— Калі хадзіла пры немцах паняй, тады не кляла…
— Калі я хадзіла паняй? Ён ездзіў, самагонку глушыў, з дзеўкамі гуляў, а я на зямлі душылася, як ачумелая. Багацце капіла. Разбагацела! — Яна ўсміхнулася ўжо зусім інакш, не крывячыся так, з горкай насмешкай з свайго лёсу.
— На крыві людзей багацела!
— Я не ведала. У сваім сяле ён нікога не чапаў.
— Не ведала! Цяпер вы ўсе не ведаеце.
Бабкоў як бы трохі супакоіўся i, мабыць, зразумеўшы, што наяўнымі тут не возьмеш, напісаў у лісце тысячу рублёў, сказаў:
— Распішыся.
Яна паківала галавой:
— Не буду я распісвацца.
— Чаму гэта ты не будзеш распісвацца? — зноў узлаваўся старшыня.
— Не буду. Чым я выплачу? Каб мне потым i гэта прыляпілі: падпісалася, a плаціць не хоча.
— Круцішся, як змяя…
I тут увайшла старая…
У нявесткі адразу вырвалася спалоханае, узлаванае:
— Мама! — Але яна тут жа схамянулася, спытала са здзіўленнем: — Дзе гэта вы?..
Старая несла ў руцэ пачак трыццатак. Яна паклала ix на стол, коратка сказала:
— Во.
Грошы былі новенькія, ненакамечаныя, але ажно цвілыя ад доўгага ляжання ў сырым месцы. Усё гэта было так нечакана, што нават Бабкоў разгубіўся i доўга ўтрапёна глядзеў на чырвоныя паперкі з партрэтам Ілыча ў авале. Мабыць, як i Пятро, ён не ведаў, што рабіць: палічыць ix, узяць, не лічыўшы, ці наогул не браць? Няцяжка здагадацца, адкуль яны, гэтыя грошы. Але якія думкі пранесліся, магчыма, сапраўды праз хворы мозг маці здрадніка, забойцы? Аднавяскоўцы ведалі: яна несла віну за злачынствы сына, бо ўсё жыццё была сквапная, неразумна ашчадная, прывучала дзяцей красці ў суседзяў яблыкі, гуркі, бульбу. I вось — вынік: сын ад дробных краж дайшоў да забойства дзяцей. Што ёй хацелася цяпер, аддаючы грошы? Можа, здалося, што гэтак яна ўлагодзіць Івана Дзямідавіча, яго гнеў i нянавісць? Можа, падумала, што ахвяраванне на агульную карысць паможа ёй замольваць грахі ўласныя?
Узлезла на ляжанку, згорбілася i зноў паўтарала:
— Не забіваў Федзя дзяцей. Не! Не! — быццам хацела пераканаць самую сябе.
Бабкоў скамячыў грошы, сунуў ix у сумку i шпарка рушыў да дзвярэй. На вуліцы пачаў плявацца.
— Бачыў асінае гняздо? Я даўно казаў: трэба вобыск зрабіць! У ix i ў другіх такіх. Бачыў — грошы пацвілі! Я ўпэўнены: там тысячы закапаны ў зямлі. I не адны грошы, май на ўвазе… Дык не ж! Дзе не трэба, у нас трымаюцца за закон. Цяпер я гэтымі грашамі ў морду тыцну i Булатаву i пракурору.
Але нервовы ўзрыў, успамін пра сям'ю ў такой акалічнасці — у хаце забойцы — знясілілі старога хворага чалавека. Хвілін праз колькі Бабкоў, які толькі што гарэў i кіпеў, зрабіўся маўклівы, сцішаны, змарнелы i абыякавы да ўсяго, у тым ліку i да выканання плана пазыкі. За пазыку ён агітаваў нехаця, фармальна. I Пятро мусіў узяць ініцыятыву на сябе, хоць i адчуваў, што робіць ён гэта горш за Бабкова: не ўмее, асабліва з жанчынамі, пагаварыць гэтак проста, з жартамі, з прымаўкамі. Тлумачыў значэнне пазыкі грунтоўна, але залішне сур'ёзна, афіцыйна. Сам адчуваў, што гэта кепска, але інакш не выходзіла. Што скажаш чалавеку, калі ў адказ на прапанову пазычыць дзяржаве ён тут жа просіць пазычыць яму, каб дабудаваць хату, вывесці дзяцей з земляной нары на святло? A просьбамі такімі засыпалі: лесу, пазыкі, хлеба, апраткі для дзяцей. I гэта яшчэ больш прыгнятала, знясільвала Бабкова, збівала з панталыку Шапятовіча, зводзіла на нішто яго прапаганду.
Аднак падпісваліся. Трэба — значыцца, трэба. Людзі разумел! гэта, i некаторыя як бы шкадавалі ix, прадстаўнікоў улады. Справа іншая, што наяўнымі амаль ніхто не ўносіў.
Удава адна, Марына Старосціна (Шапятовіч яе добра ведаў, бо яна была дэпутатам Савета i разы два з'яўлялася на сесію), адразу весела спытала:
— А на колькі трэба?
— Колькі можаце.
— Я магу, колькі хочаце. Дзвесце, пяцьсот, тысячу…
— Дзе ты возьмеш тысячы гэтыя? — хмура спытаў Бабкоў.
— Іван Дзямідавіч! — пляснула жанчына ў далоні.— Ды няўжо ж вы думаеце, што я заўсёды такая бедная буду? Я разбагацець хачу!
Пятро пахваліў яе, калі выйшлі:
— Каб усе такія былі.
Бабкоў усміхнуўся яму, як блазнюку:
— А карысць якая? Стары Пракоп Нізавец, які так адмаўляўся, свае пяцьдзесят рублёў сам прынясе, бо ведае: падпісаўся — плаці. A ў гэтай балаболкі што ты возьмеш? Ды ў яе ніколі капейкі за душой не было… I невядома, калі будзе…
Пятро зразумеў, што праца ix, такая пакутлівая, напалавіну марная. А каб мець хоць які вынік, то калі не яму, дык Бабкову, актыву прыйдзецца не раз яшчэ рабіць вось такі падворны абход i размаўляць, магчыма, не так далікатна, а больш катэгарычна: падпісаўся — плаці.
Читать дальше