. У яго не было i крупінкі той паважнасці i спакою, што ў жонкі. Ён увесь быў насцярожаны, як загнаны заяц, таму i з выгляду мізэрны, варты жалю: худы, ажно жоўты, рэдкія рудаватыя валасы склеіліся на лбе, барада, шчокі непаголеныя, таму здаваліся бруднымі, сарочка падраная…
Читать дальше