— Дык мы ж работаем. Стараемся. Не складаючы рук. За панамі так не работалі.
— Нам складваць рук нельга. Міравая буржуазія, яна пільна сочыць. Складзем — тут жа і задушаць.
— Што ж мы, не панімаем? Але во адзецца няма ў што. Даўней дык лён быў, а цяпер увесь лён здаём, а сабе нічога. Каб хоць крамніны якой, дзецям на світачкі, — пачала скардзіцца Сцепаніда, мабыць, ужо зразумеўшы, што перад ёй — начальства. Петраку тое не спадабалася — ну нашто яна? Толькі ў хату чужыя, начальства ці не, а яна ўжо са сваімі клопатамі. Не дасць людзям абагрэцца. Ён зважліва стаяў ля дзвярэй, думаючы, што захожыя самі штось скажуць — лезці да іх з пытаннямі было, мабыць, нягожа.
Але Сцепаніда тым часам, мусіць, зусім асмялела і ўжо скардзілася на тое, што дагэтуль не заплочана людзям за здадзеную па нарыхтоўках воўну, Смык трэці раз абяцае, назначае тэрміны, а грошай няма. Пятрок аж паморшчыўся ад няёмкасці — людзі староннія, можа, з Полацка ці нават з Віцебска, скуль ім ведаць тутэйшыя парадкі, нейкага там упаўнаважанага нарыхтовак Смыка. Лысы ля стала ўсё сядзеў нерухома, нават заплюшчыўшы вочы ад ператомы ці, можа, сагрэўшыся ў хаце. Але, аказалася, слухаў і чуў усё і, калі Сцепаніда сказала пра грошы, расплюшчыў вочы і ціха гукнуў таму, што сядзеў ля грубкі:
— Запішыце…
Той расшпіліў партфель і ў сінім невялічкім сшытку напісаў некалькі слоў.
— І гэта… Пад лён даюць самую няўдобіцу, дзе глей, кажуць: вырасце, а які там рост, як засушыць, аберуч не выдзераш, і нізенькі, рэдзенькі, на трэці нумар, не болей…
«Ну, пагнала ўжо! — амаль з болем падумаў Пятрок. — Ужо нагаворыць…»
Госці, аднак, слухалі быццам нават з увагай і не перапынялі. Лысы, ужо расплюшчыўшы вочы, пазіраў на яе быццам бы і без стомы, ва ўпор, хоць і маўчаў. А той, што ў скуранцы, толькі адзін раз перапыніў, спытаўшы, як назва калгаса, і ўжо сам, без напамінку, штосьці пазначыў у сшытку. Мусіць, адчуўшы іхнюю прыязнасць, Сцепаніда выгаварыла шмат што з сваіх крыўд на парадкі ў калгасе, у раёне і нарэшце ўспомніла пра сняданак: «Можа б, зварыць бульбачкі, калі са скваркай?» Лысы ля стала, бы струхнуўшы з сябе нерухомасць, рашуча сказаў «не» і павярнуў галаву да маўклівага, у шынялі, вайскоўца:
— Паглядзіце там…
Той борздзенька выскачыў у дзверы, а трэці, ля грубкі, расчыніў дзверцы, з якіх пыхнула ўмеранай цеплынёй — дровы ўсё ж разгараліся.
— Ну во, бач! Па-сібірску весялей пайшло! — бадзёра зазначыў госць.
Якраз у той час у запеччы зноў закашляла Феня, Сцепаніда падалася за радзюжку, і лысы ля стала трудна ці зморана ўздыхнуў. Калі яна неўзабаве выйшла адтуль, суняўшы дачку, той, што быў у скуранцы, устаў з услончыка і, здалося, адгарадзіў паўхаты сваей шырокай спінай.
— Трэба ж лячыць дзіця. Доктара прывозілі?
— Дык дзе ж па такой завеі. Можа, сама як ачуняе. Дрэнна во, што малака няма, карова запусціўшыся, а болей не есць нічога.
— Гэта кепска. Мёду нада купіць.
— Гэ, каб жа было за што, — стрымана паскардзілася Сцепаніда.
Неўзабаве, дужа тупаючы ў сенцах, увайшоў вайсковец і нешта сказаў. Той, што сядзеў ля стала, адразу падняўся, пачаў зашпільваць на аплік каўнер, паліто, але затым расшпіліў яго і расшпіліў усе гузікі на грудзях. Петраку не было відаць, што ён дастае адкуль, другі, у скуранцы, якраз загарадзіў яго, але неўзабаве ён здагадаўся. Сцепаніда няпэўна прамовіла: «Не-не! Што вы, не трэба, — але тут жа пачала дзякаваць раўнейшым голасам: — Спасібачка вам, калі так…»
— На малако і лякарства, — ціха зазначыў старэйшы.
На яго лысай галаве ўжо сядзела высокая чорная шапка, ён захінуў паліто і скіраваў у дзверы. Пятрок саступіў убок, у самы качарэжнік, і гатовы быў праваліцца ў зямлю ад сораму — навошта яна ўзяла? Як жабрачка якая — ад незнаёмых, ды яшчэ, пэўна, начальства, хоць бы і на лекі дзіцяці, але ж ці гэта прыгожа?
— Дзякуй вам. А як жа аддаць? Каб хоць знаць, каму, — трохі абянтэжана казала Сцепаніда, ідучы следам.
— Аддаваць неабавязкова, — цвёрда сказаў мужчына ў шапцы.
— Але ж доўг!..
— Невялікі доўг.
— Ведаць каб хоць, адкуль вы?
Той, у паліто, ужо выходзіў у сенцы, за ім пнуўся ў дзверы другі, што быў у скуранцы. Вайсковец, які ішоў апошні, прапусціўшы іх, крадком азірнуўся і ціха гукнуў у хату:
— З Менска. Таварыш Чарвякоў.
Сцепаніда на момант знерухомела з заціснутым у кулаку чырвонцам, а Петрака нібы абдало жарам: ну і ўпарола жонка! У каго напрасілася на міласціну! То ж сам кіраўнік рэспублікі. А яна пра лён, пра грошы… Але госці выходзілі з сенцаў, і, хоць было страшэнна няёмка, ён мусіў праводзіць іх. Нягожа было выпраўляць людзей, не давёўшы хоць да варотцаў.
Читать дальше