— Клава, — у асець! — гукнуў ён радыстцы. — Быстра!!
Клаву не трэба было ўгаворваць, яна перабралася цераз парог асеці, і ён бразнуў дзвярыма — зачыніў яе там.
Удвух з Грыбаедам яму стала лягчэй і больш проста, не трэба было стрымліваць свае нервы, бачачы пакуты гэтага дзяўча з малым. Пакуль у іх не стралялі, удвух яны маглі тут нешта прыдумаць, напрамую, па-мужчынску згаварыцца, што рабіць, бо жаночая бездапаможнасць абцяжарвала іх рашэнне.
— Ну, прападаць? — запытаў Грыбаед, павярнуўшы да яго змарнелы твар са счырванелымі ад дыму вачыма.
— Хай яны прападуць! А мы яшчэ паваюем.
Мусіць, перагарэўшы ў звязках, у ток бухнула крайняя кроква, абдаўшы іх роем іскраў і дробнага вуголля; Грыбаед тузануў пад сябе босыя, абпечаныя ногі, Ляўчук ботам адпіхнуў галавешку.
— Ну во, зараз згарым, — аднак спакойна сказаў Грыбаед і закашляўся.
«Так, мусіць, згарым», — падумаў Ляўчук. Але перш чым згарэць, трэба было нешта зрабіць, хоць бы паспрабаваць зрабіць, а калі ўжо не выйдзе, дык што ж — тады ўжо гарэць.
— Грыбаед! — крыкнуў ён, таксама закашляўшыся. — Грыбаед, а ну дзверы! Варухні дзверы!
Грыбаед працягнуў руку і скрыпнуў палавінкай дзвярэй, тая крыху прыадчынілася, і адразу з-за паветкі трэснулі два стрэлы. Дзве кулі выбілі па вялікай дзірцы ў тонкіх дошках дзвярэй.
— Ах, халера на іх!..
Аднак іншага выйсця ў іх не было, трэба было прарвацца з гэтага пекла, а прарвацца можна было толькі праз дзверы. Ужо палаў увесь канец тока. Уверсе гуло і трашчала. Салома і паплеціны там прагарэлі, цяпер смылелі астатнія дзве пары крокваў, па якіх вогненнымі вужакамі бегалі, выкручваліся траскучыя языкі полымя. Дол густа засыпала попелам, гарай і агнявым ашмоццем саломы. Грыбаед хутаўся ў паласатую абгарэлую посцілку, Ляўчук спахапіўся, што гараць ззаду штаны, і, пацёршыся па зямлі, ледзьве затушыў іх. Рабілася ўсё больш горача; у доле таксама ўсё скрозь дымела, дым драў горла, і слёзы, не перастаючы, ліліся па тварах, часам зусім не даючы глядзець. Толькі каля прыадчыненых дзвярэй яшчэ можна было крыху ўхапіць паветра.
У асеці таксама, мусіць, было не лепш, хоць земляная прысыпка на столі пакуль што ратавала яе ад агню, але полымя на страсе дабіралася ўжо і да асеці. Праз некалькі хвілін дзверы з яе рэзка адчыніліся і, зайшоўшыся ў кашлі, на парог павалілася Клава.
— Я не магу… Не магу болей! Ляўчук! Я пайду да іх! Каб вам… Ратуйце малога!..
— Маўчы! — прыкрыкнуў на яе Ляўчук. — Я табе пайду! А ну паўзі сюды…
Яна падпаўзла, усё кашляючы, і ён пасунуўся ад дзвярэй, даючы ёй месца побач з сабой ля парога. Адна палавінка дзвярэй была трохі прыадчынена, у яе задзьмуваў вецер і круціў дым, які валіў — не зразумець куды — ці ў ток, ці з тока. Ляўчук пацягнуўся і аўтаматам папіхнуў яе далей — дзверы расчыніліся шырай. Зноў трахнуў стрэл, другі, адна куля ўдарыла ля самай клямкі і расшчапіла дзвярную раму; другая прайшла, мабыць, міма. Тады ён крыкнуў Грыбаеду: «Трымай!», каб дзверы не зачыніліся, а сам крутануўся да Клавы.
— Давай! Чуеш! Давай хутка паўзком за маліннік!
Яна падняла на яго заліты слязьмі твар і, прытуліўшы да сябе малога, глядзела на Леўчука, баючыся ці, можа, не разумеючы, чаго ён хоча. Але часу ў іх заставалася ўсё менш, ужо зырка гарэла палавіна тока, полымя асядала ніжэй і ў тым канцы ўжо жэрла верхнія вянцы зруба, было так горача, што, здавалася, яны вось-вось загарацца самі. I Ляўчук, спалохаўшыся, што спозніцца, папхнуў яе да дзвярэй, яна пакорліва паднялася на кукішкі і бокам вывалілася за прыкрытую палавіну ў маліннік. Ён чакаў стрэлу, але стрэл замарудзіў, мусіць, яе схаваў дым з дзвярэй, і тыя, ад паветкі, яе не адразу заўважылі.
— Грыбаед, бі! Па іх бі! — крыкнуў Ляўчук, а сам, рызыкуючы згарэць ці задыхнуцца ў дыме, кінуўся па драбінах на асець. Яму трэба было прыкрыць яе агнём зверху, не даць застрэліць каля пажару ці злавіць у жыце, куды яна павінна была падацца. Выразна ён сам не ведаў, як памагчы ёй, не ведаў нават, колькі ў яго было патронаў у дыску, але ён узляцеў пад самы агонь на асець, да дзіркі ў шчытку.
Жыта вакол густа засцілаў дым, пасвяжэлы вецер гнаў яго клубамі ў поле; задыхаючыся, Ляўчук слізгануў па ім позіркам і не ўбачыў нікога. Магчыма, яны застрэлілі яе ў малінніку, ці яна ўжо адбеглася далей або схавалася ў жыце. Сапраўды, дзве цёмныя постаці з-пад алешніку таропка стралялі кудысь праз дым, і ён, ухапіўшы ротам паветра, хуценька скіраваў на іх аўтамат. Ён выпусціў па іх з полымя і дыму ўсё, што яшчэ заставалася ў дыску, затым зноў схапіў гарачага паветра, якое апякло яго грудзі, і адчуў, што задыхаецца. У вачах у яго пацямнела, ён спалохаўся, што страціць прытомнасць, і, трохі затрымаўшыся левай рукой, рынуўся праз дзірку ў маліннік.
Читать дальше