Вось і зразумей яго, гэтага Тарасава!
А бацькі яшчэ нічога не ведалі. Валянціна Андрэеўна засталася на дачы, а Кірыла з самай раніцы забраўся ў партархіў. Пасля Ярашавага расказу жаданне заняцца падполлем, разабрацца ва ўсім аб'ектыўна і напісаць дакументальную кнігу пабольшала. Быў ён часам ленаватым, часам рабіў з халадком, асабліва ў журналістыцы. Але ўжо калі загараўся тэмай, то працаваў як апантаны, па шаснаццаць гадзін у дзень. «Працую, як Бальзак», — жартаўліва хваліўся ён у такія моманты блізкім. Так ён працаваў апошні тыдзень. З раніцы — у архіве, у другой палавіне дня — у рэдакцыі, увечары — дома, прыводзіў у парадак тое, што ўдалося здабыць у архіве. А матэрыялаў там было — непачаты край. Найцікавейшых дакументаў. За шаснаццаць год яны не ўсе нават сістэматызаваны. Штат архіва невялікі, а дакументаў — вагон. Начальнік — стары камуніст Сыраквашка Міна Азаравіч, у мінулым дырэктар музея — больш цікавіўся архівамі грамадзянскай вайны, калі ён сам быў малады і партызаніў на Палессі. Пісаў нейкія ўспаміны. Айчынная вайна ад яго была далей. Па рашэнню абкома ён разам з экспанатамі музея эвакуіраваўся ў самым пачатку яе. Лёс занёс яго ажно ў Новасібірск, дзе яму даручылі ахову эвакуіраваных з Ленінграда партыйных дакументаў.
З'яўленне ў архіве пісьменніка разварушыла маленькага сівага дзядулю. Міна Азаравіч быццам скінуў са сваіх сямідзесяці год пару дзесяткаў. Шмат што з таго, што расказваў пра падполле іх горада Шыковіч, яму, безумоўна, было вядома. Але той добры дзесятак вялікіх пытальнікаў, якія паставіў новы даследчык, запалілі старога архіварыуса. Сапраўды, гэта цікава — адказаць хоць на частку такіх пытанняў. Чаго варта, напрыклад, канчаткова вырашыць, хто ж такі Савіч, якога, між іншым, Сыраквашка добра ведаў — доктар некалі перадаў музею карціну Айвазоўскага.
І начальнік архіва шчыра памагаў Шыковічу ў пошуках.
За першы тыдзень Кірыла перачытаў гару папер, але высветліў нямнога з таго, чаго не ведаў раней. Расшыфраваў толькі адно — склад першага падпольнага гаркома. Спіса нідзе не было, але пры дэталёвым аналізе дакументаў таго часу і ўспамінаў удзельнікаў, напісаных неўзабаве пасля вайны, гэта ўдалося ўстанавіць. Гукан у сваёй кнізе яўна наблытаў: назваў імёны людзей, якіх у той час нават не было ў горадзе. Тут яму даказаць няцяжка. Хоць увогуле чалавек ён упарты. Але нічога, разбярэцца гарком ці абком.
Напярэдадні, разбіраючы матэрыялы партызанскай брыгады «Смерць фашызму», з якой падпольшчыкі трымалі найбольш цесную сувязь, Шыковіч натрапіў на цікавы дакумент. Дзіўны дакумент. Лісток з вучнёўскага сшытка ў касую лінейку. На ім размашыстым почыркам напісана:
«Учора пахавалі таварышаў, якія загінулі ў баі за станцыю.
Няўдача за няўдачай. Настрой у атрадзе цяжкі. Звесткі з Вялікай зямлі таксама не суцяшальныя. Чым падняць настрой людзей?
Сёння з'явіўся таварыш з групы НКВД. Правал у горадзе. Накрылі рацыю, двух арыштавалі. Л. выратаваўся выпадкова. Баюся за Доктара, яны трымалі з ім сувязь.
Папрасі Марусю, каб схадзіла ў горад».
І ўсё. Ні даты, ні подпісу. Што гэта? Пісьмо некаму ці ўрывак з дзённіка? Калі слова «папрасі» напісана правільна, — пісьмо. Але ўвогуле больш падобна на дзённікавы запіс. Магчыма, чалавек у спешцы не дапісаў «ць» — «папрасіць». Але гэта не галоўнае. Не гэта надзвычай зацікавіла і ўсхвалявала Шыковіча. Пісьмаў падобных і дзённікаў партызанскіх ён перачытаў мноства. Адзін сказ прымусіў яго выдзеліць гэты дакумент з усіх іншых: «Баюся за Доктара, яны трымалі з ім сувязь». Доктар — з вялікай літары. Хто ён, гэты Доктар? Сапраўдны доктар ці гэта падпольная клічка? Каб устанавіць ісціну, трэба ведаць, хто і калі пісаў пісьмо ці дзённік.
Шыковіч працаваў у сховішчы, якое змяшчалася ў склепах былога аддзялення банка. Прасторныя сухія склепы. У першы пасляваенны год камсамольцы разабралі банкаўскія руіны і са старой цэглы на месцы трохпавярховага будынка змуравалі невялікі аднапавярховы асабняк. Рэканструкцыя горада не кранула яго, бо стаяў ён у глыбіні двара, пасярод квартала. Наперадзе вырас чатырохпавярховы дом. А гэты белы домік стаяў у абкружэнні таполяў. Пасаджаныя ў сорак пятым годзе, яны разрасліся ў густы цяністы сквер і ўсё навокал засыпалі пухам квецені.
Шыковіч пайшоў да Сыраквашкі. Праз акно ўбачыў: стары ў белай кашулі сядзеў за сталом і, паглыблены ў працэс творчасці, пісаў, па-дзіцячы высалапіўшы кончык языка. Зрэдку нешта шаптаў. Кірыла любіў назіраць людзей, калі яны заставаліся самі з сабой. Чалавек у такім стане часта ператвараецца ў дзіця, нават тады, калі заняты сур'ёзнай працай. Шкада было турбаваць гэтага добрага дзядулю. Тым больш што Шыковіч за тыдзень ужо вывучыў: раней чым дазволіць зайсці, Сыраквашка схавае ў шуфляду свой рукапіс, быццам ёсць нешта злачыннае ў тым, што ён піша. Сустрэне нахмураны, незадаволены.
Читать дальше