— Што ж нам рабіць, Ляўчук? Божа мой, што ж нам рабіць? — з ціхай роспаччу лямантавала Клава.
— Ціха! Ляжы! Глядзі на дзверы. Ты глядзі на дзверы. Калі хто, бі прама ў лабаціну! — загадаў ён і паглядзеў на гэтыя чортавы дзверы — вялікія, з тонкіх негаблёваных дошак, якія адчыняліся ў той бок, а адсюль іх нельга было ні зашчапіць, ні падперці. Варта тым злыдням кінуць гранату, і яны застануцца зусім без дзвярэй, тады ўрывайся і расстрэльвай усіх на месцы.
Нейкі час пастаяла цішыня без стрэлаў, мабыць, там раіліся, што рабіць, і вось аднекуль знадворку, мусіць з-за паветкі, пачуўся прыглушаны сценамі голас:
— Гэй ты, Кудлаты! Ці не пара здавацца? Ляўчук здрыгануўся. Кудлатым яго адзін час клікалі хлопцы ў разведцы, і цяпер гэты голас здаўся яму да таго знаёмы, што ён ажно здзівіўся: хто б гэта мог быць?
— Гэй! Чуеш? Пара здавацца, пакуль не падсмажылі. Ці ты ўжо там загінаешся?
— Гэта ж той, — павярнуўся тварам да яго Грыбаед, — што са станцыі прыбег.
— Кудраўцаў?
— Ну.
Мабыць, Ляўчук надта здзівіўся б, калі б не быў так уражаны гэтай навіной. Ён адчуў, як яго напаўняе неадольнае жаданне зараз жа выскачыць з тока і ўсадзіць у здрадніка ўсё, што яшчэ заставалася ў яго аўтамаце. Хай тады забіваюць і яго самога. Але ён неяк ператрываў свой гнеў і не выскачыў, а на каленях падаўся да Грыбаеда і прыпаў да ягонай шчыліны.
— Вунь за паветкай. За саломай вунь вытыркаецца.
— А ну дай!
Ён узяў у старога расхлябаную яго драгунку, ямчэй пасунуўся ля сцяны. У шчыліну не лез толькі тонкі ствол з мушкай, хоць Ляўчук і так і гэтак соўваў яе праз сцяну. Добра, што шчыліну знадворку прыкрываў маліннік, праз які зблізку ім было сёе-тое відаць, а знадворку праз зараснікі наўрад ці можна было што згледзець. Ляўчук неяк усё ж злаўчыўся і ўзяў на мушку тое месца на рагу паветкі, дзе за саломай ляжаў Кудраўцаў, і стаў чакаць. Калі той крыху заварушыўся і верх чорнай пілоткі вытыркся з-за саломы, Ляўчук зацяў дыханне і стрэліў. Затым хуценька стрэліў яшчэ ў тое ж самае месца і пачакаў.
Але чакаць давялося нядоўга, з-за паветкі, нібы нічога і не здарылася, зноў раздаўся зычны, знаёмы голас:
— Дастраляешся, Кудлаты! Павесім за пашчэнку! На слупе здыхаць будзеш!
— А хо-хо ты не хочаш? — крыкнуў Ляўчук, не ўтрымаўшыся.
— Кінь дурыць, крэцін! Высылай з хлява радыстку і паднімай рукі. Жыць будзеш!
— Я і так жыць буду, падлюга! А вот ты ў вяроўцы здохнеш, прадажнік!
— Тады пяняй на сябе! — данеслася з-за сцяны. — А ну, хлопцы, — агонь!
Гэты раз яны далі такога агню, якога Ляўчук не чуў ужо даўнавата. Гахала за паветкай, з дарогі, з-пад алешніку, лясное рэха вакол множыла стрэлы, і здавалася, цэлы ўзвод лупіць па іх з чатырох бакоў. Кулі са злым ціўканнем і ляскам дзяўблі і секлі спарахнелае дрэва сцен, на галовы ляцелі трэскі, парахня, высахлы мох з пазоў. Саламянае ашмоцце густа ўсыпала дол, і пыл слупамі стаяў у падстрэшшы. Мусіць бы, іх перабілі ўжо ўсіх, калі б не падмурачак. Прыкрыты знадворку маліннікам, ён па-ранейшаму ратаваў іх ад куль. Праўда, цяпер падняць з-за яго галаву, каб зірнуць у шчыліну, было немагчыма, і ўсё ж зірнуць было трэба. Ляўчук ведаў, што гэты агонь не так сабе, што, мабыць, пад яго прыкрыццём гэтыя ваўкі кінуцца да будыніны. I ён, лежачы пад сцяной, чуйна сачыў за стралянінай — пільнаваў момант, калі трэба ўдарыць насустрач.
Ён быў ужо спрактыкаваны ў баях партызан і не так ведаў, як унутрана адчуў, што яны блізка. Тады ён, ускінуўшыся з аўтаматам, стрэліў праз шчыліну ў адзін бок, у другі; побач некалькі разоў грымнуў з вінтоўкі Грыбаед. Падаючы ніцма, ён паспеў згледзець праз сухія сцябльг малінніку, як там нехта таксама гэцнуўся на зямлю, нехта, прыгнуўшыся, шаснуў у бок за паветку. Мусіць, паміраць у гэтым гумне ім таксама не дужа хацелася. З алешніку яшчэ бухалі, але ад дарогі замоўклі. Падобна было на тое, што ён зноў выйграў нейкую сабе перадышку, магчымасць падумаць, што рабіць далей. Але тут яго скалануў новы непакой за той канец тока, дзе была асець, і ён, сам не ведаючы чаму, кінуўся па драбінах угору.
Асець была маленькая, па земляной засыпцы ён сігануў да прадранага саламянага шчытка і ўпаў на жывот. Потым падпоўз да бліжэйшай дзіркі, зірнуў зверху на жыта і зларадна ўсміхнуўся. Адсюль добра было відаць, як двое ў чорных пілотках з расхрыстанымі каўнярамі мундзіраў краліся па жыце да тока. Адчуўшы кароценькую задаволенасць у душы, ён асцярожна ўзвёў затвор. Тыя, сагнуўшыся, каб не вытыркацца з жыта, не бачылі яго на асеці, і ён, старанна прыцэліўшыся ў пярэдняга, ляснуў адзіночным стрэлам. Паліцай недарэчна, бы здзіўлены, выпрастаўся ва ўвесь рост, закінуўшы ў неба галаву, павярнуўся на запятках і рухнуў плячамі ў жыта. Пакуль ён лавіў на мушку другога, той шалёна пусціўся на жыце ў алешнік. Ляўчук таропка стрэліў наўздагон без усякай надзеі трапіць і тут жа пашкадаваў выпушчанага марна патрона.
Читать дальше