Васіль Быкаў
Воўчая зграя
У гаманлівым людскім патоку ён памалу ішоў, куды ішлі ўсе, — па пероне, уздоўж вакзала, праз металічныя веснічкі на прывакзальную плошчу. Але на плошчы натоўп пасажыраў рассыпаўся ў розных кірунках — да аўтобуса, у памяшканне вакзала, на стаянку таксі, у багажню, — і ён замарудзіў хаду. Ён не ведаў, куды трэба далей — пехатой па вуліцы ці да прыпынку аўтобуса. Ён паставіў на гарачы, у масляных плямах асфальт свой няновы, з металічнымі навугольнікамі чамаданчык і агледзеўся. Мусіць, трэба было спытаць. У кішэні яго ляжала добра-такі пацёртая паперка з адрасам, але адрас ён ведаў на памяць і цяпер прыглядаўся, у каго б запытацца.
Людзей было шмат, і ўсе беглі, ішлі, міналі яго з такім спехам, з такім клопатам на маладых і старых, мужчынскіх і жаночых тварах, што ён доўга і нерашуча ўзіраўся ў іх, перш чым выбраў пажылога, мусіць, як сам, такіх жа гадоў, чалавека, які разгарнуў газету адышоўшыся ад кіёска.
— Скажы… Скажыце, калі ласка, як на вуліцу Касманаўтаў папасці? Пехатой ці, можа, аўтобусам?
Чалавек падняў ад газеты не дужа ветлівы твар і па-над акулярамі строга паўзіраўся ў яго. Адказаў не адразу: можа, успамінаў вуліцу, а можа, прыглядаўся да незнаёмага, яўна не тутэйшага чалавека ў шэрым грубаватым пінжаку і шэрай кашулі без гальштука, зашпіленай да каўняра на ўсе гузікі, хоць было цёпла, бадай, нават горача. Пад гэтым нядоўгім, але пільным позіркам ён адразу пашкадаваў, што не завязаў гальштук, які ў яго, можа, гадоў восем без патрэбы вісеў на цвіку ў шафе. Ды і жонка казала, што цяпер у горадзе ўсе ходзяць з гальштукамі, але ён проста не любіў ды і не ўмеў іх завязваць і паехаў так, як хадзіў дома ў святы: у шэрым, яшчэ ніштаватым гарнітуры і першы раз надзетай, хоць і даўно ўжо купленай, шэрай нейлонавай кашулі. На станцыі, аднак, зразумеў, што гарадскія апраналіся інакш — ці ў лёгкія кашулі з кароткімі, да локцяў рукавамі, ці з прычыны выхаднога — у белыя кашулі з гальштукамі. Але невялікая бяда, думаў ён, не хапала яшчэ клопату многа дбаць пра сваё адзенне…
— Касманаўтаў, Касманаўтаў…— сказаў чалавек, прыпамінаючы, і азірнуўся. — Вунь сядайце на аўтобус. Сямёрку. Даедзеце да плошчы, там пяройдзеце на другі бок, дзе гастраном, і перасядзеце на адзінаццаты. Адзінаццатым праедзеце дзве астаноўкі, а там запытаеце. Там прайсці метраў дзвесце.
— Дзякуй вялікае, — сказаў ён, хоць і не дужа запомніў увесь гэты не просты для яго маршрут, але ён не хацеў затрымліваць занятага, відаць, чалавека, толькі запытаўся яшчэ:
— Гэта далёка? Кіламетры два-тры?
— Ну якіх тры? Можа, паўтара якіх.
— Тады што ж ехаць? Я — пехатой, — узрадаваўся ён, што гэтая вуліца была не так і далёка, як яму здалося. спачатку.
Ён нетаропка пайшоў па тратуары, стараючыся сваім чамаданчыкам меней замінаць людзям, якіх на гэтай вуліцы было даволі-такі многа. Зрэдку ішлі па адным, а болей па два-тры, а то і групамі — маладыя і старэйшыя, усе прыкметна спяшаліся, і, як ён неўзабаве заўважыў, усе насустрач яму, некуды ў бок вакзала; з вакзала ж ішло зусім мала. Прыкмеціўшы гэтую асаблівасць, ён прыслухаўся да размоў поруч, але размовы былі адрывістыя і таропкія — бесклапотныя жарты, смех, не дужа яму зразумелыя рэплікі. Ля харчовага магазіна, які трапіўся па дарозе, народу было яшчэ больш — пераважна мужчын; ён зірнуў праз вялізную шыбу і здзгвіўся — там аж гуў цэлы натоўп ля прылаўка. Усё гэта падобна было на нейкую падзею ці свята; карцела запытацца, але ўсё ішлі кампаніі, групкі занятых сабой і пэўна нечым узбуджаных людзей, і запытацца не было ў каго. Некаторыя ненадоўга спыняліся каля вялізнага стэнда з рэкламай, на якім яшчэ здалёку можна было прачытаць: «Футбол!» 27 чэрвеня на стадыёне «Дынама» сустрэча нейкіх каманд, і ён зразумеў, што неўзабаве, мусіць, — пачатак гэтай сустрэчы, таму такая беганіна на вуліцы.
Футболам ён мала цікавіўся, нават па тэлевізары не вельмі глядзеў яго, і не мог зразумець некаторых заядлых аматараў, якія дужа перажывалі за пэўную каманду, нібы там іграў іх сват, брат ці хоць бы добра знаёмы. Для яго ж не было розніцы, хто каго пераможа; сёння адны, заўтра другія — ці варта перажываць?
Але гараджане, мусіць, ставіліся да гэтага інакш, і па вуліцы проста цяжка было прайсці — чым меней заставалася да пачатку матча, тым хутчэй імчаліся людзі, пераважна маладыя мужчыны, сярод якіх, аднак, трапляліся і жанчыны таксама. Паўнюткія аўтобусы ледзьве паўзлі, у незачыненых дзвярах віселі людзі. Затое назад аўтобусы ішлі амаль што пустыя. Ён ажно спыніўся на рагу, паўзіраўся ў гэтую праяву гарадскога побыту і падумаў, што, мабыць, трэба не забыцца расказаць пра ўсё дома, як вернецца ў вёску.
Читать дальше