— А хай на яго! Ужо самагонка лепей!
— Зраўняў! То ж чысты, фабрычны. А то самагонка.
— Дык што, што фабрычны? Кажу, прыемней, мякчэй быдта.
— А ты вып'еш? — Ляўчук падняў вочы на Клаву.
— Ай, нельга ж мне, мусіць, — сумелася дзяўчына.
— А чаму? — сказаў Грыбаед. — I выпі. Бывала, мая, як карміла, дык калі і вып'е. У свята. Рабёнак тады спіць добра.
— Ну я трошачкі толькі.
Яна паднесла пляшку да вуснаў і трошачкі глытнула, бы паспытала, і Ляўчук крэкнуў ад задавальнення — ён ужо чужую асалоду гатовы быў перажываць, як уласную.
— Ну во і добра. Цяпер есці будзем. Бульбачка, хоць не абіраная, а смачная. Праўда?
— Смачная бульба, ага. Я дык, здаецца, ніколі такой не ела.
— Як грыбы! Каб толькі солі больш, а, Грыбаед? — з намёкам сказаў да старога Ляўчук, але той пакруціў галавой:
— Не, не дам. Саўсім трохі асталося. Яшчэ трэба будзе.
— Не знаў я, не знаў. Скупы ты!
— Ну і што, што скупы? Каб жа яе болей было! А так… На раз языком лізнуць.
Клава з'ела некалькі бульбін і аблеглася плячмі на кажушок.
— Ой, як у галаве закружылася, — сказала яна.
— Гэта нічога. Гэта пройдзе, — супакоіў Ляўчук. — У мяне ў самога аркестр іграе. Так весела.
Грыбаед непрыязна паглядзеў на яго. Зморшчыны на твары ездавога прарэзаліся глыбей, нешта характэрнае і крыўдлівае ўзнікла ў выразе яго спакутаваных, звычайна пакорлівых вачэй.
— Чаго весяліцца? Яшчэ сонца вунь дзе.
— Ну і што?
— А то. Да вечара яшчэ вунь колькі. Ляўчук еў бульбу, мусіць, з куды большай ахвотай, чым астатнія. Канечне, ён замарыўся, згаладаўся і цяпер захмялеў трохі, але ўсё роўна невядома чаму адчуваў сябе ўпэўненым і дужым. Ён сам ведаў, што здарыцца можа ўсякае, але ў яго быў аўтамат, адна дужая, непараненая рука, зрэшты, другой ён таксама налаўчыўся праз боль трохі памагаць здаровай. Ён перабываў ужо за вайну, мабыць, у дзесятках самых неверагодных пераплётаў. З усіх пакуль што выбіраўся жывы і цяпер проста не ўяўляў, каб з ім сталася штосьці кепскае. Самым кепскім, вядома, было б загінуць, але пагібель яго не надта палохала, ён ужо меў час звыкнуцца з ёю і, калі не прывыкнуць, дык уведаць ва ўсіх падрабязнасцях, якая яна бывае.
Іншыя паводзілі сябе трохі інакш.
На Грыбаеда ўсё неяк прыкметней пачаў находзіць цяжкі мужчынскі одум, быццам ён успамінаў пра што, і, жуючы бульбіну, раптам пераставаў варушыць сківіцамі і нерухомеў. Клава ўсё паспявала рабіць адначасна: і ела, і ўвесь час з нейкай нервовасцю даглядала свайго малога, і разам з тым нібы ўслухоўвалася ў штосьці, што чула толькі яна адна. Ляўчук ужо не аднойчы заўважыў гэта і, даядаючы бульбіну, сказаў:
— Што? Што ты ўсё вушамі стрыжэш?
— Я? Здаецца, чуваць нешта. Бы галасы… Яны ўсе ўслухаліся, Ляўчук не пачуў нічога і, каб канчаткова ўпэўніцца ў тым, узяў за шыйку аўтамат і выйшаў з тока.
Час, мабыць, набліжаўся пад поўдзень, на гумне здорава паліла сонца, трохі шумела яблыня і жыта пад ветрам, і нідзе не было нікога. Над разамлелым ад спёкі краем ляжала дрымотная ціша. Ляўчук абышоў гуменца і вярнуўся ў ток.
— Здаецца табе, Клаўка. Нідзе нікога.
— Можа, і здаецца, — сказала, спакайнеючы, Клава. — Гэта ў мяне бывае. Я малая была такая трусіха. Баялася адна дома застацца. А ўвечары — нізашто. Жылі ў Маскве на Салянай, дом стары, мышэй было процьма. Бацька часта ў раз'ездах, а маці калі запозніцца, дык я заб'юся ў куток за буфет і плачу. Мышэй баялася.
— Мышэй? — здзівіўся Грыбаед.
— Мышэй, ага.
— Мышэй чаго ж баяцца! Хіба яны ўкусяць?
— Мышы — не ваўкі. Ваўкі — во. Ваўкоў і я баяўся. Напалохалі некалі,— сказаў Ляўчук і выцягнуўся на цвёрдым земляным доле. — Цяпер бы кімарнуць гадзінку. Як думаеш, Грыбаед?
— Як знаеш. Ты — старшы.
Грыбаед без вялікай ахвоты даядаў з казана бульбу, Ляўчук пазяхнуў раз і другі, мяркуючы, як бы зрабіць так, каб Грыбаед папільнаваў, а ён сапраўды трохі заснуў. Спаць хацелася страшэнна, асабліва цяпер, калі ён збольшага спатоліў голад ды яшчэ глынуў спірту. Але ён нічога яшчэ не паспеў сказаць
Грыбаеду, як раптам Клава хліпнула і зайшлася ў сутаргавым, нейкім унутрана-неадольным плачы, і Ляўчук падхапіўся з долу.
— Што такое? Ты чаго? Ну чаго ты? Усё ж добра, Клава!
Яна ўсё хліпала, затуліўшы далонямі твар, Ляўчук не разумеў, што здарылася, і спрабаваў яе супакоіць. А Грыбаед сядзеў на сваім месцы, падцяўшы пад сябе босыя ногі, і журботна пазіраў на абаіх.
— Ну ладна. Чаго ты? — сказаў ён Леўчуку. — Ну і што! Хай паплача. У кожнага нешта ёсць, каб паплакаць. У яе во сваё. Хай!
Читать дальше