— Эх, Пятро Андрэевіч! Адзін разок заглянулі i гадзінкі не пасядзелі. А я думаў: ну, дамо дразда, бо ўсе свае, спірт маем…
Вярнулася з капустай Марыя Халімонаўна. Безумоўна, адразу не магла ўцяміць, чаму раптам госці падхапіліся, стаяць пасярод хаты ў шапках. Сунула міску на прыпечак, сама прытулілася да печы, здзіўленая, засаромленая, нейкая адразу зблажэлая. Абраза, крыўда, магчыма, з'явіліся пазней. А тады, калі яна, баючыся глянуць Пятру ў вочы, працягвала на развітанне руку, пэўна, была ў роспачы ад таго, што ўцякае яе кароткая жаночая радасць, спадзяванне на якую так нечакана ўзнікла.
Уначы балела галава. Прачнуўшыся ад гэтага болю на світанні, Пятро праглынуў колькі парашкоў, якія знайшоў у Сашыным чамаданчыку, i запіў з вядра, нагбом. Было брыдка ў роце, паскудна на душы.
Другі раз яго разбудзіў школьны званок. Сапраўды, недзе зусім блізка званок настойліва клікаў у класы. Не дзіва, што дзяжурны бегае па ўсім парку. Майскае сонца i праз тыя некалькі цьмяных шыбін заліло пакой не толькі да болю ў вачах яркім святлом, але i цяплом, бадзёрым i радасным. Пятро адразу адчуў гэтую бадзёрасць. Галава не балела. Начны боль здаўся далёкім, як боль ад ваенных ран. Трохі быў устрывожыўся, што прапусціў урокі. Але глянуў на гадзіннік i зразумеў, што Саша знарок не разбудзіла яго, напэўна, дамовілася з дырэктарам, каб яго замянілі, пераставілі ўрокі. Разумніца! Уначы, калі адчыніла i ўбачыла п'янага, — слова не сказала.
Пятро прыгадаў учарашнія падзеі, праўда, чамусьці ў ix адваротнай паслядоўнасці — ад вечара ў Капыла да нарады ў сельсавеце. I — дзіўная з'ява! — нібы ўсё асвяцілася зусім іншым святлом — вось гэтым, майскім, вясёлым, што льецца праз шыбы. Нават выпадак з Прышчэпам не здаваўся такім сур'ёзным, палітычным, як здаўся ўчора. Цяпер гэта выглядала амаль смешным, бытавым, трагічным толькі ў нейкіх дэталях, а на самай справе камічным, як гэта часта бывае ў штодзённым сялянскім жыцці. Многія факты з ix «падпісной кампаніі» можна расказаць як анекдоты. З папом, напрыклад…
Увайшла Саша. У халаце, у марлевай касынцы. Пятру заўжды асабліва падабалася жонка ў сваім медычным убранні, вельмі ж яно пасавала ёй.
— А-а, прачнуўся мой слаўны мужанёк! П'янчужка! — Села на ложак, як каля хворага. — Мала, што нейкай ванючай гадасці насмактаўся, дык яшчэ адразу па чатыры парашкі глытаеш… Калі-небудзь атруцішся, дурань такі.
— А галава перастала… светлая, што дзень гэты.
— Добра, што аспірын. — I запатрабавала — ён не зразумеў — усур'ёз ці жартам: — Ну, а цяпер расказвай пра ўсе твае прыгоды.
У Пятра ёкнула сэрца: «Ці не сказала Капыліха ад злосці, што я, п'яны, прыставаў, лез цалавацца?»
Расказаў падрабязна ўсё, акрамя, безумоўна, гэтага — цалавання з Марыяй Халімонаўнай. Ca страхам чакаў, што Саша спытае: «А што яшчэ рабіў у Капыла?»
Не. Яе ўстрывожыла другое: што п'яны Бабкоў усё-такі прагаварыўся свайму сакратару пра выпадак з Прышчэпам.
— Ох, дурні вы! Адзін стары, другі…— Які дурань ён, Пятро, Саша не сказала, загадала няласкава: — Падымайся, лежабок. Я ледзь угаварыла дырэктара, каб замест тваіх урокаў правесці гутаркі аб гігіене.
Пакуль ён галіўся, умываўся, Саша сабрала на стол. Знікла. Вярнулася праз колькі хвілін i — на вялікае здзіўленне Пятру — паставіла на стол пляшачку спірту. Следам за ёй прыйшоў Бабкоў, задаволены запрашэннем, вясёлы. З парогa паведаміў Пятру, што ёсць ужо 83,2 працэнта падпіскі i што сельсавет на чацвёртым месцы ў раёне. За сталом адразу прапанаваў выпіць за Сашу, якую ён любіць, як дачку, i паважае. Ажно праслязіўся ад замілавання ці, можа, ад успамінаў пра сваю дачку.
Саша перапыніла яго, сказала з дзіўным бляскам у вачах:
— Я вас, Іван Дзямідавіч, таксама паважаю… Але я… я вас узненавіджу… — Пятро i Бабкоў устрапянуліся, аднеслі ад рота налітыя шклянкі.— I не ад на я!.. Кал i вы дасцё ў крыўду гэтага неразумнага балбатуна Прышчэпу. Вы ж не яго пакрыўдзіце — дзяцей. Мала яшчэ сірат?
Пятра ўразіла, што Саша сказала тыя ж словы, што i ён учора, каля рэчкі.
Бабкоў паставіў шклянку. На маршчыністым сухім твары яго выступілі фіялетавыя плямы.
— Ды што ж я, па-вашаму, Аляксандра Фёдараўна, звер, а не чалавек? Ці не ведаю, што такое гора? Ды мне цяпер няхай язык вырвуць… A калі што — я лепш сам сяду…
— Ну, усё! — зноў перапыніла яго Саша. — Вып'ем.
Панас Грамыка выклікаў Шапятовіча з урока. Выгляд ён меў дзіўны: здавалася, закураны твар яшчэ больш счарнеў у гэтую майскую ясную раніцу. Ва ўсякім разе, Пятро ні разу не бачыў яшчэ аптымістычна-разважлівага старшыню такім панурым. Але здзіўлення свайго не выдаў — нічога не спытаў першы. Раз прыйшоў i паклікаў — значыцца, скажа сам.
Читать дальше