— Бог табе не паможа, а вось таварыш Кураглядаў выратаваць можа, калі будзеш разумная, — прамовіў Лявонаў. — Дык будзеш прасіць выбачэння ці мне званіць у міліцыю?
— Выбачайце… — выціснула з сябе, уніжаючыся як жанчына, як чалавек, закрыла далоньмі твар, нібы хаваючы гнятлівы сорам.
— Ладна, — задаволіўся Кураглядаў. — Але глядзі! Будзь законапаслушнай, свядомай і не смей гаварыць абы-што, кідацца са зброяй на ўладу! Ідзі!
Тая, зноў загаласіўшы, выйшла з кабінета, з плачам падалася па вёсцы. Емельяновіч моўчкі пакланіўся і ці-ха, задам вымкнуўся на калідор.
— Перамога! — падхапіўся, пацёр рукі задаволены, нават шчаслівы Кураглядаў. — Вялікая наша з табой перамога! Вось так трэба з імі, аднаасобнікамі, паводзіцца! Не міндальнічаць! Вось паглядзіш: у маім сельсавеце ўсе здадуць бульбу! I здаровыя, і калекі, і ўдовы ды сіроты!
— Дык што? — па-змоўніцку ўсміхнуўся Лявонаў. — Частуеш? Са свайго фонду?
— Можна. Хадзем, скажу, каб Франя падавала на стол.
З «Хронікі» Апанаса Кураглядава
«Помніцца адзін з пасляваенных Першамаяў у Янкавінах, калі я там быў, так сказаць, мясцовым Калініным. Як і цяпер, перад вачыма: тая святочная раніца, тое не зусім спрыяльнае надвор'е — высь уся ў нізкіх цяжкіх хмарах, з іх крапае дробны халодны дождж, і пад ім нясмела ды няўтульна адчувала сябе яшчэ кволая, маладая зелянота. Вельмі ж была празрыстая і далікатная, нейкая безабаронная.
Помню да дробязі: калі выйшаў з дому на двор, дык мяне аж узяла злосць, нават хацелася памахаць кулаком на неба — парушыць жа, сапсуе яно. свята. У плашч-палатцы, у ботах, я, як янкавінскі правадыр, прайшоўся па вёсцы, хочучы зірнуць, ці вісяць учора вывешаныя чырвоныя і чырвона-зялёныя сцягі — летась хтосьці з нягоднікаў пазламыснічаў: сарваў, заткнуў недзе чырвоныя палотнішчы, зганьбіў транспаранты з ідэйнымі лозунгамі і выкалаў вочы правадырам на партрэтах. Сёле-та не зачапілі нічога, як вісела ўсё, так і вісіць. I на сель-савецкім будынку, і на школьным зрубе. Значыць, заходнікі пачалі ўжо прывыкаць да нашых, савецкіх, атрыбутаў, зразумелі душой і целам, што яны тут ужо навечна, а па-другое, аднаасобнікі і хутаранцы адчулі: закапызішся, заб'еш капытамі — жарты будуць малыя, пойдзеш туды, куды пайшлі ўжо некаторыя занадта разумныя і смелыя…
«Можна дакладваць у раёв: пакрыху, але перавыхоўваюцца… — усцешыўся я тады. — Канечне, пад кіраў-ніцтвам сельсавета — гэта значыць, пад маім…»
На школьнай сцяне, што ад вуліцы, я прышпіліў кнопкамі партрэты членаў Палітбюро, з хвіліну пастаяў, палюбаваўся, якія салідныя ўсе нашы рабоча-сялянскія правадыры, а затым, трымаючы пад пахай яшчэ адзін скрутак партрэтаў, закрочыў назад — да цытадэлі мяс-цовай улады, да сельсавета.
На вуліцы — нідзе амаль нікога. Толькі сям-там хтосьці яе пяройдзе, ідучы да суседа, ці хтосьці бярэ ў калодзежы ваду, нясе яе ў вёдрах. Пахне дымам, што ідзе амаль з кожнага коміна хат і зямлянак, чутны дзі-цячы плач, далекаватае мычэнне — звыклы вясковы антураж. Зарыпелі калёсы, дуга і гужы ў двары таго Емельяновіча, што ратаваў удаву Навіцкую ад арышту, — гаспадар вёз гной на сваё поле. — Гаспадар, — сказаў яму, — сёння ж свята, а ты…
— Калі будзем многа святкаваць, дык застанемся без хлеба і картофлі, — адказаў ён мне.
Несвядомы, як і многія тут, лічыць: ага, раз сёння не нядзеля, будні дзень, то і не свята. Можна працаваць. Не тое, што было некалі ў нашым Ветраве: зранку гуў-звінеў на ўсё наваколле рэпрадуктар, клікаў на ўрачыс-тасць. Амаль усе апраналіся ў лепшае, высыпалі на вуліцу, ішлі да ларкоў, пілі-елі, танцавалі і спявалі пра наша шчаслівае жыццё. А тут… Для заходнікаў Першамай, Вялікі Кастрычнік — не святы, штосьці ўмоўнае, а то і чужое, ім даражэй за ўсё Каляды, Вялікдзень, усякія фэсты. Адным словам, іх моцна трымае касцёл, вера. У касцёл, як заўважыў, ходзяць кожную нядзелю цэлымі вёскамі. Летам мужчыны і жанчыны, дзеці ідуць туды босыя, а туфлі і боты нясуць за плячыма альбо ў руках, летам і ўвосень, калі пачынае спець гародніна і садавіна, калі ёсць масла ці мёд, каля касцёла — вялікі кірмаш. Сюды прыязджаюць нават калекі з Вянкоў, Стоўбцаў і Баранавічаў, прадаюць рознае начынне для веласіпедаў альбо калёс ды плугоў. Што да моладзі, дык яна імкнецца на такое агромністае людское зборышча яшчэ і для та-го, каб нагледзець тут сабе з іншых вёсак спрытную дзяўчыну альбо спраўнага хлопца.
Карацей, я нямала тады думаў, як весці антырэлігійную работу, разбурыць мясцовы стары лад, адвабіць ад касцёла і прыблізіць да сельсавета і клуба. Да слова, з Мішкам крыжы ўночы выварочвалі і звозілі, каплічкі бурылі, на кожным сходзе бэсціў за такую вялікую рэлігійную адурманенасць. Зразумейце, убіваў у галовы, рэлігія — гэта опіум для народа, трэба верыць не ў біб-лейскія, ксяндзоўскія казкі, не ў Езуса, а ў навуковы марксізм-ленінізм, у Леніна-Сталіна, у сацыялізм-камунізм, які яны зробяць раем не на тым свеце, а тут. Не скажу, што я шмат чаго тут дабіўся, але таго-сяго адвярнуў ад рэлігіі, а ўсіх змусіў хадзіць у касцёл радзей і не зусім адкрыта.
Читать дальше