Яны капалі без пярэдыху да паўдня і пасля паўдня; фурманкі ўсё гойсалі на мост і з моста, балазе відаць было блізка. Каторыя на конях, дык тыя хоць адпачывалі, як везлі туды ці ўлегцы ехалі адтуль, а бясконныя Пятрок з Дубасеем не ведалі ні хвіліны адпачынку і ўжо думалі, што ўпадуць ад знямогі. Ігнат хоць быў здатней для таго апрануты, у суконны каптан, Пятрок жа ў сваім кажушку даўно ўжо змакрэў, як шчанюк, ад поту і думаў: не мінуць запалення. Некалі ён ужо хварэў на запаленне лёгкіх — застудзіўся на лесанарыхтоўках, як вазілі лес з пушчы і ў яго неяк зламаліся сані з бярвеннем, ну, прыйшлося папацець, парваць кішкі. Праз дзён пяць ужо кідаўся ў непрытомнасці між чужых людзей у вёсцы, дзе кватаравалі нарыхтоўшчыкі, думаў, не выжыве. Можа б, і сапраўды не выжыў, калі б не адвезлі ў бальніцу. Але ў бальніцы, як палягчэла, быў нават рады, што захварэў і нікуды не трэба ехаць, ляжы сабе ў цяпле, пры ніштаватых харчах і людскім абыходжанні, не тое што ў лесе, на марозе, аб сухім харчы, з коньмі ды ў слабаватай адзежцы і ў заўжды мокрых чунях. Апошнім часам так было кожнай зімой, давалі рудстойку Данбасу, а ў тую яму дык проста пашэнціла праз хваробу. Праўда, пасля яшчэ доўга вадзіла ў бакі ад слабасці, ды быў маладзейшы, як-колечы акрыяў да вясны. Але тады былі дактары, бальніцы, а цяпер? Захварэеш, хто цябе вылеча? Прыедзе і застрэліць гэты паўвар'ят Каландзёнак, скажа: правініўся перад Германіяй.
Ігнат Дубасей, памалу капаючы, усё нешта бурчэў сам з сабой у яміне побач, Пятрок прыслухаўся: стары крыўдаваў, што прыгналі сюды яго, старога чалавека, а маладзейшыя засталіся дома, іх не чапаюць. Пятрок трохі падзівіўся з тае гаворкі, запытаў, чаму ў іх так.
— Гэ, чаму? Самагоначкай рот залілі гэтаму злыдню. Самагоначка цяпер — сіла.
Што самагонка — сіла, Пятрок ужо ведаў і моўчкі пагадзіўся з суседам. Толькі на ўсё трэба ўмельства, не кожны можа зрабіць і самагонку. Зноў жа — начыння няма.
— Начынне, халера на яго, звялося. Цяпер дзе што возьмеш? Змеявік, напрымер, — знарок з тайным намерам пабедаваў Пятрок і прыціх, чакаючы адказу.
— Хе, начынне! Во ў нас Цімка Рукаты. Бывала, да вайны за грошы чорта табе змайструе. Цяпер не ведаю. Цяпер што яму — грошы!
— Гэта той, што пад вязам хата? Адгэтуль, з краю? Буслянка яшчэ, здаецца…
— Ёсць і буслянка. Хата ладная ў яго. Пад дранкай.
Пятрок яшчэ хацеў удакладніць нешта, але зверху ад дарогі іхнюю размову ўжо ўчуў Каландзёнак і віскнуў танклявым голасам:
— Не разгаварваць! Капаць!
— Капаем, капаем. Каб табе гэту лапату ў горла, — ціха зазначыў Дубасей, а гучней з ліслівасцю загаманіў да паліцая: — Сынок, гэта мне па нуждзе каб… Ну ў лясок, га?
— Капаць!
— Дык па нуждзе ж, сынок…
— У яміне.
— Дык як жа ў яміне? Чалавек жа я. Мне трэба…
Але Каландзёнак, нібы аглухшы, ужо закаціў вочы і, здавалася, нічога не бачыў навакол. Тады стары ўваткнуў у жвір рыдлёўку і, дужа наморшчыўшы свой зашчацінелы твар, палез па абрыву з яміны на той бок, дзе зачынаўся дробненькі малады сасоннік.
— Назад! — віскнуў з дарогі Каландзёнак, але Дубасей ужо вылазіў з-пад абрыву на роўнае, пад сасонкі, і Пятрок, гледзячы на яго знізу, бачыў толькі яго галаву ў чорнай касматай шапцы. Раптам гэтая шапка смешна падскочыла ўгору, і ў тое ж імгненне з другога боку ляснуў гулкі вінтовачны стрэл — шырока расставіўшы даўгія ногі, Каландзёнак перазараджаў вінтоўку.
— Назад!
Стары Дубасей задам поўз па абрыву, сунучы сабой жвір, і Пятрок аж жахнуўся (забіты?). Але не, здаецца, жывы, толькі збялелы як палатно і без шапкі. Споўзшы да нізу, не адразу, неяк аслабела-хістка падняўся на ногі.
— Капаць! Быстра! Шнель! — віскаў з дарогі паліцай, трымаючы аберуч вінтоўку.
Невідушчымі, поўнымі слёз вачыма Дубасей агледзеў яміну, слепа нашарыў збоку сваю рыдлёўку.
— Божа мой, Божа! — ціха шапталі ягоныя вусны. — Што ж гэта? Як жа гэта? Мы ж некалі з ягоным бацькам таварышавалі. Разам у салдатах служылі. Бацька ж чалавек быў…
«Ну і змяя, ну і гадзюка! — думаў Пятрок, знясілена точачы ў жвір рыдлёўку. — Чаму яго малога хвароба не ўзяла?.. Колькі харошых людзей пагінула, а гэты во раскашуе. Як усё несправядліва на божым свеце…»
Каландзёнак не даў ім ні перакурыць, ні перадыхнуць хоць крыху, падводы ішлі і ішлі, і яны капалі і кідалі, капалі і кідалі. Ужо яміна стала глыбокая, у рост чалавека, трэба было добра размахнуцца, каб дакінуць да воза, а рукі ўжо не слухаліся. Дубасей капаў побач, без шапкі, з голай, як калена, нічым не прыкрытай галавой, і ў вачах у старога было поўна слёз, якія ён крадком выціраў заскарузлай рукой. Зводдаль на дарозе слупам стаяў Каландзёнак, відаць, яму было сцюдзёна, рукі ён хаваў у кішэнях, і вецер ляскатаў поламі шыняля па яго ботах, але паліцай ні на крок не адступаўся ад яміны.
Читать дальше