Часам яна чула, як гаварылі пра немцаў: культурная нацыя. Можа, у чым-небудзь і культурная, але хіба культурны чалавек можа дазволіць сабе так адкрыта разбойнічаць у свеце, як гэта распачалі немцы? Яна не чытала іх кніжак, не разбіралася ў іх высокай палітыцы. Але яна прывыкла меркаваць пра вялікае па малым, аб свеце — па сваёй вёсцы. І яна не памылялася. Яна ведала, што добрыя людзі не чыняць подласць ні па сваёй волі, ні па прымусу. Подласць — справа нягоднікаў. Ужо адно тое, што немцы прыйшлі на яе зямлю са зброяй, давала зразумець, што праўда не на іхнім баку. У каго праўда, таму не патрэбна зброя. Зноў жа даволі паглядзець, хто з імі ў хаўрусе, каб зразумець, хто яны самі. Да апошняй сваёй хвіліны яна не скорыцца ім, бо яна чалавек, а яны звяры. Хай сабе і дужыя.
Сцепаніда трохі забылася ад болю і, можа, нават заснула, але хутка прачнулася ад блізкага сабачага брэху і зразумела, што гэта ўсхадзіўся Рудзька. Брахаў ён на падворку, здалося, з дрывотні. Але на каго брахаў, хто тут дзе мог поўзаць ля хаты? Трохі забаяўшыся, яна падняла галаву і зірнула з запечча на хату, у якой было зусім цёмна, ледзь трошкі свіцілася акно насупраць, і якраз у тое акно нехта ціхенька пастукаў з падворка.
Сэрца ў яе закалацілася, яна паспрабавала ўстаць, аберуч трымаючыся за грубку, выйшла з запечча, усё ўзіраючыся ў акно. Але там нічога не было відаць. Ціхі стук, аднак, у ніжнюю шыбку зноў паўтарыўся з ранейшай настойлівасцю.
— Хто там? — дрыготкім голасам запыталася яна і ўслухалася.
— Аткрой, мамаша. Сваі.
— Чаго вам нада?
— Ну аткрой!
— Не адкрыю. Я адна ў хаце, хворая, не адкрыю.
Мусіць, пачуўшы Сцепанідзін голас, смялей забрахаў Рудзька, падскочыў бліжэй да парога. Яна хацела сказаць яшчэ, што Петрака няма і гарэлкі таксама няма і не будзе, што нягожа паначы ламіцца ў дзверы да хворай і старой бабы, але падумала, што тым іх не спыніш. Мабыць, зараз выб'юць вокны ці дзверы і зноў пачнецца тое, што ў мінулую ноч. Але, надзіва ёй, яны там не ламіліся чамусь і не стукалі болей, яны ціха пагаманілі паміж сабой і, мусіць, пайшлі, бо Рудзька забрахаў далей — ля тыну ці ў самых воротцах. Тады яна трохі пастаяла, паўслухоўвалася і падумала, што, мабыць, то была не паліцыя. Але хто? Мабыць, нетутэйшы, усё ж і гаворка расейская — хто б гэта мог быць? А раптам гэта якія чырвонаармейцы, можа б, што сказалі пра Федзьку? Ой, што ж тады яна нарабіла? Трэба ж было іх пусціць у хату.
Гэта невялічкае начное здарэнне зусім растрывожыла Сцепаніду, яна забедавала ў думках, ступіла да акна і праз спатнелыя шыбіны ўгледзелася ў начны ветраны змрок, услухалася. Не, нідзе болей не было нікога. Рудзька сціх, мусіць, тыя адышліся далёка.
Рэшту той ночы яна не заснула ні трошкі і не спрабавала нават. Яна праседзела ля акна, слухаючы і слухаючы невыразную шапаткую цішу знадворку. Галава ўсё балела, але Сцепаніда быццам трохі абвыклася з гэтым болем, і, калі ў вокнах пачало трохі шарэць на золаку, яна ўстала. Усё ж яна была яшчэ жывая, магла пераадолець немач, трэба было нешта рабіць. Яна ўжо адчула, што не можа болей сядзець на хутары, трываць пакуты ад невядомасці. Хопіць ёй той невядомасці, што праглынула Федзьку, Феню дык цяпер яшчэ і Петрака. Не, трэба было некуды ісці, нешта шукаць.
Рудзька маўчаў на падворку ці, можа, куды збег, а на світанні падаў скнарлівы голас парсючок, яна ўчула яго праз сцяну і падумала: другі дзень як някормлены. Клопат пра парсючка даў ёй саўладаць з хворасцю і выгнаў з хаты ў сенцы: там навобмацак яна знайшла стары чыгунок, намыла бульбы, насыпала трохі вобмешкі з жорнаў. З страхавітай нерашучасцю адчыніла дзверы з сянец на падворак, якія аказаліся не зашчэпленыя з учарашняга, і зноў прыпомніла начны стук у акно — яны нават не спрабавалі адчыніць дзверы. Не, гэта не паліцаі, гэта хтось з нетутэйшых, захожых. Шкадаванне зноў працяло яе — чаму ж яна іх не пусціла? Можа, гэта быў адзіны выпадак што-небудзь дазнацца пра Федзьку.
Яна паставіла есці парсючку, знайшла ў стале кавалак лапуна для Рудзькі, які зусім ужо не хацеў ісці нікуды з падворка, дашчэнту прытамілася, села на лаву і задумалася: што ж рабіць далей? Найперш трэба было дазнацца пра Петрака, калі ён жывы. Але дазнацца можна было толькі ў мястэчку — тут жа хто табе скажа? Значыць, трэба ісці ў мястэчка.
Пасядзеўшы яшчэ на лаве, яна паднялася, пайшла ў істопку. На самым сподзе кубёлка ў солі яшчэ было два кавалкі сала, яна дастала адзін; у сваім схове — пад разбітым гарлачом за печкай-каменкай — было яшчэ пяток яек, на паліцы стаяла з мінулага лета запыленая бутэлька вішнёўкі. Усё гэта ўладкавала ў меншы, лёгенькі кошык, з якім да вайны хадзіла на кірмаш у мястэчка, і выйшла з сянец.
Читать дальше