Выпіўшы з Тарасам дзве трэці ад заказаных трохсот грамаў, Славік хадзіў і шукаў, за чый кошт пажывіцца яшчэ. І знайшоў у парку. Адзін графаман страшэнна хацеў надрукавацца ў газеце. Ведаючы, што лёс яго вершаў залежыць ад кансультацыі Шыковіча, ён настойліва шукаў сцежку да яго «чэрствага сэрца». Падвярнуўся сын Шыковіча. Што ж, можна паспрабаваць зрабіць і такі ход, тым больш што хлапчына працуе на тэлестудыі: там таксама можа спатрэбіцца пратэкцыя.
Працу сваю малады Шыковіч любіў. Але пасля таго як высмеяў сваё асістэнцтва перад Тарасам, пасада сапраўды здалася яму мізэрнай і смешнай. Падвыпіўшы, ён вырашыў на работу не ісці. Адбудзецца перадача і без яго.
Пасля шчодрага пачастунку графамана ў Славіка пачало дваіцца ў вачах. Насупраць сядзелі два «вялікія паэты». Падавалі дзве «каралевы» з каронамі на галаве. А міма адкрытай пляцоўкі летняга рэстарана хадзіла то двое, то цэлы атрад дружыннікаў. Славік баяўся дружыннікаў больш, чым міліцыі.
Прыйшло ў галаву, што яны пільнуюць яго. Таму ў хвіліну прасвятлення ён уцёк ад «вялікага паэта», які ўвесь вечар чытаў вершы. Нырнуў у кусты, выйшаў цераз глухія вароты з парку і з найлепшым намерам — пільнаваць кватэру, каб не залезлі зладзеі, — ішоў дадому. Але, на няшчасце, кватэра яго была побач з гатэлем.
У гэты абласны горад не так часта заязджаюць замежныя турысты. Але ў той летні вечар спыніліся праездам з поўдня ў Ленінград ангельскія студэнты. На дзвюх вялікіх старамодных машынах. Машыны сабралі цэлы натоўп зявак. Славік, безумоўна, адразу далучыўся да іх. П'янаму, калі ён даведаўся, што гэта ангельскія студэнты, страшэнна захацелася абмеркаваць з імі некаторыя міжнародныя праблемы. Пайшоў шукаць гасцей. Яны вячэралі ў рэстаране. Славіка не пусцілі туды. Гэта яшчэ больш распаліла, раззлавала яго, умацавала рашучасць дабрацца да турыстаў любым чынам. Ён пралез у рэстаран праз кухню, ведаў усе хады і выхады — жыў побач, часам, па даручэнню маці, купляў абеды на дом.
Ён шумна прывітаў ангельцаў. Тыя ўзрадаваліся выпадку пазнаёміцца з савецкім юнаком і запрасілі яго к сталу. Але ангельскую мову Славік вучыў — абы выцягнуць на тройку. Ды і тое, што вывучыў, за год забыўся. Вымаўленне ў яго было жахлівае. Запас слоў бедны. Ды яшчэ да таго ж ап'яненне. Хацеў сказаць адно, а выходзіла зусім другое, супрацьлеглае. Пры ўсёй сваёй стрыманасці і паважнасці ангельцы не вытрымалі. Моладзь ёсць моладзь. Спачатку — ветлівы смех, потым — выбухі рогату. Гэты рогат абразіў Славіка. Ён хоча пагутарыць зусім сур'ёзна, даведацца, напрыклад, што яны думаюць пра вайну і мір, а яны — вось як, рагочуць… Чакайце ж! І Славік перайшоў на родную мову:
— Чаму ржаце, як шатландскія жарабцы? Чэрці рыжыя! Шпіёніць прыехалі? Куды атамную бомбу скінуць? Дык мы на вас дзесяць скінем! І ад вашага задрыпанага вострава не застанецца мокрага месца!
Па-ангельску ангельцы не разумелі, па-расейску зразумелі. Усхапіліся ўсе адразу. Не столькі ад абурэння, колькі ад нечаканасці, ад боязі скандалу. Абурыліся наведвальнікі. Усхадзілася ўся прыслуга рэстарана. Ветліва, пад ручкі, вывелі Славіка з гатэля і перадалі дружыннікам. Тыя не былі такімі ветлівымі і, калі Славік пачаў куралесіць, далі кухталёў.
Прачнуўся хлопец у працвярэзніку. Балела галава і ўсё цела. Прыгадаў, што натварыў, і адразу ўявіў маці, як яна будзе перажываць. І хацелася яму… не, не памерці, а збегчы на край свету. Але яго нікуды не пусцілі. Павялі ў народны суд. Вось тут Славіку хацелася памерці. Суддзя — іх знаёмая, Зоя Цімафееўна. Жылі ў адным доме. У госці прыходзіла, у лес разам ездзілі. Славік глядзеў на яе з надзеяй, з маленнем: злітуйся, усё жыццё буду дзякаваць.
Але поўная, з шырокім добрым тварам жанчына толькі на нейкі момант глыбока задумалася. А потым без лішніх роспытаў і натацый прачытала прыгавор: дзесяць сутак.
Гукану далажыў пра выпадак з Шыковічам-малодшым начальнік міліцыі. Старшыня выканкома выслухаў спакойна, як быццам нават без цікавасці. Цяжка ўздыхнуў пад канец: што толькі ні валіцца на яго палыселую галаву, усім трэба займацца. Спытаў філасофскі разважліва:
— Скажы мне, Сізоненка, хто вінаваты, што растуць вось такія?..
Падпалкоўнік чвэрць стагоддзя праслужыў у міліцыі і навучыўся з незвычайнай праніклівасцю адгадваць, які адказ патрэбны начальству ў той ці іншы момант. Толькі з Гуканам у яго гэта не выходзіла. Гукана немагчыма было раскусіць. Пры суровасці на твары ён нечакана выяўляўся добрым і ласкавым, калі пачынаў нешта вырашаць. І наадварот, пры знешняй весялосці і ветлівасці аказваўся дужа круты.
Читать дальше