Цімошкін ад здзіўлення ажно зварухнуўся — дык вось чаму такі клопат аб сваёй рэпутацыі і столькі ныцця. Ну вядома ж, уночы ля таго вала ён казаў праўду. Гэты чалавек, апроч як пра сваё жыццё, яшчэ дбаў і пра нейкую кар’еру на фронце. На гэтае быў здольны толькі Блішчынскі. Яшчэ немаведама, як вынесці адсюль ногі, а ён ужо бядуе, што не ўдасца трапіць на курсы. Яно і зразумела, бо Грышка ўсюды намагаўся знайсці якую карысць для сябе: адзіны раз, калі яму не пашанцавала, здарылася вось цяпер, і таму ён так упарта выкручваўся.
У той ранак абодва яны былі ў роўных абставінах, шанцы на выратаванне ў іх таксама былі аднолькавыя, і загінуць яны маглі разам. Але Цімошкін усё ж не мог не адчуць у сабе прыемнага зларадства, што ўрэшце і ягонага земляка
напаткала бяда. Хоць раз пазнае, дзе ракі зімуюць, а то прасядзеў паўгода ў штабе, начапляў медалёў ды яшчэ захацеў стаць афіцэрам.
Цімошкін залез глыбей пад застрэшак, захінуў шынялём руку і, дрыжучы ўсім целам, з агідай і непрыязнасцю глядзеў на Блішчынскага. А той, нібы зусім не адчуваючы свае агіднасці, паныла і злосна сядзеў, падкурчыўшы пад сябе калені, і зорка пазіраў у поле.
— Д’ябал яго ведае, як усё бязглузда сталася? Ты разумееш? Усё ішло ладна, і вось на табе. Добра, што я ў нядзелю ўзяў рэкамендацыю ў маёра. Цяпер у нябожчыка не возьмеш, — сказаў ён.
Цімошкін зноў насцярожыўся.
— Якую рэкамендацыю?
Сяржант зірнуў на яго, бы на якога не вартага ўвагі недаростка, і зноў, пазіраючы ўдалячынь, неахвотна сказаў:
— У партыю, вядома.
— У партыю? Ты?
— Ну а што ж? Чаго дзівуешся? Ты што, думаеш, не прымуць? Хе. А ты спытай у штабе, што такое пісар артчасці Блішчынскі. Табе скажуць. I нампаліт, і начштаба, і маёр Андрэеў сказаў бы. Разумееш? Што я, справы сваёй не ведаю? Ці малапісьменны? Камсамолец, былы партызан, актывіст. Улічы, я адзін у штабе з незакончанай вышэйшай адукацыяй. А што ты думаў?
Цімошкін няўцямна пазіраў на сяржанта і думаў, што сёння яго больш ужо нічым не здзівіць гэты чалавек. Хлопец ужо зразумеў, які стаў ягоны зямляк за той час, як яны разлучыліся з ім у запасным палку. Ён ведаў, што Блішчынскага ўжо не пасароміш нічым, ні ў чым ён не раскаецца, ён нават і крыўдаваць не ўмеў за абразу, хоць, здаецца, і не лічыў сябе вінаватым. I ўсё ж Цімошкін сказаў яму:
— Ты шкурадзёр, жулік, п’яўка. Цябе ж усе таварышы ўзненавідзяць! З такімі поглядамі цябе за сто вёрст да партыі не пусцяць.
Сяржант выплюнуў саломіну, павярнуўся да земляка — у яго вачах тлела іранічная ўхмылка разумніка.
— Смела сказана. Надзвычай. Толькі чаму я п’яўка? I чаму не пусцяць? Давай заложымся. Хочаш? Ну? Эх ты, малеча! — уздыхнуў ён ужо з ціхім сумам. — Што табе тлумачыць? Жыцця ты не ведаеш, пацан.
— Калі ты ведаеш, дык чаму ж на сходах не абвясціў тое, што тут кажаш? Тады дык ты, нябось, па газеце шпарыў. Быў вунь які гладзенькі, ціхенькі, усё хваліў і падтрымліваў…
Цімошкін ажно калаціўся — і ад сцюжы і ад злосці да гэтага надзвычайнага цыніка.
— Падтрымліваў! — перадражніў Блішчынскі. — Што я, дурань на ражон лезці? На сходзе я казаў, што ўсе казалі. Што нампаліт даручыў. Я ж салдат усё-такі. Камсамолец і так далей. Ды што табе тлумачыць, хіба ты зразумееш?
— Што разумець? Злыдзень ты!
Здавалася хлопцу, ён болей, чым хто-небудзь, ведаў гэтага хітрага нягодніка, свайго земляка, і ў той жа час да канца яго зразумець было нельга. Напэўна, кожная яго мазгавая выкрутасіна мела сваю адносіну да свету, свой адметны ад людскога намер, увесь ён быў сплецены з разліку, фальшу і хітрасці. Але Цімошкін ніколі не чуў, каб ён так выварочваў перад кім сваё нутро, — цяпер жа, невядома па якой прычыне (можа, таму, што яны трапілі ў пастку, з якой не відаць было выйсця, ці, можа, ад доўгае зацятасці ў сабе сваіх паганых думак), Блішчынскі разгаманіўся і толькі нудзеў ды гугнявіў пра сваё жыццёвае крэда.
— Д’ябла лысага ты разумееш! Ты проста недалёкае хлапчанё, тупак і недавучка, — казаў сяржант. — Што там у цябе — 9 класаў? А я філасофію вывучаў, мудрасць жыцця. Мае бацькі — сам ведаеш — мужыкі. Як жылі? У цемры, нястачы — праца, крупнік, лапці. Што і казаць! Але той час мінуў, і я хачу жыць лепей. Вырвацца ў людзі. Пэр ангуста ад аўгуста — праз цяжкасці да вышынь, разумееш? I я ж не забіваю каго, не краду, не рабую. Я сам па сабе. Што тут дзіўнага? Цяпер я вось кажу табе гэта, бо ты ўсё ж зямляк, хоць і такі калючы. Зноў-такі нас двое, сведак няма, а вунь немцы. Ды і колькі такіх, як я? Толькі яны не скажуць. Яны ў сабе жывуць і для сябе. Думаюць адно, а гавораць другое. Адны дурні адкрытыя і роўныя, як бёрны.
Читать дальше