Але неўзабаве ён забыўся на боты, мо прыцярпеўшыся, а мо ад здзіўлення, якое ахапіла яго на рагу дзвюх вуліц, як ён убачыў той гмах — шэрую, не зразумець, на колькі паверхаў, будыніну, цэлае нагрувашчанне камяніц з аднолькавымі вокнамі, але няроўных памераў і няроўна пастаўленымі фасадамі — то бліжэй, то далей ад вуліцы, з аграмадным пляцам-дваром пасярэдзіне і вялізнаю, з настольнік, палатніной сцяга паверсе. Там жа, пад дахам, быў і каменны герб Беларусі. Ну ведама, то быў самы галоўны дом Менска, дзе засядаў урад.
Пятрок замарудзіў хаду: трэба было сабрацца з духам, набыць рашучасці. Гэта ж не сельсавет і не райвыканкам, дзе ступіў тры крокі з вуліцы — і ты ўжо ў дзвярах, на парозе. А тут? Перш трэба было адгадаць, дзе тыя дзверы ці, можа, вароты, каб падысці да іх. Але ж там, пэўна, ахова, ці яна пусціць яго без дакументаў? Трэба будзе прасіцца. Усё болей пабойваючыся і трацячы невялікую сваю рашучасць, Пятрок памалу ішоў уздоўж дома-палаца і ўсё ўзіраўся ў прыступкі, дзверы, якіх тут было замнога нават для такога гмаху. Да якіх падысці? Ён думаў, што, можа, хто скіруе туды з вуліцы, тады б і ён павярнуў следам, але з вуліцы ніхто туды не скіроўваў, усе ішлі ўдоўжкі па тратуары. Невядома, колькі мінула часу, але сонца, напэўна, недзе ўзышло, толькі ці яго тут убачыш сярод камяніц. У доле скрозь ляжаў густы і прахладны, нібы ў ельніку, цень.
Так, нічога не вырашыўшы і ні на што не наважыўшыся, Пятрок мінуў шырокі падворак-пляц, пратупаў яшчэ крыху і ўбачыў збоку дужа прыгожы, змураваны з чырвонай цэглы касцёл. Іншы раз ён бы палюбаваўся гэткай спрытнай збудоўкай, але не цяпер. Заклапочаны, ён памацаў пад шпількай Сцепанідзіну паперыну, хацеў быў закурыць, але захваляваўся, павярнуўся і зноў пайшоў да Дома ўрада.
На гэты раз ён не дужа разглядваў яго і не выбіраў прыступкі — ён павярнуў да тых, што былі насупраць пад радам зашклёных дзвярэй. На прыступках і ля дзвярэй было пуста, але, прыгледзеўшыся, Пятрок заўважыў за шклом штосьці белае, якое спярша памалу варушылася, а затым насцярожана знерухомела. То быў міліцыянер, Пятрок пазнаў яго па белай кашулі, перакрэсленай наўкось чорным паскам ад рэвальвера, белай, з зоркай, фуражцы на галаве. Стала відаць, як міліцыянер з-за шкла з вялікаю ўвагай сочыць за Петраком, які ўжо выйшаў на сярэдзіну падворка, аднак усё болей замаруджваючы сваю хаду. Вялікім намаганнем ён прымушаў сябе ісці, але ногі кепска падпарадкоўваліся яму, упарта наравілі павярнуць убок, туды, дзе было многа людзей і куды не дасягаў позірк міліцыянера. І так сталася, што ногі перамаглі, збочылі ад прамога кірунку. Пятрок перастаў камандаваць імі і сам з вялікай палёгкай падаўся прэч з падворка да вуліцы, на тратуар.
Тут ён скінуў з сябе напружанне, уздыхнуў, адчуў, што ўвесь мокры ад поту, нібы на тым пракосе ў Бараннім Лозе, і некалькі часу ішоў па вуліцы, мала што прыкмячаючы навакол. Ён праклінаў сябе за нерашучасць, за тое, што ўлез у гэту справу, дакараў за гэткі дурны характар і ўгаворваў не хвалявацца, не баяцца дужа. Ну што яму той міліцыянер? Хіба ён ішоў сюды з кепскім намерам? Ён папытаць проста, як дайсці да таварыша Чарвякова ці хоць бы перадаць яму тыя паперы. Што ён, па сваёй волі гэта ці гэта яго інтарэс? Ён жа выканаўца агульнай справы, па даручэнні сяльчан. Сам ён тут амаль што старонні. Перадасць і пойдзе назад, чаго хвалявацца? І тым не менш не мог суняць страхавітага хвалявання і мог сысці немаведама куды ў гэтым горадзе і згубіць Дом урада. Пятрок спыніўся, трохі расслабіў правую нагу, якую, пэўна, ужо намуляў дашчэнту, рукавом пінжака выцер пот з твару. Не, усё ж ён падыдзе да міліцыянера, каб толькі спытацца, і нічога болей. Нашто баяцца.
Пятрок зноў пашкандыбаў да будынка-гмаху, стараючыся не звяртаць увагі на бот, які па-ранейшаму націраў пальцы. Як на тую бяду, да яго падступілася і ўсё болей пачала турбаваць звычайная чалавечая патрэба, але цяпер было не да яе, і Пятрок трываў. На рагу будынка, аднак, ён замарудзіў крок, каб не адразу сунуцца на пляц-падворак. Але ўсё ж сунуўся, прамінуў кветнік у доле і павярнуў да прыступкаў, баючыся нават зірнуць туды. А як зірнуў, дык зноў ледзь не спатыкнуўся: ля тых самых дзвярэй на ганку стаялі аж два міліцыянеры ў белым і моўчкі на ўсе вочы глядзелі на яго, бы толькі яго і чакалі. Пятрок, нібы заяц у зімовым полі, апісаў на асфальце крутую пятлю і ледзь не подбегам вярнуўся на вуліцу. Пакуль мінаў Дом урада, стараўся надаць сабе выгляд чалавека, у якога процьма немалаважных спраў і якога тут зусім не цікавіць нічога.
Читать дальше