«Сяргей! Скажы Камарэнку, гэтаму чортаваму эскулапу, што, калі ён не аддасць Люцікаву частку тых нямецкіх лякарстваў, якія прыслаў „Хірург“, я яго расстраляю за невыкананне загаду. Жыла ён, індывідуаліст, сукін сын!»
Лякарствы, якія прыслаў «Хірург»… Не Доктар, а «Хірург». Але словы «доктар» Варава двойчы напісаў без двукосся, а «хірург» узяў у двукоссе. А калі меркаваць па ўсім іншым, камісар атрада быў акуратны і даволі пісьменны чалавек. Дык як гэта зразумець, чаму ён па-рознаму пісаў падпольныя клічкі? Вельмі можа быць, што маецца на ўвазе адзін і той жа чалавек. Але Доктар — гэта для яго, Варавы, для Марусі, для вузкага кола тых, хто ведаў асабіста і трымаў сувязь з падпольшчыкам. «Хірург» — для ўсіх другіх, напрыклад для лекара атрада Камарэнкі. Лякарствы мог прыслаць, безумоўна, толькі лекар ці аптэкар.
Ад доўгага чытання і напружаных думак у Шыковіча забалела галава. Не, даволі дакументаў! Гэта не яго стыхія. Трэба шукаць жывых чапаеўцаў, яны скажуць больш. Ён выпісаў з дакументаў дзесяткі прозвішчаў. Дзе гэтыя людзі? Варава загінуў у верасні сорак другога… Красянкоў, камандзір атрада, быў адкліканы ў Маскву. У папцы ёсць радыёграма Цэнтральнага партызанскага штаба. Дзе ён цяпер? Другіх чапаеўцаў ён, Шыковіч, не ведае. Як не ведае! А Гукан? Праўда, Сямён Парфёнавіч прыйшоў туды значна пазней, у пачатку сорак трэцяга, калі ўжо была сфармавана брыгада. Але камісар мусіць ведаць пра тыя сувязі, якія наладжваліся атрадамі, што склалі брыгаду! Чаму ж Гукан нічога не расказаў яму, калі яны працавалі разам, ні пра Доктара, ні пра «Хірурга», ні пра Марусю? І нічога не напісаў у сваёй кнізе. Малазначныя факты? Можа, толькі яму, Шыковічу, чалавеку з фантазіяй, яны здаюцца цяпер незвычайнымі. А можа, тады, дзесяць год назад, не пра ўсё можна было пісаць? Ва ўсякім разе, як бы там ні было, а трэба пачынаць з Гукана. Пагутарыць шчыра, па-сяброўску. Выказаць свае сумненні і здагадкі. Папрасіць парады. Урэшце, ён разумны чалавек і сам, напэўна, добра разумее, што ў кнізе яго многа недакладнасцей, прабелаў і што любая добрасумленная праца цяпер, пасля XX з'езда партыі, больш аб'ектыўна асвятліць той ці іншы бок усенароднай барацьбы з фашызмам.
Будучы чалавекам нецярплівым, Шыковіч адразу ж з архіва накіраваўся ў гарсавет. У прыёмнай Гукана, як заўсёды, было многа людзей. Гарадскія работнікі. Усе па неадкладных справах. Большасць Шыковіча ведалі, прывіталіся ветліва, але кожны ў душы стаіў незадавальненне яго прыходам: пісьменнік, які дапамог Гукану напісаць кніжку, работнік рэдакцыі, ён меў маральнае права пайсці без чаргі. Яны не пярэчылі супраць гэтага яго права, але нікому не хацелася сядзець у прыёмнай. Шыковіч і меўся з ходу праскочыць у кабінет, але новая сакратарка затрымала яго:
— У Сямёна Парфёнавіча нарада гандлёвых работнікаў.
— Ух, гэтыя гандляры! Толькі бясконца засядаюць. А гандляваць не ўмеюць.
Супраць гандляроў, якія занадта доўга радзіліся, настроены былі ўсе. Нехта прыгадаў фельетон Шыковіча аб адным старшыні райспажыўсаюза. Дырэктар піўзавода пачаў падкідваць фельетаністу факты. Але Кірылу гэта не цікавіла, ён жыў вобразамі падпольшчыкаў, людзьмі, якія паўсталі з дакументаў.
Дзяўчо, што сядзела на варце дзвярэй, было зусім маладзенькае. Новенькая. Шыковіч падумаў пра яе з непрыяззю: «Прымасцілася, каб адпрацаваць свае два гады. На завод не пайшла, чортава лялька».
І сярдзіта спытаў:
— Колькі іх там?
— Каго? Таварышаў з упраўлення гандлю? Трое.
— Дык якая гэта нарада! Ідзі ты, галубка, спытай у мэра, доўга нам чакаць? Скажы, Шыковіч пытае.
Пачуўшы знаёмае прозвішча, дзяўчынка з цікавасцю паглядзела на Кірылу і паслухмяна нырнула ў будку: кабінет, каб не пранікаў гук, адгароджаны ад прыёмнай адмысловым збудаваннем, якое нагадвае кабіну на міжгародняй тэлефоннай станцыі.
Неўзабаве адзін за адным, усе з тоўстымі папкамі, з будкі гэтай вываліліся кіраўнікі гарадскога гандлю. Следам за імі з'явіўся сам Гукан. Стаў у дзвярах, высокі, у ботах, галіфэ, але ў добра скроеным пінжаку, пры гальштуку. Наведвальнікі падняліся: ці не думае старшыня ісці куды?
— Кірыла Васільевіч, у цябе доўгая справа? А то бачыш, колькі народу чакае.
— Ды я хацеў параіцца па адным пытанні.
Гукан быў упэўнены, што Шыковіч прыйшоў з-за сына, хоць не разумеў, чым ён мог памагчы. Вызваліць з-пад арышту — не яго кампетэнцыя. Ага, параіцца хоча. Было б несумленна ў такі час адмовіць яму ў сяброўскай парадзе ці прымусіць чакаць, пакуль ён, Гукан, будзе займацца справамі горада.
Читать дальше